vicebskreg.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Витебского региона Культура

01.01.2017 11:05

183 просмотра

0 комментариев

Традыцыйны навагодні зварот Уладзімера Арлова

Навагодняе віншаваньне Ўладзімера Арлова

Дарагія сябры!

Напэўна, нікога не трэба пераконваць, што разам з целам і душой найвялікшай каштоўнасцю для чалавека ёсць час. Прычым перад навагоднімі святамі я заўсёды здзіўляюся, што хвіліны могуць цягнуцца бясконца доўга, а гады пралятаюць неверагодна імкліва.

Як і кожны год, 2016-ты быў годам набыткаў і стратаў.

Сярод нашых цяжкіх стратаў сыход у вечнасць народнага паэта Ніла Гілевіча, які сваім талентам жывіў мову і літаратуру, а сваёй грамадзянскай пазіцыяй бараніў незалежнасць. Заўчасна спынілася вялікае беларускае сэрца даследчыка сталінскіх злачынстваў Леаніда Маракова, што аднавіў праўду пра дзясяткі тысяч лёсаў, перакручаных у крывавых жорнах бальшавіцкага тэрору. Асабіста я ўдзячны Леаніду за дапамогу ў пошуках справы майго дзеда Максіма, расстралянага ў 1933-м.

Але найперш прамінулы год застанецца ў памяці падзеямі жыццясцвярджальнымі.

Мы святкавалі 25-годдзе незалежнасці, узгадвалі тыя радасныя дні, калі на палітычнай карце свету з’явілася Рэспубліка Беларусь. Вырасла цэлае пакаленне беларусаў, для якіх жыць у незалежнай дзяржаве ўжо гэтаксама натуральна, як дыхаць. Такое шчасце яны не аддадуць нікому.

Думаю, што ў новай геапалітычнай сітуацыі, калі і далёка, і зусім блізка ад нас ідзе вайна, мы пачалі глыбей асэнсоўваць перавагі жыцця ў нейтральнай безядзернай краіне і значна больш цаніць свой суверэнітэт. Гэта адчуваецца і ў грамадстве, і на самых высокіх паверхах улады.

Адной з галоўных падзей 2016-га я лічу захады, зробленыя ўладай у дачыненні тых, хто зневажае нашу нацыянальную годнасць і выступае супраць беларускай дзяржаўнасці.

У прамінулым годзе дзякуючы часопісу «Імёны» мы паспяхова збіралі грошы для дзяцей-сірот і інвалідаў, а праз кампанію з красамоўнай назваю «Талака» ахвяравалі сродкі на культурніцкія праекты. Гэта надзвычай важныя праявы беларускай салідарнасці.

Рэжысёр Мікалай Пінігін у 2016-м паставіў на купалаўскай сцэне спектакль «Дзве душы» паводле забароненай на доўгія дзесяцігоддзі аповесці Максіма Гарэцкага.

У прамінулым годзе ў нас з’явіліся новыя беларускія грошы без вусцішнага ланцужка нулёў. Хтосьці кажа, што купюры занадта падобныя да еўра, але мне гэта якраз даспадобы.

Новы год будзе багаты на круглыя і важкія гістарычныя даты. Змяніць сённяшні дзень праз мінулае немагчыма, але, звяртаючыся да гісторыі, мы можам больш дакладна вызначыць каардынаты свайго быцця і зрабіць больш правільны выбар.

У 2017-м — стогадовы юбілей нашага бел-чырвона-белага сцяга. Мы будзем адзначаць і 100-годдзе Першага Усебеларускага з’езда, дзе прагучаў заклік «Няхай жыве Беларуская Народная Рэспубліка!».

Але, бясспрэчна, галоўнай гістарычнай падзеяй будзе 500-годдзе беларускага кнігадрукавання.

Адначасова гэта і 500-годдзе беларускай Бібліі, чацвёртай у свеце Бібліі, надрукаванай на жывой мове народа. Подзвіг Францішка Скарыны яшчэ раз нагадвае нам, што мы — еўрапейцы. Ці хопіць нашай уладзе мудрасці годна адзначыць векапомную дату? Ці атрымае мінскі міжнародны аэрапорт імя Скарыны?

Ці з’явіцца ўказ, які абвесціць 6 жніўня, калі пабачыла свет першая беларуская кніга, Днём друку?

Зусім хутка стрэлкі гадзіннікаў пачнуць адлік першых хвілінаў новага года. Няхай ён будзе напоўнены новымі добрымі справамі, каханнем і сяброўствам! Няхай стане яшчэ адным крокам да той Беларусі, пра якую мы марым!

І зноў, як заўсёды ў такія дні, я згадваю сваю незабыўную бабулю — добрую вядзьмарку і шчырую верніцу. Бабуля любіла казаць: «Мы жывём у хаце, над намі жыве гарышча, над гарышчам — неба…».

Высокага вам неба, дарагія суайчыннікі!

З Новым годам!

Відэа Мікіты Недаверкава і Ірыны Арахоўскай

http://nn.by/?c=ar&i=183019

Последние новости

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий:
  • список комментариев пуст