vicebskreg.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Витебского региона Культура

21.09.2020 11:44

175 просмотров

0 комментариев

«Пасля інаўгурацыі людзі зноў выйдуць. А як іх супакоіць?» — гутарка з Уладзімірам Цэслерам

Цяпер дасціпныя шэдэўры Цэслера ствараюцца за мяжой — мастак і дызайнер адным з першых сярод сяброў Каардынацыйнай рады з’ехаў з Беларусі.

У новым кантэксце на работы сталага жартаўніка з сістэмы глядзіш па-ранейшаму з усмешкай, але ўжо горкай. Мы звязаліся з Уладзімірам і пагаварылі аб прычынах ад’езду, на чым трымаецца беларускі дзяржапарат і калі ў краіне зноў пральецца кроў.

Чаму ў пэўны момант вам падалося, што заставацца ў Беларусі небяспечна?

— Рашэнне аб маім ад’ездзе прыняў не я: я неяк не надаваў усяму гэтаму значэння, тым больш што канкрэтных сігналаў аб пагрозе не было, але мае сябры вырашылі, што публікацыяй сваіх работ у сацсетках я нарываюся, таму будзе вось так. Мне сказалі паехаць у мінскі аэрапорт і паспрабаваць купіць там білет на найбліжэйшы рэйс, проста праз дзве гадзіны, — так я і з’ехаў. Прыяцель даў мне прытулак у Кіеве (цяпер Цэслер з'ехаў далей — «НН»). Я маю магчымасць працаваць, у мяне з сабой камп’ютар — у гэтым сэнсе я не патрабавальны. У выніку, як бачым, многія сябры Каардынацыйнай рады вымушаны былі пакінуць краіну.

— Што да рады, наколькі, на ваш погляд, прадуктыўны яе спосаб законнымі метадамі супрацьстаяць уладзе, якая ў сваю чаргу дзейнічае даволі брудна?

— Абсалютна непрадуктыўны. Гэта ўсё роўна, што параўноўваць праўду і хлусню: праўда заўсёды прайграе, бо яна аднабокая, а хлусня іскрыстая і выкрутлівая, тым больш у выкарыстанні ўладаю. Тут жа ўсё на хлусні, усё!

— Але вы тым не менш увайшлі ў склад рады.

— Мне прапанавалі — я не пярэчыў, але ў выніку ні разу там так і не з’явіўся, бо, па-мойму, з’ехаў хутчэй, чым яны сабраліся. Мая дзейнасць як сябра рады прыпынена, мне падаецца, і дзейнасць самой рады запаволена — яна папаўняецца людзьмі, іх арыштоўваюць, на іх месца прыходзяць іншыя, але іх таксама, напэўна, арыштуюць.

— То-бок справа безнадзейная?

— Не тое каб безнадзейная — абсалютна безнадзейных спраў не бывае, але дастаткова складаная.

— Паглядзець ваш інстаграм, дзе вы публікуеце свае працы, апошнім часам там спрэс знакі сілавых структур. Якой вы бачыце іх ролю ў нашай сістэме?

— Яны працуюць так, што ні адна іншая структура ў нас так добра не працуе. Дай Бог, каб у яго [Лукашэнкі] так функцыянавала прамысловасць альбо сельская гаспадарка. Значыць, хлопцы добра зарабляюць, а хто плаціць, той замаўляе музыку. Не думаю, што яны асабліва на нейкім баку, там падбіраюць такіх людзей, якія не будуць замарочвацца і ўвогуле думаць. Да таго, што мы сёння маем, ён рыхтаваўся дваццаць шэсць гадоў: вымуштроўваў АМАП, умацоўваў сваю ўладу, маўляў, нікуды вы ад мяне не дзенецеся, вы — гаўно. У выніку людзей у сілавых структурах у Беларусі, па-мойму, нават больш, чым у арміі. Правасуддзе зроблена беспярэчным. Ім сказалі — яны зрабілі. Цяпер разумееш, што ўсе арыштаваныя ў свой час бізнэсмены — у іх проста забіралі грошы, а справы, відавочна, стваралі на пустым месцы.

— А вы чакалі, што сілавыя структуры праявяць сябе такім чынам?

— Я даўно разумеў, што рана ці позна нешта такое абавязкова здарыцца, і думаў, што гэта трэба неяк адцягнуць. Але такой жорсткасці не чакаў.

