vicebskreg.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Витебского региона Культура

21.06.2022 11:00

115 просмотров

0 комментариев

Купальскія традыцыі нашых продкаў як псіхалагічная падтрымка

Са старажытных часоў вялікія святы выконвалі шмат функцый. Адной з самых важных з’яўлялася псіхалагічная разрадка.

Жыццё па строгіх правілах і нормах прыводзіла да псіхалагічнага напружання ў грамадзе. На агульных святах, калі дазваляліся (і нават заахвочваліся) парушэнні гэтых правіл, свавольствы і розныя штукарствы, гэтае напружанне здымалася. Таксама псіха-эмацыйнай разрадцы спрыялі і разнастайныя традыцыі ды рытуалы (рытуальныя гульні, спевы, вогнішча і г. д.).


22 - 23 чэрвеня, у перыяд летняга сонцастаяння, нашыя продкі адзначалі Купалле. Гэты час лічыўся кропкай найвышэйшага росквіту прыроды. З Купаллем звязана мностава звычаяў і рытуалаў.

Як можна адзначыць свята ды скарыстаць «мудрасць» продкаў у сучасных умовах, распавядаем у артыкуле.

1. Зёлкі ды зеляніна

Лічылася, што ў дзень летняга Сонцавароту ўсе зёлкі набываюць найбольшую моц. Таму з самага ранку дзяўчаты хадзілі ў лясы па лекавыя ды магічныя расліны. І хаця сёння ў нас існуюць аптэчныя лекі, выехаць на поле ці луг ды палюбавацца рамонкамі-валошкамі-званочкамі будзе дарэчы. А падораны сваякам ці сябрам букецік палепшыць настрой не толькі вам.

2. Чысціня ў хаце — чысціня ў думках

Як і перад любым святам, перад Купаллем наводзілі парадак у хаце, на падворку. Гэта дзеянне само па сабе станоўча ўплывае на наш псіха-эмацыйны стан (ды й для фізічнага здароўя карысна). А, калі, выносячы смецце, яшчэ дададзць туды свае негатыўныя думкі, будзе вам двайная палёгка.

3. Спальванне пудзіла

Адным з рытуалаў свята з’яўлялася ўрачыстае спальванне пудзіла на вялікім вогнішчы. Разам з ім палілі рыззё, рознае ламачча, каб пазбавіцца ад хвароб і непрыемнасцей.

Развесці вогнішча ў горадзе не так проста. І, калі ў вас не атрымалася далучыцца да святкавання Купалля за горадам, то спаліць пудзіла сваіх жахаў і непрыемнасцяў дастаткова праблематычна. Але выйсце ёсць! Намалюйце усё, ад чаго вам хацелася б пазбавіцца. Альбо напішыце. Падключыце да гэтай справы сваіх сямейных — няхай атрымаецца такое агульнае пудзіла. І спаліце гэты аркуш у металічным тазіку. Попел можна змыць у прыбіральні, яскрава ўяўляючы, як разам з ім з вашага жыцця сыходзіць усё тое, што вы напісалі/намалявалі.

4. Ранішні шпацыр

Каб быць здаровымі ды актыўнымі, нашыя продкі на Купалле качаліся ў расе на досвітку. Калі вам гэты рытуал падаецца занадта экстрэмальным, проста выйдзіце ў бліжэйшы сквер ці парк і сустрэньце ўзыход сонейка. Нават, калі вы любіце паспаць падолей, зрабіце на адзін дзень выключэнне — вы не пашкадуеце.

Фота: Купальскі світанак. Фотаздымак Канстанціна Міхалевіча

Тым, у каго ёсць магчымасць адпачыць удзень, можна зрабіць «татальную перазагрузку» — увогуле не класціся спаць у самую кароткую ноч. Яе можна прысвяціць справам, якія прыносяць вам задавальненне, але якія вы пастаянна адкладаеце. Альбо пабыць з сябрамі. А на досвітку ўсім разам сустрэць сонца.

5. Рытуальнае купанне

Не абысціся на летні сонцаварот і без вады. Калі побач няма прыроднага вадаёму, дзе можна паплюхацца, прыміце ванну з зёлкамі ці кантрасны душ. Нават простае ўмыванне прахалоднай вадой, спаласкванне рук і ног будуць мець неблагі эфект. Асабліва, калі вы будзеце ярка ўяўляць, што сцякаючы з вашага цела, вада забірае з сабой хваробы, стому, залішнія клопаты.

6. Рытуальная ежа

Нейкіх спецыфічных страў на Купалле не гатавалі — частаваліся тым, што кожны прыносіў да агульнага стала каля вогнішча. Звычайна гэты былі пірагі, яешня, бліны ды іншыя смакоцці. Прыгатуйце для сябе і блізкіх штось адметнае ў гэты дзень, дадайце туды сонечнага настрою ды пазітыўных пажаданняў — і вось, рытуальная страва гатова!
І не забываемся пра цудадзейнасць зёлак у гэты час. Запарваем смачныя травяныя гарбаты ды частуем імі родных і сяброў.

7. Пошук папараць-кветкі

Калі вам не вельмі пасуе блукаць апоўначы па лесе ў пошуках чароўнай расліны, прапануем зрабіць гэта дома. Падрыхтуйцеся загадзя: знайдзіце лісткі папараці (альбо выражце іх з каляровай паперы) і набудзьце маленькія прыемнасці для кожнага чальца сям’і (ці кампаніі, у якой вы захочаце адзначыць санцаварот). Прымацуйце сюрпрыз да папараці і схавайце. Пасля смачнай вячэры адпраўляйцеся ўсёй кампаніяй на пошукі (можна раскідаць падказкі ці нават мапу намаляваць).
Такая простая гульня дапаможа «вынырнуць» з паўсядзённых хваляванняў і клопатаў, дасць магчымасць адпачыць і скінуць назапашанае псіха-эмацыйнае напружанне. А адшуканы сюрпрыз стане прыемным напамінам пра свята ў цяжкія моматы жыцця.

8. Варожбы

Усе знакавыя кропкі календара — гэта час, калі часавыя і прасторавыя межы стаюць тонкімі і можна «зазірнуць» у будучыню. Прынамсі, так лічылі нашы продкі. Таму на Купалле варажылі на будучы лёс, на нарачонага безліччу спосабамі.

Прапануем такую практыку: напішыце на аркушах пазітыўныя падзеі, якія могуць вас чакаць у будучыні (прыемнае падарожжа, цікавая сустрэча, павышэнне заробку і д. п.). Складзіце аднолькава гэтыя паперкі і засыпце крупамі ў якой-небудзь місачцы. Запаліце свечку каля гэтай міскі і варажыце — выцягвайе сваё прадказанне.

Калі чалавек верыць у варожбы, прадказанні і д. п., то, атрымаўшы такую «будучыню», ён падсвядома будзе імкнуцца яе ажыццявіць. Таму вельмі важна, каб усе паперкі с прадказаннямі былі пазітыўнымі. Калі ж не верыць — проста прыемна пабавіць час.

Няхай найвышэйшая кропка росквіту прыроды і вам падорыць сілы і росквіт, не гледзячы ні на што!

АЯ, budzma. org

Последние новости