vicebskreg.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Витебского региона Культура

21.04.2017 09:05

104 просмотра

0 комментариев

Канцэптуальны мастацкі праект «Колеры Беларусі» можна наведаць у Віцебску цягам тыдня

18 красавіка ў залях творчага цэнтру VZAP адкрылася выстава вядомага сучаснага дзеяча беларускага мастацтва Міхала Анемпадыстава.

Адкрываючы выставу, рэгіянальны кіраўнік кампаніі «Будзьма беларусамі!» Уладзімер Булаўскі прадставіў Міхала Анемпадыстава як паэта, дызайнэра, аўтара канцэпцыі «Народнага альбому». Ён патлумачыў, што выстава «Колеры Беларусі» зьяўляецца своеасаблівым мастацкім дасьледаваньнем, зробленым у рамках міжнароднага праекту захаваньня культурнай спадчыны CHOICE.

Ва ўступным слове Міхал Анемпадыстаў адзначыў, што выставу нельга лічыць фатаграфічнай, а яго — фатографам. У цэлым гэта канцэптуальны мастацкі праект, які выкарыстоўвае фатаграфію ў якасьці інструмэнту. Праект — гэта спроба высьветліць, якія колеры і чаму былі найбольш любімымі і шанаванымі ў гісторыі культуры Беларусі. Адначасна, гэта спроба распавесьці пра тыя сэмантычныя і сымбалічныя сэнсы, якія спадарожнічаюць колерам у розныя гістарычныя часы.

Праца над праектам распачалася ў 2009 годзе і мусіла завяршыцца выданьнем кнігі альбо альбому, дзе здымкі выкарыстаныя ў якасьці ілюстрацыйнага матэрыялу. Аднак выстава — гэта іншы фармат, таму для яе адабраная толькі тая частка фатаграфічнага матэрыялу, якая стварае сваю невэрбальную гісторыю, свой невэрбальны тэкст.

У выніку сваіх досьледаў, спадар Міхал прыйшоў да высновы, што найбольш любімымі колерамі для Беларусі можна лічыць чорны і белы, белы і чырвоны, сіні і блакітны, залаты, шэры, зялёны. У адпаведнасьці з гэткім падыходам стваралася і экспазыцыя выставы, якая разьмясьцілася на шасьці сьценах трох выставачных заляў.

Далей была доўгая і цікавая аўтарская экскурсія з камэнтарамі і развагамі. А пачалася яна з той часткі экспазыцыі, дзе фотаздымкі аб’яднаныя спалучэньнем чорнага і белага колераў.

Але перш чым пачаць свой расповед, Міхал Анемпадыстаў зазначыў, што канцэптуальна ў праекце яго цікавяць дзьве рэчы: традыцыйныя носьбіты колеру, зь якімі ён у першую чаргу асацыюецца, і архітыпічныя вобразы выкарыстаньня гэтых колераў.

Чорны і белы — два колеры, якія без выключэньня можна лічыць першымі ў кожнай культуры, бо яны ўспрымаліся людзьмі яшчэ да разуменьня імі, што такое колер. У нейкім сэнсе гэта не зусім колеры, бо яны ўспрымаюцца найперш як сымбалі сьвятла і цемры. Колер жа — гэта прадукт культуры. Чалавек бачыць усе колеры, але ён іх не ідэнтыфікуе, не адрозьнівае да тае пары, пакуль культура не дасягае такога ўзроўню, калі ўзьнікае патрэба той ці іншы колер у сабе мець.

Дарэчы, мастак адзначыў, што чорны, белы, сіні, шэры, зялёны — гэта пракавечныя колеры з агульнай індаэўрапейскай спадчыны. Ва ўсіх эўрапейскіх мовах існуе па адзінаццаць базавых колераў. У расейскай дванаццаць, бо акрамя блакітнага ў іх яшчэ ёсьць і сіні. У беларускай няма брунатнага, але ёсьць сіні і блакітны.

Што тычыцца традыцыйных носьбітаў чорнага і белага колераў, зь якімі яны ў нашай традыцыйнай рэчаіснасьці зьвязаныя, то гэта вугаль і мел (крэйда, вапна). Ён адзначыў, што чорны колер у беларускай традыцыйнай культуры не нясе ў сабе трагічнай ці адмоўнай канатацыі. У якасьці прыкладу было прыведзена традыцыйнае чорнае ткацтва з вёскі Страдзічы.

Чырвоны колер, які спалучаецца зь белым, на фотаздымках пададзены, як журавіны ў цукры з адной чырвоненькай у цэнтры, як шыпшына пад сьнегам, народная вышыванка чырвоным па беламу, «Пагоня»... Чырвоны колер зьявіўся ў нас дзякуючы тэхналягічнаму разьвіцьцю, калі ў прамысловых маштабах пачалі выкарыстоўваць прыродны фарбавальнік чарвец польскі. Мяркуецца, што паданьне пра пошукі папараць-кветкі зьвязанае з пошукамі гэтых самых чарвяцоў. Выкарыстаньне ўласнага прыроднага фарбавальніку з пункту гледжаньня цывілізацыйнага разьвіцьця — гэта вельмі важны тэхналягічны прарыў, адзначыў творца.

Сіні колер у беларускай традыцыі — характэрны маркер іншасьвету, чарадзейства, чараўніцтва. Цікава, што сіні колер сьнегу не заўважаўся ў беларускай культуры ажно да 19 стагодзьдзя. Сіняя валошка не была элемэнтам народнай традыцыі, але дзякуючы вершу «Слуцкія ткачыхі» Максіма Багдановіча, васілёк стаў нацыянальным сымбалем.

Залаты колер замяняе ў нас табуяваны жоўты, хаця золата ў нас ніколі не здабывалася. Золата зьяўляецца з пачатку кантактаў зь Бізантыяй і распаўсюду на нашых землях хрысьціянства. Залаты — колер боскага сьвятла.

Шэры колер мае шмат адценьняў. На фота гэта і шарачок, і сялянская сьвітка, гонта, шалёўка, колер старога дрэва, брама зь Белавежы... Шэры колер нясе ў сабе адзнаку старасьвецкасьці, з выключна пазытыўнай канатацыяй.

Зялёны колер у традыцыі высокай культуры — гэта культура інтэграцыі ў прыроднае асяродзьдзе, а ў народнай культуры — гэта натуральнае стаўленьне да прыроды, як асяродку існаваньня чалавека.

Выстава працягнецца да 25 красавіка, і той, хто скарыстаецца магчымасьцю яе наведаць, мяркую, будзе задаволены. Адзінае, чаго будзе бракаваць, дык гэта прысутнасьці аўтара, які б удакладніў і пашырыў маштаб усьведамленьня сэмантычнага і сымбалічнага сэнсу, зафіксаванага ім.

https://vitebskspring.org

1 оценка 5.0

Последние новости

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий:
  • список комментариев пуст