— А па якіх прыкметах вы разумелі, што нешта падобнае здарыцца?

— Паглядзіце на нашага прэзідэнта: што яшчэ ад яго можна чакаць? Зразумела, ён ніколі ў жыцці не аддасць такую салодкую для яго ўладу. Кожны раз пасля выбараў народ выходзіў і ўсіх збівалі, але так, як у гэтым годзе… шляху назад ужо няма.

— Перад выбарамі многія ставілі пытанне, будуць страляць 9 жніўня ці не. Што думалі вы?

— Я думаў: будуць, таму што ў яго не было іншага выйсця. Магло быць так, што ён бы загадаў страляць, а выканаўцы страляць не захацелі, а ў выніку некага нават забілі…. Улада ніколі не прызнавала памылкі, ёй пляваць на насельніцтва і ўсё іншае. Чалавек з трэскам праваліўся на выбарах, ды яшчэ з такім адрывам, — і робіць выгляд, што нічога не здарылася. Хоць бы напісаў сабе пяцьдзесят адзін з паловай працэнта, але ж дыктатары не могуць так выйграваць, іх жа павінны любіць больш, чым у мінулы раз. Усё было зразумела з самага пачатку, калі сталі арыштоўваць кандыдатаў, а нашыя галасы не ўлічваліся, быццам нас няма і мы ніхто. Пойдзе на чарговую інаўгурацыю, пусціць кроў — і ўсё.

— Пасля інаўгурацыі, думаеце, пральецца кроў?

— Ну а што, людзі будуць глядзець? Выйдуць жа. А як іх супакоіць? Я ўпэўнены, што так будзе, ніхто не збіраецца здавацца. А пакуль за мяжу з’язджае працаздольная частка насельніцтва — яму ўсё роўна, а людзі не могуць чакаць, ім трэба самарэалізоўвацца. Я разумею гэтых людзей: у іх адно жыццё, да таго ж не хочацца плаціць падаткі, за якія цябе б’юць сілавікі. З-за аднаго *** мы страчваем найлепшую частку насельніцтва. Такім чынам расійскія журналісты будуць працаваць на беларускім тэлебачанні, на шахты запросім украінцаў — навошта яму ўвогуле беларусы? Ён разваліць краіну, хлопне дзвярыма так, што нікому мала не пакажацца.

— Пратэст працягваецца больш за месяц. Чаму сістэма дагэтуль стаіць?

— Яна трымаецца на страху, увесь дзяржапарат — абсалютна на страху. Самымі смелымі з’яўляюцца маладыя людзі, крэатыўныя прафесіі, тыя, хто думае і стварае — вось яны не баяцца, гэта перадавая частка краіны. Ва ўсіх астатніх у генах яшчэ, напэўна, жыве сталінскі страх, але і сярод іх ёсць тыя, хто яго перамагае ў імя жадання жыць у свабоднай краіне.

— Вы і раней выступалі з кпінамі з нашай сістэмай — ці адчувалі ціск з боку дзяржавы?

— Я заўсёды з яе кпіў. Быў ціск, яшчэ падчас «саўка», увесь час пальчыкам гразілі то з інстытута выгнаць, то яшчэ нешта. Заўсёды я быў нейкі непажаданы — напэўна, таму што свабодалюбівы.

— А ці можна лічыць наўмысным ціскам гісторыю, якая здарылася ў пачатку года з вашай майстэрняй?

— Не, там меліся на ўвазе ўсе мастакі горада. Я паспрабаваў супрацьстаяць, некаторыя людзі згадзіліся мне дапамагчы, і мне пашанцавала. Разумееце, мастакі ў нас людзі бяспраўныя.

Арэндную плату за майстэрню тады павялічылі ледзь не ў сем разоў, я ўжо дакладна не помню. Адзін раз я заплаціў, а калі сітуацыя была вырашана, з гэтых грошай закрываліся рахункі за наступныя месяцы. Майстэрня ў мяне ўжо даўно — я тут яшчэ з Сяргеем Войчанкам працаваў, і кожны год барацьба за яе адымае частку жыцця. Напэўна, так трэба, не ведаю.

— Мы з вамі гаворым пра негатыўныя рэчы, а што ў апошніх падзеях вам бачыцца пазітыўнага?

