vicebskreg.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Витебского региона Общество

12.09.2017 16:53

46 просмотров

0 комментариев

«Я і ІЧУ. Асабісты погляд». Частка 7: Віцебск, Леанід Аўтухоў

Героем нашага чарговага матэрыялу пра ўмовы ўтрыманьня ў ізалятарах часовага ўтрыманьня Віцебскай вобласьці стаў актывіст партыі БНФ з Гарадка Леанід Аўтухоў.

Апазыцыянэр браў актыўны ўдзел у сьвяткаваньні Дня Волі ў абласным цэнтры 25 сакавіка, за што быў пакараны 15-цю суткамі адміністрацыйнага арышту паводле артыкулу 23.34 КаАП (парушэньне парадку арганізацыі ці правядзеньня масавага мерапрыемства).

У ІЧУ зараз я трапіў, мабыць, раз чацвёрты ў жыцьці. Калі такое здарылася ўпершыню — ужо ня памятаю дакладна, бо мінула шмат гадоў. Але з таго часу нічога не зьмянілася. Не памянялася нічагусенькі!

Хіба толькі абслугоўваючы пэрсанал стаў больш лагодна ставіцца. А першы раз калі патрапіў, тое быў жах. Раней ахоўнікі былі нахабныя, упэўненыя, а зараз адчуваюць, што яны ўжо не такія ўсёмагутныя, што надыходзіць, мабыць, іншы час. Там жа хлопцы недурныя — разумеюць, што ў грамадзтве насьпелі перамены. Яны адчуваюць гэтыя перамены мо’ лепш за нас.

Карацей, пэрсанал, ахоўнікі проста выконвалі сваю працу і ставіліся да нас няблага. Прычым ня толькі да «палітычных», але і да звычайных насельнікаў ІЧУ: хлопец, што сядзеў са мной, сядзеў па справе — ён ужывае сьпіртныя напоі, потым выходзіць на двор і хуліганіць — дык і да яго адносіны былі нармальныя. Прэтэнзіяў да абслугоўваючага пэрсаналу ў мяне няма ніякіх. Але ёсьць шмат нараканьняў да самой сыстэмы.

Мяне зьмясьцілі ў 2-мясцовую камэру. Два дні перад тым, да суду, знаходзіўся ў іншай камэры, а як суд адбыўся — увесь час у адной і той жа камэры, нікуды не пераводзілі. Разам са мной сядзеў хлопец з Полацку. У яго былі запазычанасьці (неадбытыя суткі адміністрацыйных арыштаў па раней прынятых пастановах суду — рэд.) — ён туды зайшоў дужа надоўга. У яго не было падтрымкі звонку, бо мае маці адну. Дык ён мне быў дужа ўдзячны, таму што я меў дапамогу ад сяброў; жонка, сям’я мяне падтрымлівалі, — а ён сядзеў без цыгарэт і ня меў дадатковай ежы. Таму са мной яму пашанцавала. Ён казаў: «Я знаходжуся, нібы дома».

Умовы ўтрыманьня? 2-мясцовая камэра — мала месца. Па-другое, блізка знаходзіцца прыбіральня. Стол для прыманьня ежы — у прыбіральні. Няма ж там ніякіх ані загародак, ані заслонаў. Усё ў адным месцы. Дык што 15 дзён сядзеў як у прыбіральні ўвесь час.

Падрабязьней пра саму прыбіральню. Не працуе змыў — яго наогул не існуе. Добра, што перадавалі ваду, дык пляшкі гэтыя плястыкавыя набіраеш — і змываеш. Мне перадавалі ваду ў 6-літровых пляшках, дык мы змывалі добра, а ў іншых камэрах усё больш жахліва. Праўда, усталявалі ўнітаз. Кажуць, што гэта дзякуючы нейкім эўрапейскім грошам.

Спальнае месца? 2-ярусная шконка (нары — рэд.) — мэталёвы каркас, дошкі — ну як звычайна. Бялізна — першы тыдзень была добрая, а потым ужо ня вельмі, але гэта дробязь.

У камэры, дзе сядзеў, акна не было, яно было закрытае мэталам — тоўстым лістом, мо «пяцёркай». І малюпасенькая дзірачка — работнікі, напэўна, прасьвідравалі, калі рабілі, ды так і пакінулі. І праз гэтую дзірачку мы глядзелі: ці дзень, ці ноч.

