vicebskreg.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Витебского региона Культура

22.05.2020 10:37

123 просмотра

0 комментариев

Расійскія «дыскусійныя клубы» — праваднікі «русского мира»

У гэтым расследаванні мы падрабязна раскрываем, якім чынам Расія выкарыстоўвае прадстаўнікоў журналісцкага асяроддзя, сеціва так званых дыскусійных клубаў «Импрессум», «Формат-А3», «Сковорода» для вядзення прапаганды, здзяйснення інфармацыйна-псіхалагічных аперацый і аперацый уплыву ў бліжэйшых з ёю суседніх краінах.

Створаная і выкшталцаваная сістэма медыяструктураў, падпарадкаваных адзінай задуме, мэтам і задачам, сведчыць пра вядзенне Расійскай Федэрацыяй паўнавартаснай інфармацыйнай вайны супраць Украіны, краінаў Балтыі, Малдовы, а таксама Беларусі — на сёння ключавога аб’екту ўздзеяння РФ.

Яшчэ філосаф Жан-Жак Русо называў масмедыя «чацвёртай уладай». З таго часу мінулі больш за два стагоддзі, і з друкаванай прэсы масмедыя ператварыліся ў глабальныя інфармацыйныя сістэмы, якія ахопліваюць транснацыянальныя аўдыторыі. Праз кардынальнае змяненне саміх каналаў камунікацыі ўплыў СМІ на насельніцтва асобна ўзятай краіны і чалавецтва агулам стаўся велізарным. Аднак разам з гэтым адбылося і эпахальнае развіццё сродкаў прапагандысцкага ўздзеяння, якое на сёння не мае межаў. Чалавек застаецца нязменным, а тэхнічныя мажлівасці прапаганды, якая набывае ўсё больш мяккія і незаўважныя формы ўздзеяння, увесь час прагрэсуюць.

У 2007 годзе падчас знакамітай Мюнхенскай прамовы, Пуцін задэклараваў абранне Расійскай Федэрацыяй новага асаблівага шляху, які палягаў у актывізацыі неаімперскай палітыкі. Пасля гэтай падзеі расійская імперыякратыя з новай сілай распачала правядзенне агрэсіўнай дзейнасці ў межах рэалізацыі стратэгіі «soft power» у суседніх з ёй дзяржавах. Аб’ектам сталі перадусім краіны, якія раней уваходзілі ў Савецкі Саюз і якія Расія лічыць непасрэднай сферай свайго ўплыву і жыццёвых інтарэсаў. У гэтых краінах «блізкага замежжа», паводле расійскай тэрміналогіі, расійская «чацвёртая ўлада» пачала ствараць прапагандысцкія медыяклубы, асноўнымі задачамі якіх стала кансервацыя значнай часткі грамадства ў расійскай культурніцкай, гуманітарнай і інфармацыйнай прасторы, падтрыманне шчыльнай сувязі і каардынацыя дзеянняў з прарасійскімі сіламі, а таксама акцэптацыя станоўчага вобразу Расіі, што ўсё разам і вызначае стратэгію «мяккай сілы» РФ.

