vicebskreg.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Витебского региона Культура

09.08.2017 13:38

108 просмотров

0 комментариев

Малавядомая гісторыя. Як жыхары «прыпісалі» Суражу магдэбургскае права

Працягваем цыкл публікацый, прысвечаных гісторыі гарадскога самакіравання ў населеных пунктах на тэрыторыі сённяшняй Віцебшчыны. Сёння даведаемся пра пасёлак Сураж.

Ён знаходзіцца прыкладна за 40 кіламетраў ад Віцебска — каля трасы, якая ідзе ў бок Расіі.

План Су­ра­жа ХVІІІ ста­год­дзя.

Зручнае месца

На жаль, у гэтым былым райцэнтры практычна нічога не нагадвае пра багатую і па-свойму ўнікальную гісторыю. Няма ні замка, ні збудаванняў, якія могуць зацікавіць турыстаў. Тэму гісторыі Суража даследаваў старшы навуковы супрацоўнік навукова-тэхналагічнага парка БНТУ «Палітэхнік» Максім Макараў.

Сураж, як ні дзіўна, узнік не таму, што тут развіваліся гандаль і рамёствы. А дзякуючы зручнаму, з пункту гледжання ваеннай стратэгіі, месцазнаходжанню. У гэтым ягонае адрозненне ад пераважнай большасці беларускіх гарадскіх паселішчаў.

— Сураж насамрэч мае не зусім тыповую прычыну заснавання. Справа ў тым, што ў XVІ стагоддзі месца, дзе размешчаны сучасны пасёлак, мела важнае стратэгічнае значэнне. Але да пачатку Лівонскай вайны (1558–1583 гады) замка, тым больш горада, там не існавала, — расказвае Максім Макараў. — У Суражы цячэ Заходняя Дзвіна. З паўднёвага боку ў яе тут упадае Каспля. Праз некалькі кіламетраў на ўсход Дзвіна прымае ў сябе воды буйнога паўночнага прытока — Усвячы. Кантроль над гэтым месцам дазволіў бы войскам Маскоўскай дзяржавы наладзіць сувязь водным шляхам паміж Смаленскам і Вялікімі Лукамі.

Каб не дапусціць гэтага, віцебскі ваявода князь Стэфан Андрэевіч Збаражскі не пазней за 1560 год пабудаваў замак пры ўпадзенні Касплі ў Дзвіну і заснаваў тут горад. У ім ахвотна сяліліся жыхары навакольных вёсак. Бо ў гады Лівонскай вайны на неспакойным памежжы толькі сцены і вежы замкаў маглі даць людзям адносную бяспеку.

— Несупынныя баявыя дзеянні і перманентная пагроза знішчэння ўносілі істотныя карэктывы ў жыццё насельніцтва. Гэта моцна паўплывала на афармленне прававога становішча мяшчан. Уладам Вялікага Княства Літоўскага цяжка было пастаянна ўтрымліваць тут наёмны гарнізон. Таму яны паспрабавалі вырашыць праблему забеспячэння абароназдольнасці замка і гарадка іншым шляхам, — працягвае гісторык.

На коней!

Суражскія мяшчане ў чэрвені 1570 года атрымалі гарадскія правы. І гэта была ўсё тая ж мясцовая мадэль, раней апрабаваная ў Віцебску. Асноўнай павіннасцю мяшчан было нясенне вайсковай службы, падаткаў яны не плацілі. У выніку да канца Лівонскай вайны горад не захапілі войскі Маскоўскай дзяржавы.

У канцы XVІ — першай палове XVІІ стагоддзяў Сураж захоўваў сваё стратэгічнае значэнне. Цяжкія выпрабаванні выпалі на яго долю падчас вайны Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай (1609–1618 гады). Царскія войскі не раз спрабавалі авалодаць горадам. Але праз зацятае супраціўленне тутэйшых не дасягнулі мэты. 30 сакавіка 1615 года кароль Жыгімонт Ваза сваім лістом нават выказаў мяшчанам удзячнасць. І гэта іх, можна сказаць, натхніла...

