vicebskreg.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Витебского региона Культура

16.09.2019 20:04

85 просмотров

0 комментариев

Ведаў 20 моў, памёр у галечы. 10 фактаў пра аднаго з пачынальнікаў адраджэньня Браніслава Эпімах-Шыпілу

Сёньня спаўняецца 160 гадоў з дня нараджэньня Браніслава Эпімах-Шыпілы — аднаго з пачынальнікаў беларускага адраджэнскага руху, мовазнаўцы, прафэсара Пецярбургскага ўнівэрсытэту.


Браніслаў Эпімах-Шыпіла (1859–1934) быў адным са стваральнікаў першага беларускага выдавецтва «Загляне сонца і ў наша ваконца», садзейнічаў (запрасіўшы жыць і вучыцца ў Пецярбург) творчаму сталеньню Янкі Купалы; ператварыў сваю кватэру на Васільеўскім востраве ў сапраўдны беларускі клюб, дзе кожны яго суайчыньнік мог пачуваць сябе як дома. Калі пераехаў у савецкую Беларусь, то ўзначаліў камісію па ўкладаньні слоўніка жывой беларускай мовы.

Ацалеўшы пасьля першай хвалі рэпрэсій у 1930-м (два месяцы правёў у вязьніцы па сфабрыкаванай справе «Саюзу вызваленьня Беларусі»), пераехаў назад у Ленінград, дзе праз чатыры гады памёр ад голаду і галечы. Месца яго пахаваньня невядомае.

Браніслаў Эпімах-Шыпіла

1. Яго параўноўвалі з Францішкам Скарынам

Гісторык Аляксей Каўка пісаў: «Сапраўдны народны асьветнік-гуманіст, заснавальнік і кіраўнік (супольна з В.Л. Іваноўскім) суполкі „Загляне сонца і ў наша ваконца“, першага беларускага выдавецтва; настаўнік і духоўны бацька маладых адраджэнскіх сілаў Беларусі, Браніслаў Эпімах-Шыпіла вышынёю свайго духу, творчага падзьвіжніцтва належыць да магутных постацяў, лік якім... адкрывае Францішак Скарына.

І вельмі сымбалічна, што менавіта Б. Эпімаху-Шыпілу падчас сьвяткаваньня юбілею айчыннага кнігадруку выпаў гонар адкрыць у Інстытуце беларускае культуры помнік свайму вялікаму папярэдніку і земляку Скарыну».

2. Баяўся вяртацца на Бацькаўшчыну, каб ня стаць цяжарам

У лісьце да Язэпа Дылы (21.08.1922) пісаў: «Ласкавае і сардэчнае зазываньне Ваша мяне ў Менск вельмі мне прыемна, але... цяжка для мяне ў мае гады гэта перасяленьне, а галоўнае тое, што, быўшы пазбаўлены магчымасьці працаваць у Бацькаўшчыне, мусіў я каля 35 гадоў жыць і працаваць на чужым, дзе і патраціў свае сілы, і цяпер ужо праве інвалід, няздара і бадай ня здолею быць карысным і працаваць у дарагой Бацькаўшчыне так, як хачу. Баюся, што... я не перанясу турбот перасяленьня і, прыехаўшы, занепаду, захварэю, прычыніўшы Бацькаўшчыне кошты, каторых не змагу вярнуць».

3. Вярнуўся ў Беларусь толькі тады, калі даведаўся, што яго хочуць адправіць на пэнсію ў Ленінградзе

«І толькі ў 1925 годзе, калі, вярнуўшыся з канікулаў... пачуў ад таварышаў-саслужыўцаў, што мяне... хочуць звольніць са службы зь бібліятэкі, бо маю ўжо старыя гады... Я, не праверыўшы гэтых чутак, напісаў у Менск Паўловічу Альберту аб сваёй згодзе паехаць на радзіму» .

4. Ведаў болей за 20 моваў

«Як знаўца старых, новых і азіяцкіх моваў, Эпімах-Шыпіла лічыцца бадай першым знаўцам ва ўсім Савецкім Саюзе».