Сеціва медыяклубаў — праваднікоў расійскіх аперацый уплыву

Стварэнне сеціва так званых дыскусійных медыяструктураў пачалося з клубу «Импрессум», які быў заснаваны ў Эстоніі ў 2008 годзе. У наступным, 2009 годзе, у Расіі быў створаны ключавы на сёння клуб сеціва — «Формат-А3», — які распачаў сваю дзейнасць у Малдове, а з 2010 года пачаў праводзіць мерапрыемствы і ва ўкраінскім Крыме. Таксама ў 2010 годзе, пасля перамогі на прэзідэнцкіх выбарах прарасійскага кандыдата Віктара Януковіча, ужо непасрэдна ва ўкраінскай сталіцы з’явіўся новы структурны элемент сеціва — клуб «Сковорода». У 2011 і 2012 гадах «Формат-А3» пашырыў сваю актыўнасць у краінах Балтыі — Латвіі і Літве. З 2015 года мэтай расійскіх аперацый уплыву пад прыкрыццём клубу «Формат-А3» стала Беларусь, якая цягам наступных гадоў ператварылася ў асноўны аб’ект уздзеяння. За пяць гадоў свайго функцыянавання ў Беларусі клуб паспеў правесці амаль 90 (!) мерапрыемстваў, на якіх прысутнічалі тысячы чалавек, заангажаваў у сваю дзейнасць шматлікіх прадстаўнікоў дзяржаўнага журналісцкага асяроддзя на нацыянальным і рэгіянальным узроўні, атрымаў доступ да студэнцкіх аўдыторыяў у Мінску і Гродна, заручыўся лаяльнасцю і падтрымкай дзяржаўнага ідэалагічнага апарату Беларусі.

Галоўным партнёрам сеціва з’яўляецца чарнасоценны «Изборский клуб», заснаваны ў верасні 2012 года ў Ізборску Пскоўскай вобласці. Гэта аб’яднанне расійскіх грамадскіх дзеячаў і экспертаў, якія маюць пераважна антыліберальныя погляды і з’яўляюцца ідэолагамі расійскага неаімперыялізму, а таксама зацятымі прадстаўнікамі нацыянальнага геастратэгічнага праекту РФ, які артыкулюе ключавую пазіцыю ў парадыгме «русского мира», — еўразійства. Для рэалізацыі гэтага праекту Расіі неабходныя Украіна і Беларусь, Малдова і краіны Балтыі, без якіх яна ўяўляе з сябе больш азіяцкую дзяржаву.

Старшыня і асноўны ідэолаг клубу — галоўны рэдактар шавіністычнай расійскай газеты «Завтра» Аляксандр Праханаў. Ядро клубу складаецца з людзей, далучаных да Цэнтру (інстытуту) дынамічнага кансерватызму, якім кіруе Віталь Авяр’янаў — адзін з укладальнікаў і рэдактараў так званай «Русской Доктрины», якую яе стваральнікі называюць асноўным праграмным дакументам «русского мира». Значная частка сталых чальцоў «Изборского клуба» непасрэдна ўдзельнічае ў якасці спікераў на мерапрыемствах усіх медыяклубаў сеціва.

У беларускай інфармацыйнай прасторы дзейнасць гэтых клубаў — перадусім, «Формат-А3», — у аспекце істотных пагрозаў для нацыянальнай бяспекі краіны дагэтуль не асвятлялася. Мы паспрабуем запоўніць такі прабел, паказаць глыбіню і маштаб пранікнення гэтых медыйных структураў у грамадскае жыццё краінаў Балтыі, Малдовы, Украіны і Беларусі. Раскрыць іх бенефіцыяраў, надаць звесткі пра іх актывы і праекты. Падобны комплексны і падрабязны аналіз дзейнасці сеціва расійскіх медыяклубаў у кантэксце рэалізацыі РФ аперацый уплыву на міжнародным узроўні здзяйсняецца ўпершыню.

Цяпер, падчас пандэміі COVID-19, дзейнасць расійскіх прапагандысцкіх структураў, у тым ліку ў Беларусі, знаходзіцца ў пэўным стазісе, яны пазбаўленыя сваіх вялікіх аўдыторыяў, перадусім у журналісцкім і студэнцкім асяроддзі. Мы маем унікальны шанец перад будучым узнаўленнем іх дзейнасці вывучыць і ўзяць на ўзбраенне інфармацыю ў дачыненні да гэтых інструментаў расійскага інфармацыйнага ўздзеяння.

Кіраўніцтва сродкамі расійскіх аперацый уплыву і прапаганды

Кіруе міжнароднымі дыскусійнымі медыяклубамі «Импрессум» і «Формат-А3» адна асоба — Галіна Сапожнікава.

