vicebskreg.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Витебского региона Культура

04.10.2017 21:13

93 просмотра

0 комментариев

«Гэта недапушчальна»: Дом шлюбаў у Віцебску пабудуюць у ахоўнай зоне ў гістарычным цэнтры

Палац вырашана разьмясьціць на беразе Дзьвіны, непадалёк ад Дабравешчанскай царквы і помніка Аляксандру Неўскаму.

Будоўля Палаца шлюбаў на дзьвінскім беразе была заплянаваная яшчэ ў 2012 годзе. Месца, абранае для абʼекта, — тэрыторыя гістарычнага цэнтру Віцебску. Цяпер гэта ахоўная зона, зацьверджаная пастановай Савету міністраў.

Тым ня менш гарадзкі аддзел архітэктуры і горадабудаўніцтва абвясьціў, што праект палаца пачне ўвасабляцца ў жыцьцё ўжо сёлета.​

Стрэлкай пазначана месца заплянаванага будаўніцтва

«Чыноўнікі парушаюць пастанову Савету Міністраў»

Гісторык-археоляг, краязнаўца, стваральнік клюбу аматараў віцебскай даўніны «Ўзгорʼе» Ігар Цішкін лічыць недапушчальным будаваць Палац шлюбаў у заплянаваным месцы. На яго думку, Віцебску трэба браць прыклад з замежных краін і не імкнуцца ўсе адміністрацыйныя будынкі разьмяшчаць у цэнтры гораду.

«Узьвядзеньне новых будынкаў на рэштках помнікаў архітэктуры выключае магчымасьць вывучэньня старажытнасьцяў. Таму і распрацаваны праект віцебскіх ахоўных зонаў, і заканадаўства патрабуе, каб з гэтым лічыліся! Віцебскія чыноўнікі парушаюць пастанову Савету Міністраў і спасылаюцца на архітэктурны плян, распрацаваны яшчэ да прыняцьця гэтага дакумэнту. У гэтым галоўнае парушэньне. Ня кажучы ўжо пра эстэтыку», — кажа спэцыяліст.

Гістарычная тэрыторыя, вольная ад забудовы: калісьці тут стаяў Ніжні замак

Ён дадае, што немагчыма ўявіць, каб у гістарычным цэнтры Гамбургу ці Брэмэна збудавалі нешта «са шкла і бэтону».

«Калі ўжо такі неабходны Палац шлюбаў, дык збудуйце яго ў новым мікрараёне, дзе жыве шмат маладых людзей. Дык жа не! Усё трэба цягнуць у гістарычны цэнтар. На гістарычнай тэрыторыі ўзводзяць і новы будынак КДБ, і краму „Эўраопт“ збудавалі практычна ў рэчышчы Замкавага ручая, — абураецца Ігар Цішкін. — У гістарычнай частцы людзі павінны прагульвацца, дыхаць паветрам, разглядаць каштоўнасьці і краявіды! А ў Віцебску — на што мінакам глядзець? На будынак КДБ або на Палац шлюбаў?»

Відэапараўнаньне гістарычнай забудовы і цяперашняга краявіду на месцы, дзе зьбіраюцца будаваць ЗАГС. Аўтар відэа — Віктар Барысенкаў

Гараджане незадаволеныя рашэньнем уладаў, пачалі рабіць захады, каб будоўлі не было.

Сябры партыі БНФ зьвярнуліся ў Віцебскую гарадзкую пракуратуру з заявай, дзе патрабуюць адмяніць будаўніцтва ў ахоўнай зоне. На думку актывістаў, на гэтай тэрыторыі знаходзяцца падмуркі архітэктурнай дамінанты старога Віцебску — касьцёла дамініканцаў, трасіроўка былой Замкавай вуліцы і шмат іншых абʼектаў, і яны могуць пацярпець, калі пачнецца будоўля Палаца шлюбаў.

Віцяблян турбуе й тое, што кіраўніцтва гораду рыхтуецца выдаткаваць значныя сродкі на Палац шлюбаў, калі ў Віцебску бракуе нашмат больш неабходных абʼектаў — школ, паліклінік, дзіцячых садкоў. З пратэстам супраць будоўлі палаца і прапановай перадаць сродкі на сацыяльна важныя абʼекты зьвярнуліся ў гарвыканкам актывісткі стваранай БХД Тацяна Севярынец і Алена Шабуня. Аднак ім адказалі, што справа ўжо вырашаная і перагляду не падлягае.

Падобны адказ атрымаў і жыхар Віцебску Сяргей Сясіцкі, стваральнік інтэрнэт-пэтыцыі за адмену будаўніцтва. У лісьце за подпісам намесьніка начальніка аддзелу архітэктуры і горадабудаўніцтва Леаніда Багданава было сказана, што Палац шлюбаў уключаны ў інвэстыцыйную праграму Віцебску на 2017 год, якая была ўхвалена мінулагоднім рашэньнем гарсавету. І што падстава для будаўніцтва — «Генэральны плян гораду, зацьверджаны 14.12.2016 г. указам Аляксандра Лукашэнкі № 453».

Цяперашні віцебскі ЗАГС — на першым паверсе жылога пяціпавярховіка. Колькі год таму яго меркавалі перавесьці ў які-небудзь з адрэстаўраваных гістарычных будынкаў. Але калі паставілі помнік Аляксандру Неўскаму, то абвясьцілі гэтую скульптурную кампазыцыю ўвасабленьнем сямейных каштоўнасьцяў, бо ў ёй тры фігуры — самога князя, ягонай жонкі і сына. І, паводле архітэктараў, помнік Аляксандру Неўскаму і новы Палац шлюбаў павінны сэнсава дапаўняць адзін аднаго.

Помнік Аляксандру Неўскаму ў Віцебску

Ня так даўно, яшчэ ў 2012 годзе, у архітэктурным пляне гораду прадугледжвалася аднавіць падмуркі і частку сьцяны Фарнага касьцёла на беразе Дзьвіны. Але сёньня пра гэта ўжо ня згадваюць, гаворка ідзе толькі пра Палац шлюбаў.

РС

Последние новости

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий:
  • список комментариев пуст