vicebskreg.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Витебского региона Культура

28.05.2020 08:21

214 просмотров

0 комментариев

Што адбываецца ў Віцебску, дзе бульдозэры нішчаць гістарычныя будынкі

Цягам апошняга тыдня ўвагу аматараў гістарычнай архітэктуры прыцягнулі трывожныя навіны зь Віцебску. У гістарычным цэнтры гораду бульдозэры раскапалі падмурак будынка канца ХІХ стагодзьдзя, дзе згуляў вясельле Марк Шагал. Іншы векавы будынак таксама ў гістарычным квартале часткова разбурыў новы ўласьнік.

Што будзе з падмуркамі дома Вітэнбэрга, дзе згуляў вясельле Шагал.
Дом Вітэнбэрга падчас разьліву Віцьбы ў красавіку 1931 году

У гістарычным цэнтры Віцебску ідзе рэканструкцыя ўчастку цеплавых сетак. Земляныя працы вядуцца на вуліцах Замкавай і Талстога. Калі пракладалі траншэю насупраць Уваскрасенскай царквы, адкрылі сьцены і падмуркі старых будынкаў, у тым ліку — дома гандляра Бэйнуса Вітэнбэрга (пабудаваны ў 1890-х гадах), вядомага перадусім першаклясным гатэлем «Брозі». Тут жа ўтрымліваў краму гадзіньнікаў і ювэлірных вырабаў Шмуль-Нэўх Розэнфэльд — бацька будучай жонкі і музы Шагала Бэлы. Кватэра Розэнфэльдаў была акурат над крамай. І менавіта ў ёй 25 ліпеня 1915 году Марк і Бэла пышна згулялі сваё вясельле.

(На карціне Марка Шагала «Аголеная над Віцебскам» справа бачны дом Вітэнбэрга)

Ад дома Вітэнбэрга захаваліся толькі падмуркі, але ў горадзе абмяркоўвалі праекты, каб яго адбудаваць на падставе старых плянаў і чарцяжоў.

У 2014 годзе на пляцоўцы, частку якой некалі займаў гістарычны будынак, паставілі помнік князю Альгерду.

«Калі экскаватар пачаў крышыць падмуркі дому Вітэнбэрга, а старую цэглу сталі вывозіць у невядомым кірунку, я стаў званіць у гарвыканкам, Міністэрства культуры, зьвяртацца да людзей, якія адказваюць за ахову аб’ектаў гісторыка-культурных каштоўнасьцей у горадзе. Нам удалося прыпыніць земляныя працы», — тлумачыць блогер Аляксей Андрыянаў, якога называюць віцебскім урбаністам.

У віцебскім аблвыканкаме пацьвердзілі, што працы на месцы гістарычных знаходак спыненыя. Але на які час — невядома.

«Пытаньні аховы археалягічнай спадчыны ўскладзеныя на Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, — патлумачыў гісторык Дзяніс Юрчак, які займае пасаду галоўнага спэцыяліста ўправы ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкаму. — Там працуе археоляг ад моманту пачатку работ. Праектная дакумэнтацыя ўзгодненая зь Міністэрствам культуры. Толькі навукоўцы маюць права прымаць рашэньні, наколькі той ці іншы аб’ект мае значэньне. Хоць падмуркі і ў складзе гістарычнага цэнтру ці культурнага пласта, але тое, што пад зямлёй і старэйшае за 120 гадоў, паводле Кодэксу аб культуры зьяўляецца аб’ектам археалягічным. І спэцыялісты АН могуць прымаць рашэньні, што зь ім рабіць: даваць ацэнку і далейшыя рэкамэндацыі мясцовым органам улады».

«Археалягічныя назіраньні за тымі работамі праводзяць спэцыялісты, якіх прызначае Інстытут гісторыі, — кажа намесьнік старшыні Віцебскага гарвыканкаму Віктар Глушын. — Яшчэ ў выходныя мне тэлефанавалі, і я таксама тэлефанаваў камунальным службам, каб прыпынялі работы. У працоўны дзень — панядзелак — зьявіўся ліст Інстытута гісторыі. У апошнім абзацы гэтага ліста сказана: у адпаведнасьці з заканадаўствам просім абавязаць заказчыка (у пашпарце аб’екта заказчыкам пазначаны РУП „Віцебскэнэрга“. — РС) прыпыніць на дадзеным участку земляныя працы да выкананьня комплексу дасьледаваньняў па фіксацыі выяўленага фрагмэнту каменнай пабудовы, яго навуковай апрацоўкі, ацэнкі і аналізу... Колькі гэта часу зойме, таксама вырашаць навукоўцы. Гарвыканкам тое, што трэба было зрабіць у дадзеным выпадку, зрабіў. Канечне, застаюцца пытаньні, работы таксама трэба праводзіць. Работы — плянавыя. Горад нельга пакінуць без паслуг цеплавых сетак. Аднак мы за тое, каб іх праводзіць у межах заканадаўства і ў межах Кодэксу аб культуры».


Археалягічнымі назіраньнямі на аб’екце займаецца прадстаўнік Інстытуту гісторыі НАН археоляг Аляксей Белавусаў. Разам зь ім будзе працаваць віцебскі архітэктар-рэстаўратар Яўген Калбовіч, які доўгі час займаў пасаду навуковага кіраўніка гістарычнага цэнтру Віцебску.