Галіна Сапожнікава. Фота klops.ru

Галіна Міхайлаўна Сапожнікава нарадзілася ў Іжэўску ў ліпені 1964 года. У 1988 годзе скончыла журфак Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта, была размеркаваная на працу ў газету «Молодежь Эстонии» (рускамоўны друкаваны орган ВЛКСМ Эстонскай ССР). Праз год яе ўзялі ў штат выдання «Комсомольская правда» ўласным карэспандэнтам па Эстоніі, Фінляндыі і Швецыі. З 1999 года працуе ў штаце «КП» у Маскве. Узнагароджаная дыпломам Урадавай камісіі Расіі па справах суайчыннікаў за мяжой за асаблівы ўнёсак у інфармацыйную падтрымку расійскіх суайчыннікаў (2010), мае падзяку прэзідэнта Расіі «За асаблівы ўнёсак у развіццё айчыннай журналістыкі» (2011). Лаўрэат шматлікіх расійскіх журналісцкіх прэмій, у тым ліку так званай літаратурна-медыйнай прэміі імя Алеся Бузіны (2016), лаўрэатамі якой з’яўляюцца такія адыёзныя постаці, як рэалізатар «Русской Весны» на Данбасе Павел Губараў, антыўкраінскі блогер Анатоль Шарый, памагатыя расійскіх акупантаў спявак Іосіф Кабзон, прапагандыст Кірыл Вышынскі і іншыя.

Галіна Сапожнікава — аўтар шматлікіх прапагандысцкіх матэрыялаў, скіраваных перадусім супраць Украіны, краін Балтыі, Польшчы. Да лістапада 2018 года дастаткова актыўна публікавалася на (пра)расійскім рэсурсе IMHOclub. Таксама супрацоўнічала і з прапагандысцкім рэсурсам «Sputnik». Яна адкрыта ўслаўляе расійскую акупацыю Крыму, які наведала ў 2017 годзе.

Медыяклуб «Импрессум»

Першым структурным элементам сеціва з’яўляецца медыяклуб «Импрессум» (MTÜ Impressum), заснаваны ў Таліне 28 кастрычніка 2008 года, роўна праз два з паловаю месяцы пасля сканчэння актыўнай фазы расійскай ваеннай агрэсіі ў грузінскім рэгіёне Самачабла. Паводле дадзеных Службы ўнутранай бяспекі Эстоніі (Kaitsepolitseiamet, КаПо), гэты медыяклуб быў адмыслова створаны , каб стаць правадніком для пашырэння ў Эстоніі неабходных тэмаў і наратываў у кантэксце рэалізацыі расійскіх аперацый уплыву.

Дадзеныя на НКА «Импрессум» (Impressum MTÜ) паводле інфармацыйнага рэгістру inforegister.ee

Прадстаўнікі спецслужбы перакананыя: з самага пачатку сваёй дзейнасці клуб арганізоўвае рэгулярныя антыэстонскія прапагандысцкія мерапрыемствы. Перадусім гэта правядзенне публічных сустрэчаў, круглых сталоў, майстар-класаў, разнастайных прэзентацый з удзелам спікераў — расійскіх лідараў грамадскага меркавання, дзеячаў культуры, навукі, бізнесу, палітыкі. Паказальна, што часта гэтым расійскім выступоўцам спецслужбы Эстоніі забараняюць знаходзіцца на тэрыторыі краіны, юрыдычна ім надаюць статус «persona non grata» (1, 2). На мерапрыемствах прысутнічаюць, як правіла, актывісты (пра)расійскіх арганізацый, перадусім «Ночного дозора» і журналісты рускамоўных медыярэсурсаў.

