vicebskreg.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Витебского региона Культура

30.01.2018 10:14

77 просмотров

0 комментариев

Куток «Беларуская хатка» — цэнтр краязнаўства і этнаграфіі функцыянуе ў Суйкаўскай сярэдняй школе

Сюды нават арганізоўваюць экскурсіі. Пачынаюць іх заўсёды словамі класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча: «Не пагарджаць святым сваім мінулым, а заслужыць яшчэ і вартым быць яго». Імі вітае гасцей настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Святлана Антаненка.

Святлана Іосіфаўна сцвярджае, што задача сапраўднага настаўніка — выхаванне шчырых патрыётаў сваёй Радзімы, якія будуць любіць свой народ і сваю культуру, а значыць, краіну. А як можна любіць тое, што не ведаеш?! Вось дзеля гэтага і задуманы школьны куток «Беларуская хатка».

— Ствараючы яго, мы імкнуліся зацікавіць вучняў гісторыяй роднага краю, выхаваць беражлівыя адносіны да свайго мінулага, назапасіць гістарычныя, краязнаўчыя, этнаграфічныя веды, а таксама развіваць творчае мысленне дзетак, — кажа Святлана Антаненка, педагагічны стаж якой складае больш за 30 гадоў.

Уся яе прафесійная дзейнасць звязана з Суйкаўскай школай. Ва ўстанове адукацыі яна працавала на розных пасадах. З 2012 года сумяшчае работу настаўніка гісторыі і грамадазнаўства і педагога-арганізатара.

— Святлана Іосіфаўна на ўроках дае дзеткам веды пра сусветныя грамадска-гістарычныя працэсы, неабходныя для разумення сучаснага этапу развіцця грамадства, прагназавання асабістай жыццядзейнасці і прафесійнага самавызначэння, далучае вучняў да айчыннай і сусветнай культуры, да ўсведамлення ўнікальнасці культурна-гістарычнай спадчыны Беларусі, роднай старонкі, фарміруе ў школьнікаў гістарычную памяць і нацыянальную ідэнтычнасць, — дае характарыстыку настаўніку дырэктар Суйкаўскай сярэдняй школы Святлана Ясевіч. Яна падкрэслівае, што для актывізацыі вучэбна-пазнавальнай дзейнасці вучняў Антаненка выкарыстоўвае нестандартныя формы правядзення заняткаў.

Пад кіраўніцтвам Святланы Іосіфаўны нават ставяць гістарычныя міні-спектаклі. Дэкарацыі для іх, як і касцюмы, педагогі робяць сумесна з юнымі артыстамі.

Частка заняткаў па гісторыі, беларускай мове і літаратуры праходзіць у вучэбным класе, дзе мясцовыя настаўнікі рэалізавалі ідэю стварэння кутка «Беларуская хатка». У Суйкаўскай школе гісторыка-краязнаўчая дзейнасць ажыццяўляецца па наступных накірунках: экспазіцыйная, пошукава-даследчая і экскурсійна-масавая работа. Значны ўнёсак у агульную справу настаўніцы пачатковых класаў Таццяны Лагвіненка. Разам са сваімі выхаванцамі, удзельнікамі гуртка «Самадзелкін» яна зрабіла шматлікія элементы дэкору кутка, у фондзе якога на сённяшні дзень знаходзіцца звыш 20 экспанатаў. Чыгунок, кошык, прас, збан, саматканыя абрусы, вышытыя ручнікі, сурвэткі, саламяны павучок...

— Трэба сказаць, што мэтанакіраваная работа па зборы прадметаў музейнага прызначэння не спыняецца, — падкрэслівае Святлана Іосіфаўна і адзначае. — Асноўная маса экспанатаў — гэта натуральныя вырабы, якімі карысталіся сяляне. Шмат з іх перадалі мясцовыя жыхары праз сваіх дзетак і ўнукаў. Дарэчы, нашчадкі праяўляюць цікавасць і павагу да матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей сваіх продкаў.

Антаненка кажа, што ў суйкаўскіх педагогаў існуе непарыўная сувязь з народным музеем «Гісторыя Заронаўскага краю». Захавальніцу яго фондаў Людмілу Нікіціну добра ведаюць не толькі мясцовыя педагогі, але і вучні. Яна нават рыхтуе з апошніх будучых экскурсаводаў і робіць, дарэчы, гэта вельмі плённа.

Хлопчыкі і дзяўчынкі мараць аб тым, што некалі ў іх установе адукацыі адчыніць свае дзверы школьны музей з некалькімі экспазіцыйнымі заламі, а пачэснае месца сярод іх займе этнаграфічны куток «Беларуская хатка», які сёння размяшчаецца ў кабінеце пачатковай школы.
Святлана Антаненка таксама на гэта спадзяецца, а разам з тым на тое, што неўзабаве яны зробяць сучасны клас гісторыі, які дазволіць па-мастацку ўвасобіць усе задумы ў жыццё. Падштурхоўвае да гэтага конкурс на лепшы клас, які штогод праводзіць аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

Старшыня раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Вольга Разанава кажа, што Святлана Антаненка разам са сваімі аднадумцамі робіць вялікую справу — зберагае культурную і духоўную спадчыну.

Таццяна Дзіканава, фота аўтара. «Жыццё Прыдзвіння»

Последние новости

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий:
  • список комментариев пуст