vicebskreg.by

Інфармацыйны партал

Сацыяльныя сеткі:

Навіны Віцебскага рэгіёну Палітыка

21.04.2017 10:12

315 праглядаў

0 каментароў

Праграма для Беларусі: Што прапануе каманда Пазьняка

Сойм, талер, 16 ваяводзтваў, рэстытуцыя і люстрацыя.

Група палітыкаў і экспэртаў на чале зь Зянонам Пазьняком распрацавала праграму «Вольная Беларусь». На 76 старонках выкладзеныя прапановы да рэфармаваньня краіны пасьля зьмены ўлады ў Беларусі.

Самыя стваральнікі дакумэнту называюць яго «праграмай пераходнага пэрыяду» і сьцьвярджаюць, што праграмай змогуць скарыстацца беларускія сілы, якія пяроймуць уладу пасьля Лукашэнкі.

Праграма закранае ўсе аспэкты дзяржаўнага жыцьця: палітыку, эканоміку, адукацыю, войска, сыстэму аховы здароў’я, культуру. Над ёю працавалі партыйныя паплечнікі Пазьняка, а таксама экспэрты: доктар паліталёгіі Павал Усаў, эканаміст Павал Мірановіч, доктар сельскагаспадарчых навук Юры Цехановіч, фінансіст Анатоль Горскі ды іншыя.

Што прапануе каманда Пазьняка? Свабода зьвярнула ўвагу на прапановы радыкальных зьменаў сыстэмы дзяржаўнага будаўніцтва.

Палітычная сыстэма

Аднапалатны парлямэнт (Сойм) павінен складаецца з 360 народных дэпутатаў, выбіраецца на 5 гадоў.

Прэм’ер-міністра прызначае парлямэнт.

Адзіны заканадаўчы дакумэнт, які можа выдаць прэзыдэнт, — пастанова аб роспуску парлямэнту.

Мясцовая ўлада

Мясцовая ўлада выбіраецца на ўсіх узроўнях. Сума падаткаў і збораў, неабходная для паўнавартаснага функцыянаваньня рэгіёну, застаецца ў рэгіёне дзеля самазабесьпячэньня і разьвіцьця.

Новы адміністрацыйны падзел

Прапануецца стварыць 16 ваяводзтваў плюс асобную адміністрацыйную адзінку Сталічнае места Менск, каля 60 паветаў, каля 270 старостваў. Цэнтар Менскага ваяводзтва — Койданаў (цяперашні Дзяржынск).

Суды

Старшыня і судзьдзі Канстытуцыйнага суду выбіраюцца і зацьвярджаюцца парлямэнтам тэрмінам на 17 гадоў. Ні парлямэнт, ні ўрад, ні прэзыдэнт ня маюць права распусьціць Канстытуцыйны суд.

Барацьба з карупцыяй

Ствараецца Антыкарупцыйны камітэт, падпарадкаваны Радзе Міністраў.

Паліцыя

Міліцыя ператворыцца ў паліцыю. Паліцыянт ня можа выступаць сьведкам у судзе па справе, якую ініцыявала паліцыя.

Новае КДБ

Замест КДБ ствараецца Служба нацыянальнай бясьпекі (СНБ), на правах дзяржаўнага камітэту, падпарадкаваная парлямэнту.

Выбары

Выбары залічваюцца, калі прагаласавала 25 адсоткаў выбарнікаў.

Войска

Прапануецца стварыць прафэсійныя аддзелы войска разам з агульнанацыянальным прызывам.

Жаўнер, у якога ёсьць сям’я, будзе мець дадатковыя адпачынкі, а тыя, хто мае сям’ю і служыць у месцы жыхарства, — выходныя на суботу і нядзелю.

Жанчыны могуць служыць у беларускім войску на добраахвотных умовах у вызначаных вайсковых функцыях і спэцыяльнасьцях.

Банкаўская сыстэма

Дзеля захаваньня эканамічнай бясьпекі дзяржавы будзе забароненая наяўнасьць у банкаўскім капітале Беларусі больш за 20% банкаўскага капіталу для кожнай адной замежнай краіны.

Грошы

Пасьля стабілізацыі эканомікі — увесьці нацыянальную грашовую адзінку — талер (1/100 частка — грош).

Рэфармаваньне эканомікі

Правесьці з краінамі-крэдыторамі рэструктарызацыю замежных пазыкаў.

Мяжа

Забясьпечыць паўнавартаснае функцыянаваньне дзяржаўнай і мытнай мяжы з Расеяй. Дамовіцца з Украінай аб адкрытай мяжы, з Польшчай, Літвой і Латвіяй аб спрошчаных умовах памежнага гандлю.

Падаткі

Зьнізіць агульную падатковую нагрузку да 20-25%.