Падчас аднаго з мерапрыемстваў медыяклубу «Импрессум» у Таліне. Фота sputnik-news.ee

Кіруюць клубам мясцовы бізнесовец, выдавец і галоўны рэдактар «“Комсомольской правды” в Северной Европе» Ігар Цяцерын і Галіна Сапожнікава. Асноўная дзейнасць (як гэтай, так і іншых камунікатыўных пляцовак) — правядзенне публічных сустрэчаў з вядомымі расійскімі медыйнымі персонамі і грамадскімі дзеячамі, тэмы выступаў якіх звычайна цалкам супадаюць з наратывамі расійскай прапаганды.

Кіраўнікі клуба «Импрессум» Ігар Цяцерын і Галіна Сапожнікава. Фота kp.md


КаПо звязвае клуб «Импрессум» непасрэдна са Службай знешняй выведкі РФ (СЗВ). Апроч гэтага, камісар КаПо Андрэс Кахар (Andres Kahar) у дадатку да газеты Eesti Paevaleht — Riigi Kaitse (Дзяржабарона) падаў інфармацыю, што асноўныя мерапрыемствы «Импрессум» праводзіць Сапожнікава, якая мае шчыльныя сувязі з мясцовымі расійскімі экстрэмістамі, пераважна з групоўкі «Ночной дозор», і актывістамі кангламерату арганізацый «расійскіх суайчыннікаў».

Масавыя беспарадкі у Таліне, якія суправаждаліся пагромам і марадзёрствам, справакаваныя радыкаламі групоўкі «Ночной дозор» у красавіку 2007 года падчас пераносу манументу так званага «Брознавага жаўнера» на Вайсковы цвінтар.

Амерыканскі пісьменнік і журналіст Піт Эрлі (Pete Earley) у сваёй кнізе «Comrade J — the untold secrets of Russia’s master spy in America after the end of the Cold War» («Таварыш Дж. — невырашаныя таямніцы галоўнага расійскага шпіёна ў Амерыцы пасля заканчэння Халоднай вайны») падае сведчанні Сяргея Траццякова — афіцэра СЗВ РФ, які ў 2000 годзе перайшоў на бок ЗША. Паводле прызнанняў гэтага перабежніка, у 1990-х гадах у якасці карэспандэнтаў выдання «Комсомольская правда» за мяжой працавалі больш за дзесяць асобаў, з якіх толькі адзін не атрымліваў заробак у СЗВ. Гэты, адзін з асноўных расійскіх органаў знешняй выведкі, можа выкарыстоўваць агентурнае сеціва з прадстаўнікоў журналісцкага асяроддзя, каб атрымаць доступ да важных асобаў, а таксама садзейнічаць правядзенню супраць краіны прызначэння расійскай інфармацыйнай вайны.

Яшчэ раз асабліва зазначым, што Галіна Сапожнікава працавала ў Эстоніі ўласным карэспандэнтам «Комсомольской правды» з 1989 па 1999 гады.

Сузаснавальніку клубу «Импрессум» Ігару Цяцерыну належыць выдавецкая кампанія SKP Media, якае выдавала газету «“Комсомольская правда” в Северной Европе» (чытацкая аўдыторыя ў Эстоніі, Латвіі і Фінляндыі), з абаротам больш за 200 тысяч еўра ў 2018 годзе. Выдавецкі дом SKP Media быў створаны ў 2003 годзе, у яго склад уваходзіла таксама аб’яднанне «Российская книга». У сакавіку 2018 года ўласнік ухваліў рашэнне пра продаж сваёй часткі ў газеце «"КП" в Северной Европе». Мае Цяцерын таксама і супольныя з Галінай Сапожнікавай актывы — кампаніі Baltinpress і Masterclass. Характэрна, што эстонскі журналіст і публіцыст Алег Самародній (колішні шэф-рэдактар "КП" в Северной Европе»), які выкрывае дэструктыўную дзейнасць прарасійскіх сіл, у сваёй кнізе «Бремя полуверок» падае сведчанні, што Ігар Цяцерын напрыканцы 1980-х гадоў разам з Уладзімірам Ілляшэвічам пісалі выкрывальныя і скандальныя артыкулы пра дэпартацыю з Эстоніі, якія публікаваліся ў тагачаснай савецкай прэсе. Паводле дадзеных КаПо, Уладзімір Ілляшевіч з красавіка 1983 па сакавік 1988 гадоў з’яўляўся аператыўным супрацоўнікам І аддзелу (выведка) КДБ Эстонскай ССР. Паводле выдання Postimees, пад прыкрыццём журналісцкай працы ў савецкай інфармацыйнай агенцыі АПН ён быў накіраваны ў Фінляндыю, дзе працаваў да канца 1991 года.

