vicebskreg.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Витебского региона Общество

07.10.2017 21:59

29 просмотров

0 комментариев

У Воршы прайшла дыскусія «Масавыя рэпрэсіі і сьмяротнае пакаранне»

Аршанскі рэгіён далучыўся да «Тыдня супраць сьмяротнага пакараньня». Сваякі рэпрэсаваных, грамадзкія актывісты і праваабаронцы наведалі месцы масавых расстрэлаў пад Воршай, падзяліліся досьведам пошуку інфармацыі пра рэпрэсаваных, абмеркавалі заганнасьць існаваньня сьмяротнага пакараньня ў Беларусі.

«Брацкія могілкі» на Кабыляцкай гары — месца апошняга спачыну многіх рэпрэсаваных аршанцаў

«Масавыя рэпрэсіі і сьмяротнае пакараньне» — так гучала тэма дыскусіі ў Воршы. Пра масавыя рэпрэсіі ў Воршы добра ведаюць. Тут у 1982-м годзе было знойдзена масавае пахаваньне — Кабыляцкая гара. Гэта было першае ў Беларусі афіцыйна прызнанае пахаваньне ахвяраў сталінскіх рэпрэсій — задоўга да Курапатаў.


Самаробны мэмарыял на Кабыляцкай гары, Ворша

З наведаньня гэтых мясьцінаў і пачалася сустрэча ўдзельнікаў імпрэзы — менскіх праваабаронцаў, аршанскіх актывістаў і тых, хто займаецца дасьледаваньнем тэмы сталінскіх рэпрэсій у іншых рэгіёнах. Далучыліся і жыхары гораду.


Удзельнікі дыскусіі


Ларыса Арэшына прынесла з сабой дакумэнты пра рэпрэсаваных сваякоў — дзеда і ягоных братоў. Ёй удалося адшукаць зьвесткі пра іх у архівах КДБ. Для яе было дзіўным атрымаць дазвол на знаёмства са справамі, але так і не прачытаць іх цалкам, апавяла спадарыня Ларыса:

«Было так: тут чытаць можна, а тут чытаць нельга», — распавяла Ларыса Арэшына.

Цяпер яна мае два пасьведчаньні аб сьмерці свайго дзеда Гіля Івана Кузьміча. Паводле першага, ён памёр ад запаленьня лёгкіх у 1942 годзе пасьля таго, як яго арыштавалі й невядома куды зьвезьлі ў 1937-м. Паводле другога пасьведчаньня, ён быў асуджаны і расстраляны ў Воршы.


Ларыса Арэшына, унучка рэпрэсаванага, Ворша

«Гэта праўда, — кажа Арэшына. — Штогод 1 кастрычніка я прыходжу сюды, на Кабыляцкую гару, запальваю сьвечку. Мяркую, што тут і ёсьць магіла майго дзеда. А было яму ў 1937-м усяго 42 гады. Мне ўжо за 60, але людзі так і ня ведаюць усёй праўды пра жахі сталінізму».

На Дзяды на Кабыляцкую гары прыходзяць і прыяжджаюць многія, чые сваякі былі расстраляныя ў 1930-я гады ў Воршы. Тут ёсьць самаробны мэмарыял, якім апякуюцца мясцовыя дэмакратычныя сілы пасьля таго, як гарадзкія ўлады перасталі клапаціцца пра месца памяці.

Ёсьць пад Воршай і яшчэ адно жалобнае месца — «расстрэльны» Харкаўскі лес, дзе таксама ляжаць сотні ахвяраў. Пра расстрэлы ў тых мясьцінах ведаюць і памятаюць многія, але дагэтуль няма нават знаку пра расстрэлы.

Сытуацыя вакол рэпрэсій 1930-х гадоў занадта драматызуецца

Дыскусія пра падабенства «сталінскіх расстрэлаў» і замацаванае ў заканадаўстве Беларусі сьмяротнае пакараньне праходзіла на сядзібе актывіста Ігара Грышанава.


У Хайсах сёлета ўстаялвалі 32 крыжы у памяць пра расстраляных

Віцебскі сябар КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў апавёў пра гісторыю «віцебскіх «Курапатаў» — знойдзенага ў 2014 годзе масавага пахаваньня пад вёскай Хайсы, якое ўлады катэгарычна не прызнаюць месцам «сталінскіх» расстрэлаў. Аршанец паводле нараджэньня, жыхар Менску Ігар Станкевіч падзяліўся ўласным досьведам пошуку зьвестак пра сваіх 17 рэпрэсаваных сваякоў.


Выступае Мікалай Петрушэнка

А вось выступ актывіста партыі левых «Справядлівы сьвет» Мікалая Петрушэнкі прынялі з посьвістам у залі. Петрушэнка лічыць, што сытуацыя вакол рэпрэсій 1930-х гадоў занадта драматызуецца. Ён выказаў сумнеў і адносна таго, што масавае пахаваньне ў Хайсах варта адносіць да таго часу.

