vicebskreg.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Витебского региона Культура

14.02.2018 12:53

36 просмотров

0 комментариев

У аг. Тулава Віцебскага раёна адбыўся фальклорны фэст

Фальклорны фэст «Жывая спадчына» сабраў у Віцебскім раённым цэнтры культуры і творчасці, што ў аг. Тулава, захавальнікаў і прыхільнікаў рэгіянальнай традыцыйнай культуры.

Мерапрыемства такога кшталту ўпершыню прайшло ў раёне і аб’яднала не толькі шэраг мясцовых калектываў — да яго з задавальненнем далучыліся артысты з Аршаншчыны, Дубровеншчыны, Лёзненшчыны, Полацка, Магілёўшчыны і нават з Масквы.


На здымку: майстрыхі Ларыса Якаўлева і Вера Казлова

Свята народных спеваў, побытавых танцаў і нацыянальнай кухні — менавіта так можна коратка ахарактарызаваць гэты фэст. Удзел у ім прынялі моладзевыя і дарослыя фальклорныя калектывы, індывідуальныя артысты. Спевакі, выканаўцы на музычных інструментах, выдатныя майстры розных рамёстваў, танцоры, знаўцы народных абрадаў і традыцый — на адзін дзень яны сабраліся разам, каб даказаць, што фальклорная спадчына і сёння адраджаецца, працягвае сваё жыццё.

Так, магчымасць адчуць эпоху падарылі гледачам удзельнікі студыі народных касцюмаў «Надзея» Цэнтра рамёстваў «Адраджэнне». Яны прэзентавалі калекцыю старажытнага адзення жыхароў Віцебскай губерні, рэканструяваную таленавітым маладым дызайнерам Надзеяй Гутнікавай.


На здымку: этнаграфічная выстава

У падарожжа ў далёкае мінулае запрасілі ўдзельнікі народнага клуба аматараў нацыянальнай кухні «Гаспадынька» аўтаклуба Аршанскага гарадскога Цэнтра культуры «Перамога», якія прадставілі вясельны абрад. Яшчэ адзін госць — поп-фольк гурт «Грамніцы» з Дубровеншчыны пазнаёміў з абрадам «Хрэсьбіны».

Не давалі засумаваць усім прысутным разнастайныя пляцоўкі. Так, выдатныя народныя майстры прадставілі свае работы і правялі майстар-класы па розных напрамках дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Этнаграфічная выстава пазнаёміла з прадметамі нацыянальнага быту. Шэраг экспанатаў выклікаў інтарэс не толькі ў дзiцячай, але і дарослай аўдыторыі. А для тых, хто не прывык сядзець на адным месцы, у фае ладзілі майстар-класы па народным бытавым танцам.


На здымку: удзельнікі студыі «Надзея»

Не абышлося і без частавання стравамі нацыянальнай кухні. Выставу-дэгустацыю і ўрок па прыгатаванні халодных закусак правялі госці з Аршанскага раёна, а таксама ўдзельніцы народнага жаночага клуба «Залаты ўзрост» Мазалаўскага СДК.

— Асноўная мэта фэста — прэзентацыя народнай творчасцi, захаванне рэгiянальнай i мясцовай культуры, далучэнне насельніцтва да розных вiдаў традыцыйнага мастацтва, — расказала арганізатар свята, намеснік дырэктара Віцебскага раённага цэнтра культуры і творчасці Марына Яско. — Падчас падрыхтоўкі былі апрацаваны аўтэнтычныя запісы абрадавых і святочных спеваў, зафіксаваныя ў фальклорных экспедыцыях па Віцебскім раёне. Некалькі з іх у вакананні Валянціны Раедавай, жыхаркі в. Агароднікі, Ганны Жолудзь з г. п. Сураж і Тамары Шлыкавай з Пестуніцы прагучалі на мерапрыемстве.


На здымку: гаспадыні з Аршаншчыны

Гэтыя запісы, як і сам фэст — першыя маленькія крокі ў накірунку працы над праектам «Галасы мінуўшчыны». Дарэчы, прыняць удзел у ім можа кожны. Падчас акцыі будуць збірацца гісторыі жыцця, успаміны, спевы, казкі, якія захаваліся ў памяці старэйшага пакалення, з мэтай стварэння відэа і аудыё архіва. І, магчыма, з цягам часу ў творчай біяграфіі Віцебскага раёна з’явіцца нават фестываль народнай культуры.

Алена Чаплева, фота аўтара. «Жыццё Прыдзвіння»

Последние новости

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий:
  • список комментариев пуст