Уладзімір Ілляшэвіч у прэс-цэнтры эстонскай філіі расійскага прапагандысцкага выдання Sputnik. Фота sputnik-news.ee

Напачатку 1990-х Ілляшэвіч супрацоўнічаў з газетай «Молодежь Эстонии», а затым быў галоўным рэдактарам штотыднёвіка «Русский Телеграф». Пасля стварэння клубу «Импрессум» дзейнасць своеасаблівага тандэму Цяцерына і Ілляшэвіча значна актывізавалася. Увесну 2009 года яны спрычыніліся да пашырэння кнігі на эстонскай мове «Депортации в Эстонии» (эст. — Deporteerimised Eestis: kuidas see tegelikult toimus), у якой кіраўнік расійскага фонду «Гістарычная памяць» Аляксандр Дзюкаў (яго шмат хто ў акадэмічных колах называе крамлёўскім рэвізіяністам і фальсіфікатарам гісторыі), спрабуе маралізаваць і апраўдаць масавыя савецкія дэпартацыі жыхароў Эстоніі ў Сібір.

Прадукт расійскай інфармацыйнай вайны супраць Эстоніі, створаны А.Дзюкавым. Фота impressum-club.eu

Друкаванне гэтай кнігі ў Эстоніі было пракаватыўна прымеркаванае да 60-й гадавіны з моманту масавай дэпартацыі эстонцаў. Кніга пабачыла свет дзякуючы выдавецкай кампаніі Tarbeinfo, чальцом праўлення якой з’яўляецца Уладзімір Ілляшэвіч. Прэзентацыю гэтага прадукту расійскай прапаганды ў Таліне на базе клубу «Импрессум» арганізавалі непасрэдна Ігар Цяцерын і Галіна Сапожнікава.

Падчас прэзентацыі кнігі Дзюкава, арганізаванай клубам «Импрессум» у Таліне. Фота impressum-club.eu

Для ўсіх дыскусійных клубаў, афіляваных з Расіяй, характэрнай асаблівасцю з’яўляецца запрашэнне на свае мерапрыемствы мясцовых вядомых людзей і лідараў грамадскага меркавання, якія могуць даць экспертную ацэнку падчас абмеркаванняў. Праз выкарыстанне іх рэпутацыі і ўплыву адбываецца спроба стварэння ілюзіі пэўнай бесстароннасці гэтых мерапрыемстваў, а таксама акцэптацыя пашыраных на іх меркаванняў і ідэй расійскай прапаганды. На першы погляд, гэтыя сустрэчы не з’яўляюцца правакацыйнымі, аднак у выніку паглыбленага аналізу вынікае, што іх галоўная мэта — правядзенне доўгатэрміновых і паслядоўных інфармацыйных і псіхалагічных аперацый РФ, мэты і задачы якіх таргетна абіраюцца для кожнай краіны прызначэння.

У Эстоніі, Латвіі і Літве з дапамогай гэтых мерапрыемстваў пашыраюцца перадусім тры асноўныя расійскія наратывы — абвінавачванне прадстаўнікоў нацыянальнай эліты ў прыхільнасці да нацызму; пашырэнне дэзінфармацыі пра дыскрымінацыю рускамоўнага насельніцтва і нібыта абавязковае прымушэнне яго да пераходу на нацыянальную мову навучання ў адукацыйных установах; навязванне меркавання пра failed state (няспраўжданая дзяржава) краінаў Балтыі, якія «з самых паспяховых у Савецкім Саюзе сталіся аднымі з бяднейшых у Еўрасаюзе».

