vicebskreg.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Витебского региона Культура

01.02.2018 11:34

97 просмотров

0 комментариев

Створаная графічная рэканструкцыя царквы ў Слабадзе (Тадуліна) Віцебскага раёна

У вёсцы Тадулiн (Слабада, Вiцебскага раёна) існавала Успенская царква былога базылiянскага кляштара (пазней праваслаўнага), зараз засталіся падмуркі.

Свята-Успенскі Тадулінскі манастыр быў заснаваны непадалёку ад Вiцебска (у 32 км. на ўсход) на невялікiм берагавым узвышшы маляўнічага Вымнянскага возера (на той час Тадулiнскага) у 1743г. як базылiянскi мужчынскi.

Фундаваны на сродкi князя Тадэвуша-Франціска Агінскага (Фадзея-Франціска Марцiанавiча Агінскага, вялікага пісара ВКЛ, каштэляна Віцебскага, Ашмянскага і Троцкага, старасты Бабiнавецкага, Вайгоўскага, Ветборскага, Ашмянскага, Пшевальскага, Пржэвальскага, ваяводы Троцкага, палкоўніка войскаў яго Каралеўскай Міласці ў Рэчы Паспалітай, кавалера ордэнаў «Белага Арла» і «Святога Станіслава», сенатара, сябра Пастаяннай Рады Рэчы Паспалітай,мецэната і фундатара). Па павер’ям, на гэтым месце раней знаходзiлася драўляная царква ў гонар Успення Прасвятой Багародзіцы.

Першапачаткова манастырскiя пабудовы былi драўлянымi. Мураваны храм быў пабудаваны на месцы былой драўлянай царквы ў 1774г. (пачатак будаўнiцтва з 1769г.) у стылi Вiленскага барока. Вядома, што асвячэння царквы здзейсніў Полацкі Арцыбіскуп Іраклій Лісоўскі. Пазней (у 1878-1879 гг.) знешні выгляд (дабудаваны драўляны купал) і ўнутранае ўбранне Успенскага храма былі змененыя з улікам праваслаўных традыцый. Акрамя саборнай Успенскай царквы ў манастыры з 1838г. (з 1841 г.), была яшчэ цёплая царква, якая месцiлася ў мураваным двухпавярховым манастырскім корпусе.

Галоўнымi манастырскiмi святынямi былi цудатворны абраз Прасвятой Багародзіцы, падараваны князямi Агінскiмi, i абраз Свяціцеля Мікалая Цудатворца, якi перанеслi ў Тадулина пры сваім перасяленні ў 1799 г. манахі-базыльяне з вiцебскага Успенскага сабора, пасля таго як у 1799г. апошнi быў перададены праваслаўным па загаду імператара Паўла I. Адначасова манастыру адышлі ўсе маёнткі віцебскага базыльянскага манастыра, а таму і сродкі ўтрымання павялічыліся. Увесь унiяцкi перыяд свайго iснавання, манастыр быў вельмі багаты. У яго маёмасцi знаходзiлася 5 фальваркаў, 28 вёсак. У 1842г. манастыр быў перададзены ў ведамства Праваслаўнай Царквы, з прысваеннем статуса другога класа.

Да сярэдзiны XIX ст. гаспадарчыя справы манастыра прыйшлі ў стан заняпаду. Сярод прычын можна назваць тое, што Успенскі мужчынскі манастыр быў месцам, куды высылалі духавенства, якое у нейкай ступенi чымсцi правінілася. Сюды адпраўлялi няздатных выконваць службовыя даручэнні, а таксама састарэлых, хворых манахаў. У манастыры не было анi школы, анi бальніцы, увогуле аніякай дабрачыннай ўстановы.

I ў 1888г. Святым Сінодам быў падпісаны Указ аб пераўтварэнні мужчынскага Тадулiнскага манастыра ў жаночы. Прыбылі манашкі з полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра, якiя з цягам часу адрадзілi манастыр як духоўна, так і эканамічна.

У 1888г. былі заснавана трохкласная вучэльня для дзяўчынак і аднакласная прыхадская школа для хлопчыкаў і дзяўчынак. Была створана вялікая бібліятэка, у якой былi кнігі на лацінскай, французскай, польскай і рускай мовах.

Тадулiн (Слабада, Вiцебскага раёна) Выява Успенскай царквы Свята-Успенскага жаночага праваслаўнага манастыра . Фота 1910г. (3 1901 па 1917гг.) Апублiкавана — Вымнянскі краязнаўчы музэй. Электронны рэсурс — https://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/3/32/Janavičy%2C_Tadulin._Янавічы%2C_Тадулін_%281901-17%29.jpg

Тадулiн (Слабада, Вiцебскага раёна) Выява Успенскай царквы Свята-Успенскага жаночага праваслаўнага манастыра . Фота 1910г. (3 1901 па 1917гг.) Апублiкавана — Вымнянскі краязнаўчы музей.

Рэканструкцыя (у 1878-1879 гг.) . Чарцёж драўлянага купалу. Апублiкавана — старонка Свята-Успенскага жаночага праваслаўнага манастыра ў ВК.


У 1921 г. манастыр закрылі пад падставай неабходнасці аказання дапамогі дзецям з галадаючага Паволжа, у былыя манастырскія памяшканні пасялілі дзяцей-сірот, але Свята-Успенскі храм працягваў ажыццяўляць сваю дзейнасць у якасці парафіяльнага.

У траўні 1922г. з Успенскай царквы спецыяльным ўпаўнаважаным былі канфіскаваныя царкоўныя каштоўнасці, знятыя званы, знішчаныя крыжы, разбураныя надмагільныя пліты пахаванняў, размяшчаныя каля храма.

Падчас Другой сусветнай вайны, увосень 1943г. былая святыня пры адступленні немцаў была узарвана... Пасля вызвалення вёскі Слабада многія жыхары, якія страцілі сваё жытло, знаходзілі прытулак у паўразбураных келлях і пабудовах манастыра.

У 1960-я гады з дапамогай тэхнікі манастырскія сцены былі цалкам зруйнаваныя, цэглу выкарыстоўвалі на кладку дарогі да Янавічаў. Да нашага часу засталіся нешматлікія парэшткi і частка падвальных скляпенняў.

4 красавіка 2011 г. Сінод Беларускай Праваслаўнай Царквы прыняў рашэнне аб адраджэнні Свята-Успенскага жаночага манастыра ў вёсцы Слабада Віцебскага раёна.

Графiчная рэканструкцыя Успенскай царквы былога базылiянскага манастыра (пазней праваслаўнага). Аўтар 3D мадэлей — А. Невар.

Последние новости

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий:
  • список комментариев пуст