vicebskreg.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Витебского региона Общество

02.10.2017 20:45

74 просмотра

0 комментариев

Вы павінны гэта ведаць, каб здолець выратаваць блізкага: пра інфаркт па пунктах

Кожны год каля чатырох тысяч мінчукоў захворваюць на востры інфаркт міякарда. Кожны другі не ўсведамляе небяспеку свайго стану і вельмі позна звяртаецца па дапамогу да дактароў. Ці не звяртаецца ўвогуле, бо «а раптам само пройдзе».

Праз гэтае бессэнсоўнае чаканне многіх выратаваць не ўдаецца. Палова памірае ад вострага інфаркту міякарда цягам гадзіны пасля з’яўлення сімптомаў. У першыя шэсць гадзін без медыцынскай дапамогі паміраюць 70% хворых.

Разам з намеснікам галоўнага доктара Першай цэнтральнай раённай клінічнай паліклінікі Цэнтральнага раёна Мінска Аленай Івановай мы падрыхтавалі для вас матэрыял-інструкцыю, які дае разуменне, як дзейнічаць у крытычнай сітуацыі.

Што такое інфаркт і хто на яго хварэе

Інфаркт міякарда — цяжкае сардэчна-сасудзістае захворванне. Пры ім праз недастатковасць забеспячэння крывёю сардэчнай мышцы гінуць клеткавыя структуры.

Найчасцей ад інфаркту пакутуюць мужчыны 35-60 гадоў, аднак хвароба ўсё часцей сустракаецца сярод маладых людзей.

Жанчыны захворваюць на інфаркт у 2,5—5 разоў радзей. Яшчэ менш выпадкаў у маладым і сярэднім узросце, аднак пасля менапаўзы гэтая розніца з мужчынамі размываецца.

Што вядзе да інфаркту

Развіццю захворвання спрыяюць артэрыяльная гіпертэнзія, цукроўка, атлусценне, курэнне, нервовае перанапружанне і псіхічная траўма.

Аднак галоўным фактарам развіцця інфаркту міякарда з’яўляецца паражэнне артэрый, якія забяспечваюць крывёю сэрца, атэрасклерозам, што прыводзіць да іх звужэння.

Інфаркт міякарда здараецца ў той момант, калі артэрыі раптоўна закупорваюцца цалкам і забеспячэнне крывёю спыняецца. Участак сардэчнай мышцы, пазбаўлены сілкавання, гіне. Клеткі сардэчнай мышцы пачынаюць гінуць праз 15 хвілін пасля спынення крывацёку, праз 6-8 гадзін абяскроўленая зона цалкам губляе жыццяздольнасць і развіваецца змярцвенне ўчастку сардэчнай мышцы.

Нярэдка інфаркт здараецца ў час абвастрэння ішэмічнай хваробы сэрца, калі прыступы сціскальнага болю ў вобласці сэрца становяцца больш частымі і моцнымі, а нітрагліцэрын перастае дапамагаць. Гэты перыяд называюць перадынфарктным, ён можа доўжыцца як некалькі дзён, так і некалькі тыдняў. Менавіта ў гэты час трэба тэрмінова звяртацца да доктара, паколькі яшчэ ёсць усе шанцы папярэдзіць інфаркт.

Як пачынаецца інфаркт

З’яўляецца прыступ моцнага і працяглага — больш за 20-30 хвілін — болю за грудзінай, які не знікае пасля чарговага прыёму нітрагліцэрына. Боль душыць, сціскае, пячэ, пашыраецца ўверх і ўправа, аддае ў левую руку або абедзве рукі, спіну, ніжнюю сківіцу. Працягласць і інтэнсіўнасць прыступу бывае рознай. Боль можа доўжыцца нават больш за суткі.

Падчас прыступу болю чалавек адчувае агульную слабасць і прыгнечанасць, з’яўляецца страх смерці. Хворы становіцца бледным, на лбе выступае халодны пот. Нярэдка з’яўляецца задышка, млоснасць, парушэнне сардэчнага рытму, рэзкае павышэнне або, наадварот, зніжэнне артэрыяльнага ціску, можа павышацца тэмпература.

Часам хвароба развіваецца і па нетыповым сцэнары. Напрыклад, болю няма, але самаадчуванне моцна пагаршаецца. Або боль лакалізуецца не ў грудзях, а, да прыкладу, у падуздышнай вобласці. Пры гэтым чалавек адчувае млоснасць і яго ванітуе. Хворы можа думаць, што ў яго харчовае атручванне, але прамыванне страўніка ці клізма не толькі не даюць палёгкі, але і могуць нашкодзіць хвораму. Магчымы таксама астматычны варыянт інфаркту міякарда, калі ў хворага з’яўляецца прыступ удушша.

Што рабіць, калі ёсць падазрэнні на інфаркт

Калі прыступ моцнага болю ў грудной клетцы цягнецца больш за 20 хвілін і не здымаецца прыёмам нітрагліцэрыну — тэрмінова выклікайце хуткую. Калі гэта інфаркт, то дапамога ў першую гадзіну захворвання — вельмі важная. Страта каштоўнага часу можа каштаваць хвораму жыцця.

Пакуль не прыехала брыгада, трэба пакласці чалавека так, каб у яго была прыпаднятая галава, расшпіліць вопратку і прасачыць, каб да яго даходзіла свежае паветра. Па магчымасці хворага трэба супакоіць. Каб зменшыць боль, трэба пакласці пад язык нітрагліцэрын — да трох таблетак з інтэрвалам 5-6 хвілін, хоць пры інфаркце міякарда нітрагліцэрын цалкам не здымае боль. Дарэчы, валідол у гэтым выпадку зусім неэфектыўны.

Можна таксама разжаваць таблетку аспірыну, прыняць унутр 60 кропель карвалолу або валакардзіну. Заўважную палёгку даюць гарчычнікі на вобласць сэрца і грудзіны, грэлкі на ногі і саграванне рук.

Інфаркт міякарда — вельмі небяспечны для жыцця. Шпіталізацыю хворага павінна праводзіць выключна брыгада хуткай.

Не думайце, што магчыма вылечыцца самастойна. Лячэнне інфаркту міякарда можа быць эфектыўным толькі ў стацыянары.

Хворы ў востры перыяд захворвання патрабуе пастаяннага назірання медперсаналу, паколькі могуць быць розныя ўскладненні: з’яўленне вострай сардэчнай недастатковасці, небяспечныя для жыцця парушэнні рытму сэрца, паўторныя прыступы болю. Многія лекі, якія выкарыстоўваюцца пры лячэнні хворых на інфаркт міякарда, могуць ужывацца толькі пад наглядам дактароў і лабараторным кантролем.

Ад таго, як хутка хворы атрымае высокакваліфікаваную медыцынскую дапамогу і будзе шпіталізаваны, залежыць яго жыццё і прагноз захворвання.
https://nn.by/?c=ar&i=198228

Последние новости

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий:
  • список комментариев пуст