«Б. Эпімах-Шыпіла валодае славянскімі мовамі і клясычнымі, а таксама нямецкай, францускай, ангельскай, італьянскай, гішпанскай, літоўскай, яўрэйскай, санскрытычнай...»

«У 1902 г. ён выкладае старажытныя мовы ў пецярбургскіх вышэйшых навучальных установах і, у прыватнасьці, лацінскую мову на вячэрніх агульнаадукацыйных курсах А. С. Чарняева».

Паводле ксяндза Адама Станкевіча: «Быў выдатным моваведам, знаў больш 20 моваў, між якімі прадусім старагрэцкую, лацінскую, індускі санскрыт і цэлы рад моваў розных народаў сучасных».

5. Адзін зь першых, хто актыўна прапагандаваў беларускую культуру за мяжой

Паводле Зьмітра Жылуновіча: «На працягу свайго жыцьця Б. І. Эпімах-Шыпіла атрымоўвае навуковыя камандыроўкі за граніцу — у Данію, Францыю, Нямеччыну. Сустракаецца з тамтэйшымі вучонымі і цьвердзіць ім пра Беларусь, пра неабходнасьць папулярызацыі яе ў Эўропе. Многіх захоплівае гэтым, і тыя зацікаўліваюцца беларускім пытаньнем і пішуць аб ім (напр., Vasmer у Лейпцыгу, іншыя). І ўсё тое, дзе, калі і як пісалася пра Беларусь, Б. І. Эпімах-Шыпіла старанна, з замілаваньнем зьбірае ў сябе».

Браніслаў Эпімах-Шыпіла

6. Фальклярыста Сержпутоўскага ставіў вышэй за іншых зьбіральнікаў беларускай народнай творчасьці

Эпімах-Шыпіла ў рэцэнзіі на зборнік казак Сержпутоўскага адзначаў: «Выданыя... беларускія казкі і апавяданьні, запісаныя А. Сержпутоўскім, ... чытаюцца зь вялікай цікавасьцю, прыемнасьцю і захапленьнем. Пекнатой мовы, яе гладкасьцю, плыннасьцю... казкі Сержпутоўскага стаяць куды вышэй за казкі, запісаныя іншымі вядомымі зьбіральнікамі, як Шэйнам, Раманавым, M. Federowskim і г. д. ...

Ён здолеў вышукаць багатыя крыніцы народнае творчасьці, патрапіў знайсьці, таленавітых баечнікаў-мастакоў, падысьці да іх і па-мастацку запісаць іх апавяданьні, не перапыняючы апавядальніка сваімі роспытамі ці выпытамі, не змушаючы яго такім спосабам спыняцца, ірваць ніць апавяданьня, паўтарацца..., ад чаго іншыя запішчыкі можа ня ўстрымоўваюцца і ад чаго нават пры здольным і красамоўным баечніку казка можа выйсьці нягладкай, шурпатай, з паўтарэньнямі».

7. Стваральнік беларускага музэю, лёс якога трагічны

Паводле Адама Станкевіча: «Зьбіраючы беларускія культурныя здабыткі, у Шыпілы паўстала думка стварэньня зь іх як бы беларускага нацыянальнага музэю, які, паводле яго думкі, меў памяшчацца ў родным фальварку Залесьсі... Думка гэта... не была пустой... Дзеля гэтай мэты ў Залесьсі ўжо нават быў збудаваны дом, у якім з цэнных беларускіх здабыткаў ужо сёе-тое было памешчана. На няшчасьце, аднак, дом гэны згарэў і надта магчыма... не адна згарэла зь ім і цэнная беларуская рэч».

«У 1910 г. у маёнтку здарыўся пажар. Выратаваць... нічога не ўдалося... Я ня мог ні есьці, ні спаць і ледзь не захварэў. Толькі Янка Купала вершам сваім, у якім выліў сваё спачуваньне мне, стараючыся суцешыць, дасягнуў таго, што я супакоіўся... Верш гэты, быццам суцяшальны бальзам, вылечыў маю душу».