— У 1630–1640 гадах здараліся частыя канфлікты мяшчан з віцебскімі ваяводамі, іх суражскімі намеснікамі. Апошнія намагаліся абмежаваць самастойнасць мяшчанскай абшчыны. Таксама абвастрыліся адносіны з некаторымі феадаламі, якія спрабавалі захапіць гарадскія землі. Дзякуючы падтрымцы манарха суражскія мяшчане паспяхова адстойвалі свае правы ў такіх неспрыяльных умовах. Пры разглядзе судовых спраў Жыгімонт Ваза станавіўся на бок суражан. Больш таго — жорстка штрафаваў іх апанентаў, — тлумачыць Максім Макараў.

Юрыдычны «казус»

У 1631 годзе адбыліся нечаканыя змены ва ўспрыманні прававога становішча суражан уладамі. Падчас адной з судовых цяжбаў адвакат шляхціцаў Горскіх заявіў, што мяшчане Суража не могуць самастойна прадстаўляць свае інтарэсы ў каралеўскім судзе.

Сапраўды, мяшчане гарадоў, што не мелі магдэбургскага права, павінны былі скардзіцца на шляхту толькі пры пасрэдніцтве мясцовага ўрадніка. У адказ на гэты выпад прадстаўнік гараджан Марцін Свяжынскі заявіў, што магдэбургскае права Сураж атрымаў яшчэ ў 1570 годзе. Хоць на самай справе на ўвазе мелася віцебскае права.

Аднак, як той казаў, «пракаціла». Гэтыя словы не выклікалі пярэчання. Справа ў тым, што Статут 1588 года падзяляў гарады ВКЛ на дзве катэгорыі: з магдэбургскім прывілеем і без яго. Судовая калегія аднесла Сураж да першай катэгорыі.

— З доляй гумару можна сцвярджаць, што 12 чэрвеня 1631 года, выступаючы ў судзе, Свяжынскі «надаў» Суражу магдэбургскае права, якога горад у сапраўднасці не меў. У сярэдзіне 1640-х гадоў мяшчане і мясцовыя гаспадарскія ўраднікі былі цвёрда перакананыя ў тым, што Сураж мае тое, чаго няма, — усміхаецца навуковец.

Супраць старасты

У 1648 годзе адбыўся востры канфлікт паміж мяшчанамі і суражскім старастам Геранімам Друцкім-Горскім. Ён груба парушаў іх прывілеі і маёмасныя правы. Суражскія мяшчане ўзяліся за зброю, сваім «дэмаршам» моцна напужаўшы ўрадніка і яго жонку.

Выступленне сапраўды магло выглядаць пагрозліва:

— 27 мая 1647 года падчас канфлікту з віцебскімі езуітамі, якія прэтэндавалі на частку гарадскіх зямель, прыкладна 150 суражан з ручніцамі, рагацінамі і бердышамі прыйшлі да «апанентаў» і змусілі іх умерыць апетыт.

Як бачым, мяшчане Суража бараніліся нават са зброяй у руках. «Да сярэдзіны XVІІ стагоддзя яны паспяхова адстойвалі свае правы, атрыманыя ў межах віцебскага гарадскога права», — канстатаваў суразмоўца.

У 1924 годзе Сураж стаў райцэнтрам. Статус гарадскога пасёлка атрымаў ў 1938-м. У 1960-я ўваходзіў у склад Віцебскага і Лёзненскага раёнаў. Сёння — у Віцебскім. Тут пражывае больш за 900 чалавек.

У маленькім Суражы нарадзіліся некалькі вядомых людзей. Напрыклад, Аркадзь Бяссмертны — беларускі скрыпач, дырыжор, прафесар, заслужаны артыст БССР. Адсюль таксама Алег Чудакоў, вучоны ў галіне сківічна-тваравай хірургіі. Сураж — малая радзіма і юрыста, эканаміста Захара Кацэнеленбаума. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ён быў адным з заснавальнікаў Дзяржбанка. Подпіс ураджэнца Суража стаяў на грашовых купюрах.

Аляксандр Пукшанскі, Звязда

Последние новости

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий:
  • список комментариев пуст