— Пазітыўнае тое, што ён [Лукашэнка] сыдзе. І што кансалідаваўся народ: я ўбачыў новую Беларусь. Звычайна па горадзе ходзіш, а ён пусты, нікога няма, а тут я быў на Маршы свабоды ля Стэлы і ўбачыў такую колькасць людзей, якую Мінск не збіраў за ўсю сваю гісторыю. Трэба было, вядома, пайсці да Стэлы і 9 жніўня, але я ўжо, на жаль, не так добра бегаю, ад АМАПа дакладна б не збег. А на марш мне абавязкова трэба было трапіць, убачыць яго і адчуць, і гэта было ўнікальна. На жаль, тая эйфарыя прайшла: мы думалі, што перамаглі, гэта ж відавочна, паглядзіце, а потым зразумелі, што лёгка не будзе, улада нікуды не збіраецца сыходзіць. Вечарам пасля марша я і з’ехаў.

— Колькі яшчэ пратрымаецца гэты рэжым?

— Ну не ведаю, прадказальнікі шмат казалі, дзве вясёлкі, яшчэ нешта, але пляваць ён хацеў на гэтыя прадказанні з высокай званіцы. Хоць увогуле наш прэзідэнт смешны. Я ведаў, што ён ёсць, але ніколі яго не бачыў. Дваццаць шэсць гадоў побач, а нам нейкую кардонку паказваюць ды праспект перакрываюць, калі ён некуды едзе, да яго прыехалі людзі, яны там дзеляць бабкі, і з-за гэтага стаіць цэлы горад. Увесь гэты час мне сорамна за лухту, якую ён вярзе, бывае, вушы скручваюцца. Ужо нават пачынаеш да гэтага прызвычайвацца, адзін аднаму казаць: «Ну ты ж разумееш…» А хлопец аказаўся няпросты. Прыняў закон аб абразе прэзідэнта. Цікава, што ніхто не прыняў закон аб абразе прэзідэнтам народа. Разуменне гаспадара і слугі ён відавочна пераблытаў. Помніце, як ён крычаў на рабочага: «Апусці тэлефон!»? Як гэта прэзідэнт так размаўляе са сваімі людзьмі? Я ўяўляю, што ён кажа, калі на яго не накіравана камера.

— Ці стаў гэты крызісны час для вас асабліва прадуктыўным? Ведаю, што некаторыя мастакі ў гэтых умовах не могуць працаваць.

— Я не веру, што нехта не можа пісаць, не веру ў слова «натхненне», якое прыдумалі тыя, хто не ведае, што рабіць. Калі мастака, паэта, кампазітара перапаўняюць эмоцыі — тое, што ўнутры, выварочваецца. Як гэта ён не можа? Менавіта ў такія часы і пішацца, цяпер, наадварот, ствараюцца выдатныя рэчы, а што зрабілася з народам — ён стаў крэатыўным, ён выходзіць і смяецца ў твар пачвары і не баіцца гэта рабіць. Страх — больш нам не спадарожнік.

— Што будзе, калі раптам сістэма задушыць пратэст?

— Яна не задушыць пратэст — гэта немагчыма, адваротнага ходу не будзе, нават калі ўсё заліць крывёю, чаму, у прынцыпе, ужо закладзены пачатак. З гэтым рэжымам будуць толькі рэпрэсіі, ён можа толькі забіваць — забіваць у людзях жаданне нешта рабіць. Мы бездапаможныя перад яго хлуснёй. У мяне ўжо не засталося знаёмых, у каго ў сям’і нікога не арыштавалі. І ўсё ж я назіраю, што пратэстоўцаў становіцца больш. Спачатку выйшла моладзь — яе збілі, у наступны раз выйшлі бацькі, потым бабулі і дзядулі. Уся Беларусь супраць яго, і толькі ўсе астатнія за. Вы разумееце, калі ўся краіна супраць, хто гэтыя «ўсе астатнія».

— Як хутка, думаеце, зможаце вярнуцца ў Беларусь?

— Мой арганізм патрабуе прахалоды, камфортна я адчуваю сябе толькі ў сваёй зоне, у Мінску.

Гутарыла Ірэна Кацяловіч
https://nashaniva.by/?c=ar&i=259218

Последние новости