vicebskreg.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Витебского региона Культура

09.08.2017 08:16

119 просмотров

0 комментариев

У Віцебскім раёне прайшло свята «Узоры жыцця»

Прыгожая і маляўнічая вёска Котава Вымнянскага сельсавета на адзін дзень расквецілася чароўнымі карункамі вышыўкі ўмелых майстрых.

Тут прайшло раённае свята «Узоры жыцця», якое стала магчымым у межах праекта «У пошуках Спадчыны».

На здымку: удзельнікі свята

Як расказала намеснік дырэктара Віцебскага раённага цэнтра культуры і творчасці Марына Яско, ідэя сабраць разам майстрых-вышывальшчыц з усяго раёна з’явілася на пачатку 2017 года, падчас фальклёрнай экспедыцыі па вёсках Котава, Астрэйкава і Вымна. Праз некаторы час атрымалася здзейсніць задуманае.

З самага ранку нібыта вулей «гудзела» вёска: кожны — ад малога да вялікага рыхтаваўся да свята. Гаспадыні прыбіралі сядзібы, ладзілі святочныя сталы з вясковымі нацыянальнымі стравамі і рыхтавалі для дэманстрацыі свае рукатворныя вырабы. Экспазіцыя, якая атрымалася ў выніку, напэўна, змагла б саставіць канкурэнцыю знакамітым выставам: сурвэткі, пасцельная бялізна, ручнікі, падушкі, фіранкі, маляўнічыя карціны і дываны — кожная майстрыха пастаралася прадставіць лепшае з лепшага.

Любоў Мацкевіч, Тамара Цітова, Надзея Чапурненка, Галіна Какушкіна, Любоў Снарава, Зінаіда Дземідовіч, Святлана Багачова — гэтыя жанчыны — сапраўдныя таленты вымнянскай зямлі. Нягледзячы ні на што, кожны дзень яны бяруць у рукі нітку з іголкай і ствараюць чарговыя шэдэўры.

Да пары народным майстрыхам і моладзь. Любоў да вышыўкі прывівае малодшаму пакаленню дырэктар Вымнянскага дома культуры Антаніна Цітова. Творчае аб’яднанне пад яе кіраўніцтвам «Чароўная нітачка» вельмі папулярнае сярод пачынаючых рукадзельніц. У тым, што іх работы таксама вартыя ўвагі, змог ўпэўніцца кожны, хто завітаў на імправізаваную выставу.

Антаніна Цітова з актывістамі аб’яднання

Стварыць сапраўднае свята вяскоўцам дапамаглі артысты. Шчырыя спевы творчага вакальнага ансамбля народнай песні «Тулаўчане» і салістак Анастасіі Ніканоравай і Юліі Ракала запрашалі прысутных пусціцца ў скокі. Тэатральная замалёўка дзіцячага тэатра «Зазеркалье» і творчыя нумары харэаграфічнага калектыву «Гарэзы», сярод якіх быў адноўлены мясцовы танец «Ленцей», спадабаліся сваёй самабытнасцю ўсім без выключэння.

На здымку: гучныя спевы артыстаў падарылі добры настрой

А паміж песнямі Антаніна Цітова і загадчыца бібліятэкі Раіса Федарэнка добрым словам успаміналі жыхароў вёскі Котава. Як расказала яе старэйшына Валянціна Селязнёва, на сучасны момант тут 30 жылых дамоў, пастаянна пражываюць 37 чалавек. Самаму старэйшаму жыхару Леаніду Селязнёву 85 гадоў, а самаму маленькаму — Жэнечку Тому ледзь споўнілася два. З надыходам лета колькасць жыхароў значна павялічваецца за кошт дачнікаў, шмат унукаў прыязджае да бабуль і дзядуль. Увогуле, дадала жанчына, у Котаве ўсе жывуць адной вялікай сям’ёй, разам гадуюць дзяцей і спраўляюць святы, дапамагаюць адзін другому.

Якое ж свята без падарункаў! Спецыяльнымі дыпломамі за захаванне і перадачу традыцыйнага рамяства вышыўкі былі ўрачыста ўзнагароджаны маладыя і больш сталыя вышывальшчыцы, адзначылі і лепшых мужчын-гаспадароў, назвалі пераможцаў у намінацыі «Лепшы падворак», «Захавальніца ачага», «Квітнеючы кветнік». Адным словам, не забылі нікога, бо тут жывуць руплівыя і таленавітыя людзі.

Кожны, хто аднойчы пабывае на такім свяце, упэўніцца ў адным: такія мерапрыемствы — гэта больш, чым урачыстасць, бо яны вучаць нашчадкаў, як патрэбна ганарыцца сваёй радзімай. Гэта сапраўдная радасць сэрца, яднанне пакаленняў, дэманстрацыя нацыянальных традыцый, ушанаванне людзей і гісторыі.

Дарэчы, як паведамілі ў раённым Цэнтры культуры і творчасці, па выніках свята плануецца выдавецтва каляровага буклета, у якім будзе адлюстравана творчасць майстрых-вышывальшчыц Віцебскага раёна, у якім пачэснае месца зоймуць і жыхары Вымнянскага сельсавета.

Алена Чаплева, фота аўтара. «Жыццё Прыдзвіння»

Последние новости

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий:
  • список комментариев пуст