vicebskreg.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Витебского региона Общество

12.10.2017 10:20

54 просмотра

0 комментариев

Як падтрымаць здароўе вачэй і захаваць зрок: размова са спецыялістам

Па дадзеных Міжнароднага агенцтва па прафілактыцы слепаты каля 300 мільёнаў чалавек ва ўсім свеце маюць сур’ёзныя парушэнні зроку ці слепату. Пра тое, як захаваць зрок і як падтрымліваць здароўе вачэй, «Нашай Ніве» распавяла доктар-афтальмолаг вышэйшай катэгорыі медыцынскага цэнтра «ЛОДЭ» Вольга Спіглазава.

— Якія фактары ўплываюць на пагаршэнне зроку?

— 90% інфармацыі чалавек атрымлівае пры дапамозе вачэй. Таму найбольш неспрыяльны фактар — гэта пастаянная нагрузка на орган зроку, якая моцна павялічылася з інфарматызацыяй грамадства. Значную нагрузку на сятчатку вока і мышцы вачэй, як вядома, аказвае пастаянная праца з камп'ютарам. На здароўе вачэй аказвае ўплыў таксама гіпадынамія. Людзі ўсё часцей вядуць маларухомы лад жыцця: фізічных нагрузак вельмі мала, затое мышцы вачэй пастаянна напружаныя. Гіпадынамія прыводзіць да парушэння паставы, з-за чаго могуць сціскацца нервовыя канчаткі, парушацца кровазабеспячэнне галаўнога мозгу і вока. Акрамя непасрэдных нагрузак на вочы, на іх здароўе аказваюць моцны ўплыў і знешнія фактары: кепская экалагічная сітуацыя, нездаровае харчаванне.

— Якія меры неабходна прымаць, каб не дапусціць захворванняў вачэй і пагаршэння зроку?

— Прафілактыкай пагаршэння зроку, у першую чаргу, з'яўляюцца правільная арганізацыя рэжыму працы, адсутнасць празмерных нагрузак на вочы, а таксама вядзенне здаровага ладу жыцця. Вельмі важны здаровы сон, паколькі недасыпы значна зніжаюць працаздольнасць вачэй: яны не паспяваюць адпачыць, і ў выніку слізістая абалонка можа падсыхаць. Таксама вочы могуць перасыхаць падчас працы за камп'ютарам, калі трэба сачыць за рознымі дробнымі аб'ектамі на маніторы, з-за чаго прыходзіцца радзей міргаць. У гэтым выпадку пачынае развівацца стомленасць вачэй, з'яўляецца іх пачырваненне, адчуванне пяску і сухасці, што, безумоўна, можа прывесці да пагаршэння зроку.

Такім чынам, для прафілактыкі пагаршэння зроку неабходныя здаровы сон, своечасовы адпачынак, дастатковае знаходжанне на свежым паветры, пастаянная фізічная актыўнасць, а таксама правільнае харчаванне, у тым ліку ўжыванне неабходнай колькасці вітамінаў і мінералаў.

Аднак важна разумець, што на здароўе вачэй ўплываюць і іншыя сумежныя хваробы: гіпертанія, цукровы дыябет, захворванні шчытападобнае залозы, парушэнні працы страўнікава-кішачнага тракту, лор-захворванні. А такія выпадкі, калі мае месца выключна захворванне вачэй, без якіх-небудзь іншых праблем, адбываюцца вельмі рэдка.

— Як спланаваць працу за камп'ютарам такім чынам, каб забяспечыць як мага меншую нагрузку на вочы?

— Важна пастаянна трэніраваць мышцы вачэй. Для гэтага падчас працы неабходна на некаторы час адцягвацца ад камп'ютара і факусаваць зрок на кропках рознай аддаленасці: паглядзець трохі ўдалячынь, паблізу, направа, налева. Для пазбягання гіпадынаміі праз кожную гадзіну працы трэба на працягу 10-15 хвілін забяспечыць арганізм хаця б мінімальнай фізічнай нагрузкай: прайсціся, даць свайму хрыбетніку адпачыць, трохі расцерці шыю для паляпшэння кровазвароту.

— У якім узросце завяршаецца фарміраванне вачэй?

