vicebskreg.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Витебского региона Культура

15.09.2020 15:54

73 просмотра

0 комментариев

«Героі яшчэ знойдуцца, калі будзе ў тым патрэба»

«Герой» — так называецца прыпавесць Васіля Быкава. Яна пра яго час, яна пра наш час, яна пра будучыню. Проста пачытайце.

Племя тэрарызаваў Дракон. Дзе ён жыў-пасяляўся, ніхто не ведаў, — можа, дзе блізка, а можа далёка, можа, не на зямлі нават. Але ён дапякаў племю штогод. То хапаў у полі маладых дзяўчатаў, а то і хлопцаў, то дашчэнту вытоптваў пасевы, то бурыў халупы. А то насылаў на племя свой драконаўскі мор, калі ў полі не вырастала нічога, і племя трывала люты голад.

Як было бараніцца ад таго зверыядаўца, ніхто не ведаў. Праўда, здавён часу было заведзена ахвяраваць. У пэўны вясновы дзень, як пачыналі сачыцца маладым сокам бярозы, старэйшыны родаў збіраліся ля трох камянёў на Дубовым капішчы і выбіралі Героя. Ахвярай яго не называлі, тое не было прынята, называлі ласкава і спаважліва Героем. Героя пасылалі ў ахвяру Дракону, які затым, і праўда, прыціхаў на колькі часу, пераставаў назаляць племю. На палёх спеў ураджай маісу і кукурузы, сыцеў статак. Дый хваробы быццам адкараскваліся ад людзей. Але толькі на пэўны нядоўгі час.

Між тым племя шанавала чарговага Героя-ахвяру. На капішчы яму ладзілі помнік — высока пілавалі самы тоўсты дуб і з таго мажнага пня высякалі чалавечую выяву. То была складаная праца, і давяралі яе самым майстравітым людзям, самым шчырым і адданым вернікам. Такіх пнёў-ідалаў на капішчы за гады набралася ўжо некалькі тузінаў, усе ссечаныя дубы, груба, але выразна аздобленыя людскімі абліччамі. Яны ўважаліся за святых, дужа шанаваліся. У іхні гонар спраўлялі імшу — напачатку лета, па заканчэнні палявога сезону, пасярод зімы. Ім таксама ахвяравалі, але не мужчынаў, якіх у племені ўсё ж шанавалі за іх рабочыя рукі, а найбольш з дзяцей — хлопчыкаў ці дзяўчынак. Тых, каму карцела ахвяравацца, бо тое было прыгожа — з вянкамі на галоўках, пад радасныя спевы наўкола. Ахвотнікаў і ахвотніц было нямала, выбіралі самых прыгожых і беззаганных у паводзінах. А таксама ад лепшых бацькоў, горшыя таго не заслугоўвалі. Горшыя гаравалі пад драконаўскім прыгнётам — рабілі ў полі, пасвілі жывёлу, няньчылі малодшых. Абраныя разам з дымам узносіліся пад аблачыны, дзе было іншае, райскае жыццё. Разам з Героем іх таксама шанавалі шэраг наступных гадоў. Аж пакуль не з’яўляўся наступны Герой. Тады ўсё племя пераключалася на шанаванне таго, новага.

Хлопец Кім сапраўды быў самы дужы і, можа, самы смелы сярод немалой юначай грамады племя. I яшчэ ён дужа добра спяваў. Мабыць, менавіта таму, як з’явілася чарговая патрэба ахвяравання, выбар старэйшынаў патрапіў на яго. А патрэба сталася дужа пільная — ужо з вясны Дракон тройчы абрынаў свой гнеў супраць племя — найперш ушчэнт засушыў палеткі, пасля наслаў на іх град, і напаследак задушыў у ваколіцах трох маладых дзяўчатак. Старэйшыны меркавалі, што тое – не астатняе ў той год драконава злачынства, неўзабаве трэ чакаць новых. Бо ўжо другі год не ахвяравалі, не пасылалі да Дракона Героя.

Як сказалі Кіму, што сёлета ягоная чарга, хлопец узрадваўся гэткаму памяркоўнаму выбару. Тым болей, што ён ужо ведаў, з якога дуба будзе змайстраваны помнік яму — той самы высокі дуб ля скрыжавання дзвюх сцежак на капішчы быў бачны здалёк.

Праводзілі Героя ціхмяным летнім адвячоркам, як людзі папрыходзілі з поля. На капішчы расклалі вялікае вогнішча, наўкола якога сабралася ўсё племя. Галоўны і самы стары святар зычна пракрычаў закляцці на чатыры бакі свету. Усе радаваліся, будучы ўпэўненыя, што ўжо цяпер Дракон надоўга ўціхамірыцца, а Кім шчасліва ўвасобіцца ў пашаноўнага дубовага Ідала. Радаваліся бацькі Кіма, яго два малодшыя браты, якім стала наканавана зрабіцца роднымі братамі Героя; яны таксама гатовыя былі ў свой час пераняць ягоны прыклад. Радавалася каханая дзяўчына Кіма. Хоць, вядома, росстань — справа нялёгкая, але ж то расстанне не абы з кім — з Героем! Толькі Кімава маці не адчула вялікай радасці, дык то ж — маці. Не надта свядомая, абцяжараная матчынымі забабонамі, яна была бяссільная перад самотай разлукі. Маці сама ад таго пакутвала, ды не магла перамагчы сябе.

