vicebskreg.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Витебского региона Культура

21.03.2020 15:22

82 просмотра

0 комментариев

Любоў да малой радзімы ў Старым Сяле Віцебскага района дзецям прывіваюць з маленства

У мясцовым дзіцячым садку створаны беларускі куточак. Загадчыца дашкольнай установы адукацыі Марыя Трамбіцкая запрашае на другі паверх, абяцае паказаць адно з самых любімых месцаў дзятвы ў садку.

Марыя Мікалаеўна кажа, што адсюль пачынаецца знаёмства малечы з малой радзімай. І сапраўды, у звычайнай калідорнай прасторы ўладкаваны этнаграфічны куток у выгля­дзе беларускай хаткі. Тут праводзяцца заняткі па азнаямленню з асаблівасцямі быту продкаў. На пачэсным месцы — печ. Побач з ёй размешчаны абавязковы інвентар: качарга, вілы, чапяла. Гарлачыкі, збаны, кошыкі дадаюць каларыту. Сярод экспанатаў таксама ручнікі, якія былі інтэр’ерам хат прашчураў, бабуль і дзядуль педагогаў садка і яго выхаванцаў. Менавіта праз іх усе гэтыя рэчы сялянскага побыту трапілі сюды і сёння сталі ўжо рарытэтамі, на якіх прыходзяць падзівіцца.

— З наведвання беларускага куточка толькі пачынаецца работа з нашымі выхаванцамі па фарміраванні патрыятычных пачуццяў і грамадзянскай свядомасці, пашырэнні ведаў дзетак па гісторыі сваёй малой радзімы, — звяртае ўвагу на сістэмную дзейнасць у гэтым накірунку загадчыца садка.

Выхавацель Наталля Палойнікава прытрымліваецца прынцыпу «праз малое — да вялікага». Яна нарадзілася на Старасельшчыне. На малой радзіме піша і сваю працоўную біяграфію пасля заканчэння Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава. Праз гады ўзгадвае пра тое, як ёй, малой дзяўчо, калісьці пра гістарычнае мінулае краю і яго сучаснае развіццё, прыгажосць родных мясцін, дасягненні землякоў, нацыянальна-культурныя традыцыі і духоўныя набыткі продкаў распавядала яе выхавацель Валянціна Сцяпанаўна Філіпенка.

Сёння ўжо яна крочыць гэтымі сцежкамі са сваімі малымі. Абавязковы прыпынак — беларускі куточак, дзе Наталля Палойнікава заводзіць напеўнае коласаўскае: «Мой родны кут, як ты мне мілы».

На здымку: Наталля Палойнікава.

Таццяна КНЯЗЕВА, "Жыццё Прыдзвіння"

Последние новости