vicebskreg.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Витебского региона Общество

25.03.2017 18:12

529 просмотров

0 комментариев

Барыс Хамайда напярэдадні Дня Волі нагадаў віцебчукам, што «Беларусь перадусім!»

Кожны раз перад чарговай гадавінай найгалоўнейшага нацыянальнага сьвята Барыс Ханонавіч імкнецца на-новаму нагадаць гараджанам пра перавагі дэмакратычных каштоўнасьцяў.

Сёлета спадар Хамайда пераконваў грамадзянаў шанаваць і цаніць дзяржаўную незалежнасьць краіны, як найпершую вартасьць.

А прымацаваны да парэнчаў сьцяг Віцебскай вобласьці з выявай Пагоні і плякат з народным воклічам «Беларусь перадусім» нагадвалі пра гэта ўважлівым мінакам. І хаця сёньняшні дзень пачаўся з дажджу і не зусім спрыяльнага надвор’я, нязьменны вартавы адваяванага астраўка свабоды ля «сіняга дому», як і раней, быў на месцы. Як жывы сымбаль дэмакратычнай Беларусі, трэці дзесятак гадоў у любую пару году за выключэньнем хіба што непераадольных абставінаў Барыс Ханонавіч распаўсюджвае незалежную прэсу і сваім прыкладам набліжае беларускую вясну.

Наш карэспандэнт запытаў спадара Барыса, які амаль штодзень знаходзіцца ў самым віры гарадзкога жыцьця, ці адчуў ён сёлетняй вясной нейкія зьмены ў людзкіх настроях і стаўленьні людзей да рэчаіснасьці?

«Зьмены ёсьць. Праз дваццаць тры гады народ прачынаецца. І гэта добра! Ён, праўда, занадта доўга спаў, сон быў амаль летаргічным, але людзі ўрэшце прачнуліся.

Аднак я лічу, што трэба мяняць арыентыры, зараз ідзе змаганьне з наступствамі, а трэба змагацца з прычынай. А прычына — антыканстытуцыйны пераварот 1996 году. У гэты год наша Канстытуцыя была растаптаная — адсюль усе нашыя беды. Акрамя таго народ зьдзейсьніў дзьве крупныя памылкі, якія трэба выпраўляць. Першая памылка была ў 1994 годзе, калі народ не разабраўся за каго ён галасуе. Другая сягае ў год 1996, калі грамадзяне не абаранілі лігітымную Кастытуцыю 1994 году. Гэта быў рубікон, прайшоўшы які, народ згубіў заканадаўчую абарону сваіх правоў. Цяпер беларусы ня маюць ніякіх лігітымных ворганаў і надзейнай абароны ад свавольстваў дзяржавы.

Пра гэта я кажу людзям і яны разумеюць, але працэсы ўсьведамленьня ідуць даволі марудна і, як гэта ні сумна, сытуацыю можа прысьпешыць толькі пагаршэньне эканамічнага становішча ў краіне.

І самае галоўнае: няма нічога даражэйшага за волю і незалежнасьць Бацькаўшчыны! Ня я гэтыя словы сказаў, пра гэта гаварыў шмат хто і ў розных краінах, але ад гэтага сказанае не згубіла сваёй актуальнасьці. І ў гэтым пляне я згодны з украінскім аналітыкам Віталем Портнікавым, які сказаў, што „украінцы абаранялі незалежнасьць, а большая частка беларусаў, якія выходзяць на вуліцы, абараняюць дабрабыт“. Пакуль гэта, на жаль, так. І беларусам трэба разабрацца, зьмяніць арыентыры і зразумець: дабрабыту ня будзе да тае пары пакуль мы ня будзем вольнымі і незалежнымі. Без вяршэнства ў краіне канстытуцыйнага права пра дабрабыт можна нават ня марыць».


Последние новости

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий:
  • список комментариев пуст