На тэрыторыі Эстоніі інфармацыйную падтрымку мерапрыемстваў клубу «Импрессум» надавалі перадусім такія медыя: ПБК, «"КП" в Северной Европе», «МК-Эстония», «Sputnik Эстония», «День за днем», «Радио 4 Эстония», «Русский портал», «Агенство SKP News», delfi.ee, dv.ee, postimees.ee, stolitsa.ee, linnaleht.ee, mnenie.ee, err.ee, baltnews.ee і іншыя.

Як бачым, для аперацый уплыву Расіі ў краіне NATO Эстоніі сфарміраваны выкшталцаваны і дасканалы механізм іх рэалізацыі — ад стварэння медыйнага прадукту да яго інфармацыйнай падтрымкі і пашырэння.

Дзейнасць Галіны Сапожнікавай у Эстоніі не абмяжоўваецца толькі арганізацыяй працы клубу «Импрессум». Яна стварае і пашырае ў гэтай краіне таксама ўласныя інфармацыйныя прадукты. Сапожнікава з’яўляецца аўтарам кнігі «Арнольд Мери: последний эстонский герой», надрукаванай у 2009 годзе выдавецтвам Ігара Цяцерына SKP Media.

Гэты інфармацыйны прадукт можна ўпэўнена разглядаць у кантэксце вядзення Расіяй інфармацыйнай вайны супраць Эстоніі. Яшчэ ў 2007 годзе эстонская пракуратура накіравала ў суд крымінальную справу, у якой Арнольду Меры быў інкрымінаваны інкрымінаваны ўдзел у генацыдзе мірнага насельніцтва Эстоніі. Як першы сакратар ЦК камсамолу Эстонскай ССР ён каардынаваў і кіраваў працэсам дэпартацыі эстонцаў з выспы Хіюмаа ў Сібір у 1949 годзе. Памёр Меры, так і не дачакаўшыся выраку суда.

Паказальна, што ўсе буйныя залы ў Таліне адмовілі ў прадстаўленні сваіх пляцовак для правядзення прэзентацыі прапагандысцкага выдання. У выніку месцам яе правядзення было лакалізаванае выключна расійскай тэрыторыяй памяшканне Амбасады РФ у Эстоніі. Пазней за гэтую кнігу Сапожнікава атрымала ўзнагароду ад Федэральнай агенцыі па друку і масавых камунікацыях Расіі.

Кампанія «SKP Media» Цяцерына таксама выдала зборнік расійскай ваеннай прапаганды «Анатомия маленькой кавказской войны» пра агрэсію РФ супраць Грузіі ў 2008 годзе, і яшчэ адзін зборнік «Некороткая память» у 2009 годзе. У апошняй найноўшая гісторыя Эстоніі пададзеная праз прызму ідэалогіі «русского мира».

Медыяклуб «Формат-А3»

У ліпені 2009 года ў Маскве з’яўляецца другі дыскусійны медыяклуб сеціва «Формат-А3». Стварылі яго журналісты аднаго з асноўных рупараў расійскай прапаганды — дзяржаўнага тэлеканалу «Россия» і найбуйнешай расійскай штотыднёвай газеты «Комсомольская правда» («КП»). Апошняя ўваходзіць у аднайменны выдавецкі дом, які намінальна кантралюе расійскі медыямагнат і нафтатрэйдар Рыгор Бярозкін, а паводле інфармацыі пэўных крыніцаў, яго курыруюць людзі з Адміністрацыі прэзідэнта РФ.

Гэты клуб дастаткова працяглы час дзейнічае на тэрыторыі Беларусі, аднак да гэтага часу яго дзейнасць заставалася па-за ўвагай грамадзянскай супольнасці. Але яго дзейнасць павінна быць аб’ектам для пільнай увагі не толькі беларускага грамадства, але і ўсяго сектару нацыянальнай бяспекі Беларусі.