У залі знайшлося нямала тых, хто мае рэпрэсаваных сваякоў, пра лёс якіх амаль нічога не вядома. І таму сучасьнікі былі абсалютна ня згодныя зь меркаваньнем спадара Петрушэнкі пра тое, што сталінскія рэпрэсіі ня варта лічыць «генацыдам» і «тэрорам» у дачыненьні да жыхароў Беларусі.


Дзяржаўцаў у Хайсах у ліпені 2017 года

Людзі гаварылі пра неабходнасьць рассакрэціць зьвесткі пра невядомыя месцы масавых расстрэлаў. Таксама адзначалі, што таямніца месцаў пахаваньня і сьмяротнае пакараньне — тое, што аб’дноўвае сучаснае беларускае заканадаўства і расстрэлы 1930-х.

Масавыя рэпрэсіі і сьмяротнае пакараньне — гэта зьявы, зьвернутыя ў мінулае

На думку кіраўніка кампаніі «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня» Андрэя Палуды, такіх агульных рысаў паміж савецкім і сучасным заканадаўствам яшчэ болей. І ў часы сталінізму, і цяпер сьмяротнае пакараньне прадугледжвалася заканадаўствам, выконвалася па рашэньні суду. Сакрэтнай засталася і працэдура выкананьня. І тыя пакуты, на якія асуджалі і асуджаюць сваякоў расстраляных, таксама нічым не адрозьніваюцца: блізкім не выдаюць цела, яны ня маюць магчымасьці пахаваць саяка ў традыцыях сям’і, і нават магілы, якую можна наведаць.


Выступае Андрэй Палуда, справа — Паліна Сьцепаненка, залева — Ігар Казьмярчак і Ян Дзяржаўцаў

Усё гэта, на думку спадара Палуды, бясспрэчна дэманструе архаізм існаваньня сьмяротнай кары ў Беларусі, замінае Беларусі рухацца па шляху цывілізаванага разьвіцьця.

Нават у часы СССР адмянялі сьмяротнае пакараньне

Адна з арганізатарак дыскусіі, пісьменьніца Паліна Сьцепаненка адзначыла, што нават у часы СССР быў пэрыяд, калі сьмяротнае пакараньне адмянілі.

У 1947-м годзе выйшаў указ Прэзыдыюма Вярхоўнага Савета СССР «Аб адмене сьмяротнага пакараньня». Прычыны адмены былі і палітычныя, і эканамічныя. З аднаго боку, ствараўся імідж гуманнай дзяржавы, а з іншага — СССР адбудоваўся пасля Другой Усясьветнай вайны, патрэбны былі працоўныя рукі і бясплатная праца зьняволеных. Але ўжо праз тры гады, у студзені 1950-га, «па шматлікіх просьбах працоўных» выйшаў указ «Аб выкарыстаньні сьмяротнага пакараньня да здраднікаў Радзімы, шпіёнаў, падрыўнікоў-дывэрсантаў».

«Сучасная Беларусь засталася спадкаемцам СССР», — сказала Сьцепаненка.

Для гасьцей і ўдзельнікаў дыскусіі арганізатары падрыхтавалі вялікую тэматычную экспазыцыю. Тут можны было ўбачыць і матэрыялы аршанскіх СМІ на тэму сталінскіх рэпрэсій, і фотаматэрыялы, прысьвечаныя дасьледаваньням гэтай праблемы, і малюнкі аршанскага мастака Алеся Кажамякі, выкарыстаныя ў дакумэнтальным фільме «Гісторыя сьмяротнага пакараньня ў Беларусі».


Выстава матэрыялаў, выкарыстаных у фільме «Гісторыя сьмяротнага пакараньня ў Беларусі», Ворша

Прэзэнтацыя фільма адбылася напрыканцы дыскусіі. Яго прадставіў гледачам рэжысэр Віктар Трацьцякоў. Разам з Палінай Сьцепаненка, аўтаркай сцэнару фільма, яны прадэманстравалі гледачам шэраг гістарычных дакумэнтаў, якія рэглямэнтавалі сьмяротнае пакараньне са старадаўніх часоў, пазнаёмілі зь меркаваньні сучасьнікаў — гісторыкаў, дасьледчыкаў, праваабаронцаў на гэты конт.


Віктар Трацьцякоў

Досьвед першай дыскусіі пра сутнасьць палітычных рэпрэсій бясспрэчна паказаў адно: кропка ў гэтай спрэчцы яшчэ не пастаўлена. І коска будзе стаяць да тае пары, пакуль прымяненьне сьмяротнага пакараньня будзе заставацца ў беларускім заканадаўстве.

Последние новости

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий:
  • список комментариев пуст