8. Першы рэдактар і захавальнік творчай спадчыны Янкі Купалы

«Браніслаў Ігнатавіч рэдагаваў першы зборнік „Жалейка“ (1908) маладога паэта. Навуковец сам складаў гэты зборнік, куды ўвайшло 98 вершаў. Менавіта Эпімах-Шыпіла зьяўляецца і першым захавальнікам творчай спадчыны Янкі Купалы: у 1910 г. ён склаў два машынапісныя сшыткі вершаў паэта, ... зьбярог рукапісы твораў 1906–1907 гг. Сам аўтар доўгі час лічыў гэтыя рукапісы страчанымі».

9. На працягу ўсяго жыцьця складаў унікальную рукапісную «Беларускую хрэстаматыю»

«З 1889 году ён пачаў складаць рукапісную „Беларускую хрэстаматыю“... Гэта ўнікальная крыніца, дзякуючы якой да нас сёньня дайшлі многія вершаваныя творы другой паловы ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя. Менавіта адсюль яны былі ў свой час перадрукаваныя і занялі належнае месца ў гісторыі беларускай літаратуры» [Сярод гэтых твораў трэба адзначыць]: паэму «Тарас на Парнасе», знакамітыя творы Цёткі «Мора» і «Хрэст на свабоду». Працу над хрэстаматыяй не спыняў да 1931 году.

10. У апошнія гады стаў бясхатнікам

«У рукі мае трапіла пісулька, пісаная Шыпілам ужо зь Ленінграду, да кс. Віктара Шутовіча... Пісулька гэта вымоўна і трагічна малюе апошнія гады жыцьця дастойнага праф. Шыпілы... «Ленінград, 1-га лістапада 1930 г. Паважаны Зямляча! /.../ Прошлым летам спаткала нашу Акадэмію вялікая бяда, ад каторай уцярпеў і я. 19-га ліпеня пасьля вобыску, у часе каторага былі забраны Вашы лісты і фатаграфія, я быў зьняволены і прасядзеў два месяцы. Выпушчанаму казана мне пакінуць Менск, і я мусіў выехаць у Ленінград, дзе апынуўся выкінутым на брук, бо вось ужо месяц... не магу знайсьці сабе ня толькі кватэры, але хоць бы пакойчыка, і можа, прыйдзецца згінуць дзе на вуліцы ад холаду і голаду...»

«І да сёньняшняга дня застаюцца таямніцай... апошнія чатыры гады яго жыцьця».

Аўтар дзякуе Дзьмітрыю Давідоўскаму за дапамогу пры падрыхтоўцы публікацыі.

Выкарыстаныя крыніцы

  • А. Каўка. «Прафэсар беларускага штаба». // «Скарыніч». Вып. 1. Мн., 1991.
  • Ганна Запартыка. «Справа бібліятэкара Б. І. Эпімах-Шыпілы» // «Полымя». 2009, № 3.
  • С. Александровіч. «Браніслаў Эпімах-Шыпіла» // «Беларусь». 1947, № 7
  • Ад. Станкевіч. «Прафэсар Браніслаў Эпімах-Шыпіла». Вільня, 1935.
  • З.Ж. «Прафэсар Б. І. Эпімах-Шыпіла як піанэр беларускага руху» // «Савецкая Беларусь», 1924, 25 сьнежня, № 297.
  • Б. Эпімах-Шыпіла. Рэцэнзія на выданьне А. Сержпутоўскага «Казкі і апавяданьні беларусаў з Слуцкага павету». 1926 г. // Запіскі аддзелу гуманітарных навук. Кн. 2. Працы клясы філёлёгіі. Т. 1. Мн., 1928.
  • Надзея Саевіч. «Жывучы ў Беларусі, адчуваў сябе шчасьлівым...»
  • Да юбілею Браніслава Эпімах-Шыпілы // «Роднае слова». 2014, № 9.
  • Ірына Багдановіч. «На шляху нацыянальнага і духоўнага адраджэньня Беларусі. Да 150-годзьдзя з дня нараджэньня Браніслава Эпімах-Шыпілы» // «Наша вера». 2009, № 4.
  • Васіль Дэ Эм

    Васіль Дэ Эм (Васіль Дранько-Майсюк) — драматург, актор, дзіцячы пэдагог, мастак. Нарадзіўся ў мястэчку Давыд-Гарадок. Скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў (рэжысура драмы).

  • https://www.svaboda.org

Последние новости