vicebskreg.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Витебского региона Общество

08.04.2017 15:20

147 просмотров

0 комментариев

Дык што ж рыхтаваў «Белы легіён»?

Абсалютна новая тэма апошніх тыдняў — гэта «Справа патрыётаў».

Нічога падобнага раней не бывала. Па абвінавачанні ў «падрыхтоўцы масавых беспарадкаў» — не беспарадках саміх, а толькі нібыта іх падрыхтоўцы — было арыштавана тры дзясяткі людзей, прычым частка іх — супрацоўнікі розных сілавых структур. Тое было зроблена за пару дзён да Дня Волі, калі апазіцыя заклікала да правядзення ў Мінску масавай дэманстрацыі пратэсту супраць Аляксандра Лукашэнкі.

Што, унутры краіны выспела змова з мэтай змены існуючага ладу?

Дзясятку арыштаваных ужо выставілі абвінавачанні.

«Наша Ніва» сабрала ўсё вядомае пра дзейнасць тых, каго называюць «баевікамі».

Чаму радыкалы?

У фармулёўках дзяржаўных СМІ затрыманыя — «баевікі».

Між тым вартых даверу доказаў іх радыкалізму не прагучала.

Існаваў фэйкавы заклік падняцца на «ўзброеную барацьбу з рэжымам» ад імя «Белага легіёна» — такое паведамленне з’явілася на ўзламанай старонцы жыхара Мінска Міраслава Лазоўскага ў фэйсбуку, ён пра гэта заявіў і адхрысціўся ў той жа дзень.

Быў паказаны таксама «схрон арматуры» ў Налібоцкай пушчы — смешны факт, калі «масавыя беспарадкі» нібыта планаваліся ў Мінску (а там працуюць дзясяткі металабаз, дзе табе такой арматуры за дзесяць хвілін нарэжуць поўны фургон).

Існуе яшчэ запіс нібыта прарыву з Украіны джыпа са зброяй — але ніхто не бачыў ні затрыманых у тым джыпе, ні з украінскага боку той джып не выязджаў, што дало падставы СМІ ўсумніцца ў рэальнасці факта «прарыву».

Са зброі ў арыштаваных па «справе патрыётаў» на момант затрымання знайшлі, як паведамлялася, паляўнічыя карабіны і ружжы (легальныя) і пнеўматыку (таксама дазволеную).

Дык «Белы легіён» ці не?

Па інфармацыі «Нашай Нівы», «Белы легіён» сапраўды спыніў сваё існаванне як структура яшчэ на пачатку 2000-­х. Але яго ідэя — выхаванне патрыётаў Беларусі для службы радзіме (у ідэале — у сілавых структурах) — засталася жыць. Яна выражалася ў тым ліку ў працягу работы з моладдзю. Узорам быў летнік «Патрыёт» пад Бабруйскам, дзе школьнікаў вучылі элементам працы са зброяй на ўзор школьных урокаў дапрызыўнай падрыхтоўкі. Гэта ўсё спалучалася з ўрокамі беларускай мовы, гісторыі і культуры.

Немагчыма выхаваць патрыёта Беларусі без мовы і гісторыі, лічылі гэтыя людзі.

«Да палітыкі ставіліся «хутчэй абыякава», — сказалі нам людзі, блізкія да затрыманых.

І прычыны тут ясныя — палітыкі ў Беларусі няма.

Хтосьці сышоў у бізнес, хтосьці пайшоў на службу.

Па словах іншага былога «легіёнаўца», яго былыя сябры «не імкнуліся змяніць існую сістэму каардынат, а адаптаваліся да яе».

Ваенную і міліцэйскую акадэмію за часы незалежнасці скончылі дзясяткі выхаванцаў «Патрыёта», і дзясяткі яшчэ скончаць, бо «на летніках шмат хто з малых выказваў жаданне туды паступаць».

Але, выхаваўчая праца вялася не толькі з дзецьмі.

Палявыя выхады

Удзельнічалі ў дзейнасці летнікаў не толькі падлеткі, але і дарослыя мужчыны, кшталту выратавальніка Дундукова і спецназаўца Дукшта.