Кіраўніком медыяклубу «Формат-А3», як мы ўжо зазначалі раней, з’яўляецца таксама Галіна Сапожнікава. У сваёй дзейнасці ён выкарыстоўвае фармат, ідэнтычны клубу «Импрессум». Характэрна, што сустракаецца яшчэ адзін варыянт напісання назвы клубу — «Формат А-3» — нават арганізатары ў апісанні дзейнасці, мэтаў і задачаў свайго клубу дапускаюць варыятыўнасць падачы яго наймення.

Першым аб’ектам для гэтага клубу была Малдова, у сталіцы якой Кішынёве да канца 2009 года правялі два першыя мерапрыемствы. Выканаўчым дырэктарам малдоўскага прадстаўніцтва «Формат-А3» з’яўляецца Ірына Іванчанка, журналістка выдання «“Комсомольская правда” в Молдове». Высветлена, што Іванчанка ачольвае створаную ў снежні 2015 года кішынёўскую грамадскую арганізацыю «Dialogum» (Asociaţia Obştească «Dialogum»). Менавіта гэтая арганізацыя фігуруе ў якасці партнёрскай для «Формат-А3» у межах правядзення сустрэчаў клубу ў Малдове.

Кіраўніца малдоўскай філіі медыяклубу «Формат-А3» Ірына Іванчанка

ГА «Dialogum» уваходзіць у так званы «Кординационный совет российских соотечественников» (КСРС) у Малдове. Падобны кангламерат арганізацый расійскіх суайчыннікаў (КСОРС) актыўна дзейнічае і ў Беларусі. Расія фармуе сецівы з (пра)расійскіх арганізацый ва ўсіх постсавецкіх дзяржавах — у тым ліку і для эфектыўнага правядзення аперацый уплыву.

Адным з першых мерапрыемстваў клубу «Формат-А3» сталася правядзенне ў лістападзе 2009 года сустрэчы ў Кішынёве прадстаўнікоў малдоўскай медыясферы з расійскім журналістам і пісьменнікам Андрэем Канстанцінавым. Ужо ў лістападзе таго ж году клуб правёў яшчэ адну сустрэчу ў Малдове, гэтым разам з дырэктарам Інстытута глабалізацыі і сталым чальцом «Изборского клуба» Міхаілам Дзялягіным.

У чэрвені 2013 года медыяклуб «Формат-А3» садзейнічаў правядзенню ў сталіцы непрызнанага ПМР Тыраспалі выязнога пасяджэння «Изборского клуба», на якім прысутнічалі Аляксандр Праханаў, Аляксандр Дугін, Андрэй Кабякоў. У мерапрыемстве ўдзельнічаў таксама Канстанцін Затулін — кіраўнік Інстытута краін СНД і адзін з архітэктараў «Русской Весны».

У інфармацыйнай падтрымцы і асвятленні мерапрыемстваў клубу ў Малдове былі зафіксаваныя перадусім такія медыя: «Кишиневский Обозреватель», ІА «Новости-Молдова», газета «Flux», «"КП" в Молдове», «“Аргументы и Факты” в Молдове», тэлекампанія NIT, газета «Capitala-Столица», «Sputnik Молдова», а на тэрыторыі так званай ПМР: ІА «Новый регион-Приднестровье», ТВ ПМР, «Радио Приднестровья» і іншыя.

Гэта першая частка расследавання. У другой мы раскрыем удзел сеціва расійскіх медыяклубаў у аперацыях уплыву Расіі ва Украіне, якія сталіся своеасаблівым пралогам да пачатку ваеннай фазы акупацыі ўкраінскай тэрыторыі, раскрыем падрыўную дзейнасць гэтых арганізацый у Латвіі і Літве і распачнём фундаментальны аналіз дзейнасці «Формат-А3» у Беларусі.

Дзяніс Івашын, "НовыЧас"

Последние новости