«Спачатку я назіраў за працамі як просты гараджанін, аднак цяпер маю запрашэньне ад Акадэміі навук, што дае мне права выступаць пры дасьледаваньнях як афіцыйная асоба, — кажа Яўген Калбовіч. — Гэты аб’ект ня можа быць не дасьледаваны».

Паводле яго, ніхто ня ведаў, што менавіта ў гэтым месцы захаваліся рэшткі падмуркаў дому Вітэнбэрга мяжы ХІХ—ХХ стагодзьдзяў.

«Цяпер мая мэта — усё фіксаваць. Пасьля разам з археолягам зрабіць прапановы, што будзе далей з гэтымі рэшткамі, якія мэтады і прыёмы прымяняць для іх захоўваньня — звычайная праца рэстаўратара, — сказаў Калбовіч. — На выходных з архітэктарамі Глебам Арлоўскім і Аляксандрам Міхайлюковым мы зафіксавалі адкрытыя падчас будаўнічых прац знаходкі — зрабілі здымкі, адбілі „нуль“, зрабілі абмеры і трасіроўку сьцен. Калі будзе прынятае рашэньне аб музэефікацыі ці кансэрвацыі, альбо будзе распрацоўвацца нейкае праектнае рашэньне, тады павінны быць дадатковыя дасьледаваньні. У гэтым выпадку — інжынэрныя і фізыка-хімічныя. Яны займаюць прыкладна месяц».

Гараджане накіроўваюць да гарадзкіх уладаў і ў Міністэрства культуры афіцыйныя звароты, каб захаваць магчымасьць аднаўленьня старых будынкаў, у прыватнасьці — дому Вітэнбэрга ў гістарычным цэнтры Віцебску.

«У ідэале — прымусіць зьмяніць праект, каб цеплатрасу не пракладалі па гэтым маршруце, — кажа віцебскі архітэктар Глеб Арлоўскі. — Праектанты мусілі ад пачатку прадугледзець не археалягічныя назіраньні, а паўнавартасныя археалягічныя раскопкі. Нават калі сёньня не аднаўляць, а закансэрваваць і чакаць лепшых часоў. Калі будзе цеплатраса, будынак ужо не паставіш. Адна справа — будаваць на гістарычных падмурках. Каштоўнасьць навадзелу нашмат меншая».

На думку гараджан, ня варта грэбаваць тым, што захавалася нават пад зямлёй.

«Фундамэнты можна адкапаць, — дадае Аляксей Андрыянаў. — Ёсьць варыянты, калі зьверху робіцца купал, і кожны ахвотны можа прыйсьці і паглядзець на тое, што захавалася — сьцены, фундамэнты старых будынкаў. Гэта вельмі цікава турыстам. А ў пэрспэктыве — аднавіць гістарычную забудову, але ніяк не руйнаваць дзеля пракладкі цеплатрасы».

Часткова разбурылі дом 1902 году. «Дазволу Міністэрства культуры не было»

Яшчэ ў адным са старых кварталаў Віцебску, дзе захавалася забудова з чырвонай цэглы, часткова разбураны дом — помнік архітэктуры канца ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзяў.

Цягам некалькіх гадоў дом № 7 па вуліцы Чэхава, які ў 1902 годзе пабудаваў купец Шнэр Шлёмаў Смалянскі, прадаваўся з аўкцыёну (будынак належаў фонду «Віцебскаблмаёмасьць»). У лютым гэтага году за 36 238 рублёў яго набыў жыхар вёскі Доўгае Бешанковіцкага раёну. Адной з умоў продажу было падпісаньне пакупніком у Міністэрстве культуры ахоўнага абавязаньня на будынак як гісторыка-культурную каштоўнасьць 3 катэгорыі. З далейшай яго рэканструкцыяй і рэстаўрацыяй.

Паводле «Народных навін Віцебску», па стане на 25 траўня ў будынку зьнятыя дах, кроквенная сыстэма і дахавае перакрыцьце, адсутнічае франтон з усходняга боку і кавалак сьцяны пад ім, а таксама да ніжняга краю вокнаў разабраны паўночна-ўсходні кут і частка паўночнай сьцяны над дзьвярыма.

У гарвыканкаме пракамэнтавалі, што новага ўласьніка цаглянага дому азнаёмілі з правіламі рэканструкцыі гістарычных будынкаў. Гэты выпадак будуць разглядаць і дзейнічаць у адпаведнасьці з заканадаўствам.

«Зараз будзем вызначацца — ці гэта адміністрацыйная справа, ці больш складаная, — тлумачыць намесьнік старшыні Віцебскага гарвыканкаму Віктар Глушын. — Дазволу Міністэрства культуры на гэтыя работы не давала. Я яшчэ ня бачыў усе дакумэнты. Нібыта ёсьць пэўныя заключэньні, што гэты будынак быў небясьпечны. Будзем разглядаць, ці перавысіў уласьнік свае паўнамоцтвы. І калі заканадаўства было парушана, у адпаведным парадку і ў адпаведнасьці з заканадаўствам уласьнік будзе прыцягнуты да адказнасьці. Калі ўсё нармальна, будынак будзе адноўлены ў тым выглядзе, у якім ён павінен быць адноўлены».

Па словах Віктара Глушына, справа будзе разгледжаная ў гарвыканкаме да канца гэтага тыдня.

Матэрыял падрыхтаваны з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

ЯШ, www.svaboda.org

Последние новости