Падаткамі не абцяжарваюцца даходы, якія інвэстуюцца ў разьвіцьцё і ў будаўніцтва жыльля.

На тры гады вызваляюцца ад падаткаў новаствораныя суб’екты гаспадараньня малога бізнэсу, унутраны турыстычны бізнэс і сельскі турызм.

Кадры

Кіраўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў павінны прызначацца на конкурснай аснове.

Сельская гаспадарка

Прыватызацыя сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.

Праца

Скасаваньне існай кантрактнай сыстэмы працоўных дачыненьняў.

Камунікацыя

Пашырэньне сеткі хуткай інтэрнэт-сувязі на ўсю тэрыторыю краіны.

Зямля

Прыняцьце заканадаўства аб прыватызацыі зямлі.

Прэтэндэнтам на прыватызацыю надзелу зямлі ёсьць сям’я. Плошча зямельнага надзелу ва ўласнасьць кожнай сям’і будзе складаць прыкладна ад 2 да 4 га.

Рэстытуцыя зямлі

Права на вяртаньне зямлі будуць мець толькі грамадзяне Беларусі.

Грамадзянін замежнай краіны, які прад’яўляе неабходныя дакумэнты на рэстытуцыю зямлі ў Беларусі, можа яе атрымаць ва ўласнасьць пастановай Сойму пры ўмове атрыманьня ім грамадзянства Беларусі, вяртаньня на пастаяннае жыхарства і абавязку асабістай сельскагаспадарчай працы на вернутай зямлі бяз права яе продажу згодна з вызначаным законам тэрмінам (20 гадоў).

Энэргетыка

Балта-Чарнаморскі нафтавы калектар.

Забарона на будаўніцтва атамных электрастанцыяў.

Адмена квотаў і абмежаваньняў на разьвіцьцё ўзнаўляльнай энэргетыкі.

Адукацыя

Ствараецца Нацыянальны гуманітарны ўнівэрсытэт.

Нарматыў бюджэтнага фінансаваньня адукацыйных праектаў і паслуг у першыя гады рэформаў ня можа быць ніжэйшы за 8% ад гадавога ВУП краіны.

Колькасьць вучняў у клясе не павінна перавышаць 18 асобаў.

Навука

Будзе вернуты вольны статус і самастойнасьць Нацыянальнай акадэміі навук.

Прыярытэт акадэмічных дасьледаваньняў будзе скіраваны на разьвіцьцё фундамэнтальнай навукі і новых тэхналёгіяў.

Культура

Прпапануецца стварыць Інстытут літаратурнага перакладу на беларускую мову з замежных моваў сусьветнай літаратуры.

Ствараецца Дзяржаўны навукова-дасьледчы і праектны інстытут аховы і рэстаўрацыі помнікаў гісторыі і культуры.

Асоба

Прымаецца закон аб адказнасьці за прапаганду сацыяльнай, нацыянальнай, расавай і полавай нянавісьці.

Пэнсійная сыстэма

Паступовы пераход да зьмешанай формы фінансавага папаўненьня пэнсійнага фонду, салідарнай і назапашвальнай часткі.

Рэлігія

Ніводная царква ня можа разьлічваць на дзяржаўную падтрымку ў рэалізацыі сваёй дзейнасьці. Навучаньне рэлігіі ў школе забараняецца.

Экалёгія

Ствараецца адмысловая экалягічная паліцыя.

Мова

Дзяржаўная мова — беларуская. Расейская мова ў пэрыяд станаўленьня вольнай Беларусі ёсьць мовай міжнацыянальных зносін. Кожнаму дзяржаўнаму службоўцу ў гэты час абавязкова трэба будзе ведаць беларускую і расейскую і пажадана (добраахвотна) — ангельскую.

Міжнародная палітыка

Партнэрства з NATO.

Выхад з Мытнага зьвязу.

Эканамічная супраца з Эўразьвязам на дакладна сфармуляваных асновах, цьвёрдых прынцыпах і пазыцыях.

Люстрацыя

Ствараецца Інстытут нацыянальнай памяці, які падрыхтоўвае і праводзіць дасьледаваньні і дазнаньні, вызначае ўстановы, арганізацыі і асобаў, якія мусяць праходзіць люстрацыю.

Пры добраахвотным публічным прызнаньні ў супрацоўніцтве з таемнымі структурамі антынацыянальнага рэжыму санкцыі супраць асобы не ўжываюцца.

24 красавіка каманда стваральнікаў праграмы "Вольная Беларусь" прадставіць яе ў Варшаве.

http://www.svaboda.org/a/28443074.html

1 адзнака 5.0

Апошнія навіны

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментарый:
  • спіс каментароў пусты