vicebskreg.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Витебского региона Общество

11.11.2017 09:32

34 просмотра

0 комментариев

Жыхары віцебскага ДСК просяць адрамантаваць ходнік — безвынікова

Некалькі разоў на дзень жыхары віцебскага мікрараёну ДСК вымушаныя пераадольваць своеасаблівую паласу перашкод, якую ўяўляе сабой ходнік на скрыжаваньні вуліц Горкага і Сацыялістычнай.

Вузкі, няроўны, пабіты калдобінамі. Перад самым аўтобусным прыпынкам упінаецца ў слуп. Трэба сыходзіць на праезную частку...

«Няўжо камусь трэба, каб здарылася бяда?..»

«Здавалася б, нейкіх 25 мэтраў, але, ведаеце, колькі тут дзяцей за дзень праходзіць? За прыпынкам жа 14-я школа, а з другога боку — дзіцячы садок. Маршруткі тут гойсаюць, аўтобусы. Няўжо трэба, каб бяда здарылася, каб тут нарэшце які рамонт зрабілі?» — абураецца мясцовы пэнсіянэр Пётар.

Дарожка гэтая прылягае да даўгабуду. Яшчэ ў 2011 годзе прыватная фірма пачала будаваць тут краму. Меркавалася — прадуктовую, з кавярняй і кулінарыяй. Але ў той жа год частка будаванай канструкцыі абвалілася, балазе што ніхто не пацярпеў. Будоўля спынілася, стаіць і дагэтуль.

Недабудаваная крама на Сацыялістычнай

Ходнік упінаецца ў слуп

Дарэчы, будынак узводзілі на месцы невялікага стаўка («Балота тут было», — кажуць мясцовыя). Так што ў мокрае надвор’е хадзіць па тым ходніку зусім ужо няёмка і небясьпечна — бо даводзіцца сыходзіць проста ў калюжыны.

Гардармост: Выканаем «пры наяўнасьці матэрыялаў» і «ў сваю чаргу»

На пачатку лістапада адзін з жыхароў мікрараёну Віталь Цітоў падаў некалькі заявак с просьбай аб вырашэньні праблемы на рэсурс 115.бел.

«Вузкая тратуарная дарожка на шляху праходжаньня школьнікаў СШ № 14 і выхаванцаў ДС № 3, асфальтавае пакрыцьцё ў жахлівым стане, пасярэдзіне тратуару — слуп, немагчыма праехаць зь дзіцячым вазком», — адзначыў у заяўцы. Таксама зьвярнуў увагу на вельмі кепскі стан дарожнага пакрыцьця каля дзіцячага садку — зь вялізнымі ямінамі («дыямэтрам ад 50 см да 1 м»).

Да дзетсаду — не пад’ехаць

Маці зь дзіцячым вазком зь цяжкасьцю праціскаецца паміж слупом і праезнай часткай

Заяўкі знаходзяцца зараз у статусе «На кантролі». Афіцыйны (і, відаць, аўтаматычны) адказ ад віцебскага прадпрыемства «Гардармост» гучыць так: «Працы могуць быць выкананыя пры ўзгадненьні з УКПП ВГЖКГ (Заказчык) і пры наяўнасьці матэрыялаў, у сваю чаргу».

Пытаньні — пад кантролем, а руху — нуль

Віталь кажа, што насамрэч пра праблемы, зь якімі сутыкаюцца мясцовыя жыхары, добра ведае кіраўнік Першамайскага раёну Віцебску Мікалай Арлоў, зь якім у заяўніка ўжо была размова. «Але прайшоў ужо месяц пасьля той размовы, а рухаў — нуль», — кажа Віталь.

«Сытуацыя каля дзіцячага садку № 3 наогул сумная. Слабае асьвятленьне, адсутнасьць тратуараў, зранку і ўвечары — увогуле калапс настае. Адны бацькі паркуюць машыны, другія — з вазкамі аб’яжджаюць іх па праезнай частцы, дзеці сьпяшаюцца ў школу, дарослыя — на прыпынак. Агляд на скрыжаваньні абмежаваны плотам будоўлі...» — распавядае Віталь Цітоў.

Вуліца Горкага і паркоўка каля дзіцячага садку № 3

«Для дзяцей у нашым раёне ўсё ў заняпадзе! Стадыёна нармальнага няма. З дзіцячым вазком па пешаходным пераходзе не прайсьці, бо асфальт, які паклалі пасярод зімы некалькі гадоў таму да прыезду прэзыдэнта на ДАК, уздыбіўся і стаў непераадольным. Па вуліцы 1-й Бядулі кантэйнэры для сьмецьця практычна на тратуарах стаяць...» — пералічвае наш суразмоўца.

Што кажуць у ЖЭУ

«Гэта дарожка, якая па Горкага? Званіце ў „Гардармост“, гэта іх аб’ект, мы тую дарожку не абслугоўваем», — паведаміў начальнік ЖЭУ № 16 Дзяніс Парчынскі.

На жаль, у «Гардармост» дазваніцца да патрэбнай службовай асобы сходу не атрымалася. Спадзяемся, што праблема там сапраўды «на кантролі».

Зьміцер Міраш, фота аўтара

Последние новости

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий:
  • список комментариев пуст