Для кагосьці з іх гэта была выпадковасць, але для некаторых — свядомы выбар. Штуршком для трэціх стала акупацыя Крыма і вайна на Данбасе — патрыёты дапускалі, што Расія рана ці позна паспрабуе ліквідаваць дзяржаўнасць Беларусі.

У гутарках хлопцы прызнавалі, што ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі яны гатовыя стаць касцяком добраахвотніцкага батальёна. Яны цытавалі словы Лукашэнкі, што «ў выпадку чаго ўра-­патрыёты пойдуць у атаку першымі, дамо магчымасць».

Падрыхтоўка была сур’ёзнай: інструктары са спецназа, абавязковыя медыцынскія курсы і атрыманне сертыфікатаў «Чырвонага крыжа», стральба са спартовай і паляўнічай зброі (у адведзеных для гэтага месцах і пры інструктары), заняткі адзінаборствамі.

Адпрацоўвалася таксама аўтаномнае жыццё ў партызанскіх умовах у фармаце палявых выхадаў, з начоўкамі і без.

Паводле нашых ацэнак, за апошнія гады праз трэніроўкі былых «легіянераў» прайшлі сотні чалавек. Гэта, дарэчы, паказвае, што патрыётаў у сілавых структурах больш, чым многія думаюць.

Да легіянераў ішлі розныя людзі, часам далёка не прафесіяналы баявой справы, кшталту таго ж кніганошы Яўдахі.

Нельга выключаць, што некаторыя з затрыманых «легіянераў» мелі сустрэчы ва Украіне з беларусамі з добраахвотніцкіх батальёнаў. Прынамсі, факт, што многія з «легіянераў» бывалі ва Украіне. Але ніводзін «легіянер» не ездзіў туды ваяваць. Калі б такі факт быў, яго б ужо агучылі.

«У Беларусі тут усё на далоні. Ідзём мы ў камуфляжы на турбазу ў Пушчы, а па прыходзе нам кажуць, што ўжо ведалі, што да іх ідуць людзі ў камуфляжы», — сказаў нам чалавек, які браў удзел у палявых выхадах старэйшага складу «Легіёна».

Казаў ён гэта да таго, што нічога нелегальнага ці забароненага ў іх дзейнасці ён не бачыў.

Такія трэніроўкі — завядзёнка для любога страйкбольнага, хардбольнага ці пейнтбольнага клуба.

Зрэшты, паляўнічых у нашых лясах ходзіць болей, чым «легіёнаўцаў».

І прышыты да іх Дашкевіч

Асобнай увагі заслугоўвае адначасовы з «легіянерамі» арышт Змітра Дашкевіча і маладафронтаўцаў. У дзейнасці «Патрыёта» МФаўцы ўдзелу не бралі, менавіта таму, што «Патрыёт» і «Белы легіён» ухіляліся ад палітыкі. Арышт семярых маладафронтаўцаў — і наступнае такое ж вызваленне чатырох — можна патлумачыць толькі палітычнымі прычынамі.

Існаваў вайскова­-патрыятычны клуб «Ваяр» з удзелам МФаўцаў, але гэта не выходзіла за рамкі страйкбольных трэніровак.

Пакуль справа Дашкевіча нічым не адрозніваецца ад ягонай жа справы ўзору 2010 года, па выніках якой ён быў прызнаны сусветнай супольнасцю палітычным вязнем.

Факт і выдумкі

Падсумоўваючы, можна сказаць наступнае.

Памятаеце нашы расследаванні пра лагеры, дзе ўдзельнікі выкідваюць руку ў нацысцкім вітанні ці рэжуць галовы сабакам, як рабіў расійскі неанацыст Аляксей Мільчакоў? Дарэчы, крымінальныя справы па фактах удзелу беларусаў у тых лагерах заведзеныя не былі.

Дык вось, ніводнага падобнага дыскрэдытуючага фота ці відэа з удзелам «белых легіянераў» не выстаўлена.

Што беларускія патрыёты гуртаваліся, рыхтаваліся быць «абаронцамі Айчыны» і рыхтавалі моладзь да гэтага — факт.