На шпацыр вадзілі, калі мы прасілі. Блізу кожнага дня хвілін па трыццаць. Аднаго разу толькі ня вывелі, але папрасілі прабачэньня, бо там у іх было нейкае здарэньне і ня мелі часу. Дык сказалі: «Выбачце, хлопцы, заўтра выведзем». І сапраўды, назаўтра вывелі — дык мы мелі шпацыр колькі хацелі.

У душ — хадзіў адзін раз. Хаця наогул не зьбіраўся — хацеў перацярпець два тыдні і пасьля ў лазьню схадзіць. Але сукамэрнік папрасіўся ў душ, ну і я пайшоў разам зь ім.

Тэлефанаваць — давалі. Пісаў заяву — і давалі. Пошту мне перадавалі рэгулярна. Прыходзіла шмат лістоў. А вось ад мяне ліст на волю так і не дайшоў. Хаця капэрту, каб я змог даслаць яго, яны нават самі мне прынесьлі, бо ў мяне была капэрта бяз маркі.

Наконт перадач — таксама праблемаў не было: усё, што дазволена, перадавалі своечасова.

А цяпер — галоўнае. Што там розныя абмежаваньні, цьвёрдая шконка, прыбіральня... — справа ня ў тым. Мы ж ішлі не на курорт. Але сапраўдны жах — харчаваньне. У мяне ўзрост ужо такі, што мушу ўважліва ставіцца да ежы. Дык там — сапраўднае катаваньне ежай. Дакладней, катаваньне голадам.

Яшчэ як першы раз патрапіў у ІЧУ, пакаштаваў іх катлету. Смак яе стаяў у мяне доўга. Гэтым разам я ніводнай катлеты ня зьеў. Пра гэтую катлету яны кажуць: «Мы бяром харчаваньне з аблвыканкаму». Дык як зьменіцца ўлада, трэба сабраць іх усіх у адной камэры і карміць гэтымі катлетамі — трэба толькі захаваць прозьвішча таго кухара, ды каб ён не забыў рэцэпт.

Я мяркую, што ў сучасным сьвеце нельга так карміць людзей — нашмат горш, чымся я кармлю сабаку. У мяне лепшае стаўленьне да сабакі, ніж стаўленьне «лукашызму» да людзей, якія патрапілі часова. Там дробныя хуліганы, зладзюжкі, але ж яны — людзі! Катаваньне голадам, калі ўвесь час хочаш есьці, людзей ломіць. І трэба гэта спыніць: нельга, каб чалавек хацеў есьці ў 21-м стагодзьдзі!

Таксама хачу сказаць пра сьвятло. Яно ў камэры гарыць цэлымі суткамі. Спаць замінае, але каб чытаць, яго недастаткова. А я ўвесь час чытаў, бо чым яшчэ там займацца? Сёе-тое зь літаратуры я і там браў, але ў іх усе кніжкі па-расейску. Таму мне ў асноўным кнігі з волі перадавалі — на беларускай мове, я іх там і пакінуў — хай чытаюць іншыя. Дык калі чытаеш пры такім сьвятле — дык такое напружаньне, што ў мяне, напрыклад, балела галава — мне ж ня 20 гадоў. Сусед малады быў, гадоў 25, дык і ён стараўся ня шмат чытаць праз асьвятленьне: «Пачытаў крыху — адпачні». Брак сьвятла для чытаньня — гэта таксама катаваньне.

Ці наўмысна гэта так зроблена, каб адабраць у чалавека здароўе? Калі так, то як зьменіцца ўлада, павінна быць расьсьледаваньне і пакараньне — так нельга, каб сьвятла не хапала. За 15 дзён я пасадзіў зрок — выйшаў і ўжо зараз карыстаюся акулярамі, каб пачытаць.

Катаваньне сьвятлом, катаваньне голадам... Што яшчэ запомнілася? Радыё, якое грае цэлы дзень. Яно таксама прычыняла мне пакуты. Замест навінаў — прапаганда. Усё па-расейску, беларускага не было нічога. А я ж ня слухаю такога.

https://vitebskspring.org

1 оценка 5.0

Последние новости

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий:
  • список комментариев пуст