— У кожнага гэта адбываецца ў розным узросце. Звычайна ў 18-20 гадоў вока ўжо сфарміраванае, і, здавалася б, зрок не павінны пагаршацца. Але часта бывае такое, што нават людзі, якія скончылі вышэйшыя навучальныя ўстановы, пачынаюць шмат працаваць за камп'ютарам, і зрок імкліва падае.

— Якая мяжа пагаршэння зроку, пры якой яго яшчэ можна аднавіць без хірургічнага ўмяшання?

— Вярнуць нармальны зрок можна толькі на пачатковых этапах, калі зрок пагоршыўся не больш, як на адну дыёптрыю. У гэтым выпадку чалавеку неабходна прааналізаваць свой лад жыцця: падумаць над тым, колькі ён спіць, што есць, у якіх стрэсавых сітуацыях апошнім часам бываў, абследавацца на якія-небудзь сумежныя захворванні. Вельмі непажадана жмурыцца, каб палепшыць зрок на кароткі час, бо пры гэтым ствараецца дадатковая нагрузка на мышцы вачэй. У гэтым выпадку лепш звярнуцца да акулярнай карэкцыі. І хоць акуляры рэдка дапамагаюць палепшыць зрок, яны ўсё ж перашкаджаюць яго далейшаму пагаршэнню.

— Што лепш: акуляры ці кантактныя лінзы?

— Не існуе адзінага правільнага адказу на гэтае пытанне. Вядома, большасць знаходзяць лінзы больш камфортнымі: яны не ціснуць на нос, не пацеюць, не абмяжоўваюць поле зроку, яны значна больш зручныя падчас заняткаў спортам. Аднак важна памятаць, што калі вы карыстаецеся кантактнымі лінзамі, то ў вас абавязкова павінны быць і акуляры, бо бывае шмат сітуацый, калі кантактныя лінзы выкарыстоўваць нельга. Напрыклад, пры прастудзе, кан'юктывіце, іншых захворваннях вачэй.

— Як вы ставіцеся да кантактных лінзаў, якія, па заяве вытворцаў, можна выкарыстоўваць доўгі час не здымаючы?

— Афтальмолагі, як правіла, супраць выкарыстання такіх лінзаў пастаянна. Вядома, паколькі гэтыя лінзы дыхаюць, у асобных выпадках яны могуць быць дастаткова карыснымі. Напрыклад, у паездцы, іншых сітуацыях, калі няма магчымасці іх зняць, прамыць растворам. Аднак сістэматычна выкарыстоўваць такія лінзы мы не рэкамендуем — гэта ўсё ж іншародны прадмет. Бо можна, напрыклад, легчы спаць у вопратцы, але хочацца ўсё-ткі быць больш вольным падчас сну. Гэтак жа і воку трэба даваць адпачываць.

— З якога ўзросту дзецям можна выкарыстоўваць лінзы?

— Ніякага ўзроставага абмежавання для нашэння лінзаў няма. Мы даволі часта прапануем дзецям выкарыстоўваць кантактныя лінзы, асабліва пры прагрэсуючай блізарукасці. Да таго ж, многія дзеці саромеюцца нашэння акуляраў, і ў дадзеным выпадку лінзы з'яўляюцца выдатным выхадам з сітуацыі.

— Як часта трэба наведваць афтальмолага?

— Для дзяцей неабходны агляды спецыялістам адзін-два разы на год. Бывае, што дзіця ідзе ў школу ў верасні з ідэальным зрокам, а напрыканцы навучальнага года ён ужо прыкметна пагаршаецца. Дарослыя таксама павінны штогод звяртацца да афтальмолага, незалежна ад таго, маюцца скаргі ці не. Існуюць захворванні, якія не адбіваюцца на вастрыні зроку, і чалавек не адразу заўважае змены. Такія захворванні неабходна выяўляць на ранніх этапах, каб захаваць здароўе сваіх вачэй на доўгія гады.

Больш падрабязна даведацца пра прафілактыку і лячэнне зроку можна тут.

Гутарыў Ілья Параскевіч, НашаНіна

Последние новости

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий:
  • список комментариев пуст