Але што яны «рыхтавалі беспарадкі» або што існавала нейкая змова між імі з мэтамі, якія выходзяць за афіцыйна дэклараваныя, — мы такіх фактаў не знайшлі.

Пакуль выглядае, што прыдуманая змова была патрэбная адзіна для таго, каб збіць хвалю пратэстаў, што нарастала ў сакавіку. Змаганне з хімерамі радыкалаў, аднак, дало грамадству сігнал, што не толькі беларускі нацыяналізм, але і нацыянальны патрыятызм не вітаецца і можа выклікаць рэпрэсіі з боку КДБ. І гэта ўваходзіць у супярэчнасць з нядаўняй заўвагай Аляксандра Лукашэнкі, што «здаровы нацыяналізм» — гэта нармальна і нават патрэбна.

Спіс затрыманых па справе «аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў» (магчыма, няпоўны):

Абрамаў Аляксей Анатольевіч, 1979 года; знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Абвіначванне па ч.3 арт. 293 КК РБ.

Барсток Сяргей Пятровіч

Бяляўскі Андрэй Валер’евіч; у СІЗА КДБ. Абвін. па ч.3 арт. 293.

Грэк Ілля Генадзьевіч, 1992 г.н., памежнік, Смаргонь.

Гурын Юрый Яўгенавіч; знаходзіцца ў СІЗА­1.

Данілаў Віктар Канстанцінавіч. У СІЗА КДБ.

Дашкевіч Зміцер Вячаслававіч. У СІЗА­1. Выстаўлена абвінавачванне па ч.3 арт. 293.

Дукшт Вячаслаў Александровіч 19.04.1992 г.н. Мар’іна Горка. Спецназавец.

Дундукоў Андрэй Вячаслававіч, 1985 г.н.. У СІЗА КДБ.

Зімніцкі Аляксандр Антонавіч. У СІЗА КДБ.

Кавальчук Іван Віктаравіч. У СІЗА КДБ, абвінавачванне па ч.3 арт. 293.

Комлік-­Ямацін Андрэй Вячаслававіч. У СІЗА КДБ.

Кунцэвіч Сяргей Уладзіміравіч. У СІЗА КДБ.

Лазоўскі Міраслаў Уладзіміравіч, 1973 г.н.. У СІЗА КДБ. Выстаўлена абвінавачванне па ч.3 арт. 293.

Мароз Віктар Генадзевіч. У СІЗА КДБ.

Міхалькоў Мікалай Мікалаевіч, кіраўнік клуба «Патрыёт», Бабруйск. У СІЗА КДБ.

Міхалькоў Ян Мікалаевіч (сын кіраўніка бабруйскага «Патрыёта»), вайсковец. У СІЗА КДБ.

Новік Дзмітрый Мікалаевіч. У СІЗА КДБ.

Палтаржыцкі Яўген Канстанцінавіч, 1987 г.н. У СІЗА КДБ, Выстаўлена абвінавачванне па ч.3 арт. 293.

Пальчэўскі Сяргей Аляксандравіч. У СІЗА­1. Абвінавачванне па ч.3 арт. 293 КК РБ.

Пашкевіч Цімур. У СІЗА КДБ.

Румянцаў Уладзімір Аляксандравіч. У СІЗА КДБ, выстаўлена абвін. па ч.3 арт. 293.

Стрыбульскі Сяргей Сяргеевіч, у СІЗА КДБ. Выстаўлена абвін. па ч.3 арт. 293.

Яўдаха Аляксандр Анатольевіч, 1975 г.н.. У СІЗА­-1, выстаўлена абвінавачванне па ч.3 арт. 293.

Адрасы турмаў, на якія можна пасылаць пісьмы ці адпраўляць тэлеграмы:

СІЗА КДБ 220050, абаненцкая скрыня 8, прозвішча, імя і імя па бацьку арыштаванага

СІЗА №1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220030, прозвішча, імя і імя па бацьку арыштаванага


http://nn.by/?c=ar&i=188513


Последние новости

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий:
  • список комментариев пуст