Як змерклася, Кім узяў свой востры меч і, адышоўшы ад вогнішча, знік у цемрыве ночы.

Племя занялося спрадвечнымі, звыклымі для сябе справамі. Праз колькі дзён узялося ладзіць дуб-помнік. Тры майстры за тры дні ссеклі той самы высокі дуб, абсеклі голле і з вяршыні высокага камля пачалі высякаць знаёмыя рысы Героя. Атрымалася ўвогуле падобна да яго аздобы, хоць тое было і не абавязкова. Галоўнае, каб было мужна, гераічна і прыгожа. Але што да Кіма, дык тут нічога прыўкрашваць і не было патрэбы. Ідал-помнік атрымаўся выдатны. Ці не самы лепшы сярод усіх іншых — старых і нядаўніх, якія цеснаю купкай высіліся на капішчы. Найстарэйшыя з іх, праўда, паволі страчвалі сваё былое хараство, чарнелі, трэскаліся, некаторыя нават трухлелі. Але тое зразумела — ім даўно ўжо не ахвяравалі маладых і патроху забываліся на іх. Уся ўвага і любоў племя засяроджвалася на апошніх.

Апошняя ахвяра, здаецца, была прынятая Драконам (значыцца, Кім дагадзіў, выбар старэйшынаў быў правільны), напады на племя спыніліся. За паўгода не было ніводнага ўварвання, ніхто на полі не быў схоплены. Ураджай выспеў зусім неблагі. Увосень, як сабралі маіс і кукурузу, племя наладзіла ўрачысты фэст у гонар апошняй, гэткай здатнай ахвяры.

I раптам аднойчы на сконе дня ў паселішчы паявіўся Кім.

Быў ён схуднелы, абдзёрты, босы, але ўсё з тым жа мячом у похвах, які яму ўручылі старэйшыны, і паведаміў, што забіў Дракона.

Тое было нечакана, нечувана і збянтэжыла ўсіх. Племя не ведала, як да таго аднесціся — ніколі раней нічога падобнага ў іх не здаралася. Ніхто не шкадаваў Дракона, людзі гатовыя былі парадавацца з нечуванай нагоды. Але гэтая навіна бурыла ўсю іерархію, блытала гісторыю, пляжыла веру, заснаваную на пэўным суіснаванні са злой варожаю сілай. Забойства Дракона будзіла ў душах людзей нестрываны страх: як бы цяпер не стала горш. Калі і праўда Дракон апынуўся забітым, ці не нава́ляцца на племя новыя жахлівыя выпрабаванні якой іншай злой сілы?

Зноў жа — што рабіць цяпер з выдатна зладжаным і ўжо ўшанаваным чурбаном-помнікам?

Нечаканае вяртанне Кіма выклікала вялікую узрушанасць усяго племя, але найбольшую — сярод родзічаў і крэўных Героя. Маці спярша ўзрадвалася, а затым аж спалохалася тае свае радасці. Бацька схапіўся за галаву. Два браты Кіма адразу яго ўзненавідзелі — гэтак спляжыць усё сваё ды іхняе, вынашанае за год геройства! Каханая спахмурнела — яна адчула сябе ашуканай: каханак быў Героем, а стаў немаведама кім. Дні і ночы ён задуменна сядзеў у халупе, ні з кім не спатыкаўся, ранейшыя сябры пакінулі яго. Усе яго адцураліся. I нават ідал-помнік без належнай ласкі і пашаны пачаў чарнець, трэскацца, яўна бурыцца. Таго, вядома, дапусціць было нельга.

Старэйшыны племя сабраліся ля трох камянёў на капішчы, вырашалі, як быць? Справа была сур’ёзная, трэба было прыняць неардынарнае вырашэнне. Належала выбраць адно з двух — ці Герой, ці ягоны помнік. Пасля нядоўгай дыскусіі вырашылі, што помнік усё ж даражэй. Ягонае захаванне не запатрабуе пераробкі іерархіі, не пабурыць традыцыяў. А Герой Кім? Героі яшчэ знойдуцца, калі будзе ў тым патрэба.

Герой Кім знік. Казалі, пайшоў у лес і не вярнуўся. Можа, утапіўся ў дрыгве, а можа, яго задралі звяры. Дракон жа таксама знік, падобна, сапраўды быў забіты, і пра яго паступова забыліся. Гэтаксама, як і пра Героя Кіма.

Дубы-ідалы не знікалі доўга, аднак шанавалі іх усё з меншым імпэтам. Мабыць, не было ў тым патрэбы.

А пасля перасталі і зусім.

Последние новости