
Такі погляд першым выклаў акадэмік Іларыён Ігнаценка ў знакамітых двухтамовых «Нарысах гісторыі Беларусі», што пабачылі сьвет у 1994–1995 гадах. Наконт БНР гэта быў вялікі прагрэс, бо раней савецкія гісторыкі яе або не заўважалі, або трактавалі выключна як справу нямецкіх акупантаў ды іхных прыслужнікаў-нацыяналістаў. Але ў пачатку 90-х ляснуўся Савецкі Саюз і «нацыяналісты» сталі запатрабаванымі.
Ставіць БССР у адзін шэраг і па адзін бок барыкады з БНР не дазваляе галоўны (і ён жа адзіны) крытэр — рацыя стану беларускага народу. Таму што БССР — антыпод і адмаўленьне БНР. Таму што БССР — той жа Паўночна-Заходні край, якому з тактычных мэтаў зьмянілі назву (і абвесілі мішурой з псэўдаатрыбутамі дзяржаўнасьці). Таму што БССР была досьведнай пляцоўкай імпэрыі для адпрацоўкі спосабаў і мэханізмаў дэнацыяналізацыі і асыміляцыі. Ведаю, бо ў БССР нарадзіўся, вырас і праз тыя мэханізмы быў прапушчаны.
Галоўная выснова з гістарычнага досьведу БССР — гэтая эрзац-дзяржава была не інструмэнтам рэалізацыі беларускіх нацыянальных інтарэсаў, а прыладай дэнацыяналізацыі і ліквідацыі беларусаў як этнічнай супольнасьці. Не дакончыла сваю справу яна толькі таму, што разваліўся Савецкі Саюз/
Сёньня казаць праўду — самая галоўная праблема беларусаў. Нашае яе ўніканьне стала сапраўднай хваробай, мы мірым непрымірымае ці прынамсі робім выгляд, што нам гэта ўдаецца.
Прымірэньне дэклярацыі нэўтралітэту Рэспублікі Беларусі з расейскімі вайсковымі базамі; дзяржаўнай незалежнасьці — з расейскім пратэктаратам (запаветная мара — газ па ўнутрырасейскіх цэнах); агітацыі за беларускую культуру — па-расейску.
Прымірэньне Плошчы Незалежнасьці з помнікам Леніну; савецкага міліцыянэра з царскім гарадавым (той самы скульптар ваяў, што і помнік Скарыну); Суворава — з Касьцюшкам; членскі білет БСРМ — з картай паляка; Чарнобыля — з Астравецкай АЭС.
Можна працягваць бясконца: малодшы сын — зь візытам у папы Рымскага; старэйшы сын — памочнік у нацыянальнай бясьпецы; ЭГУ — беларускі ўнівэрсытэт; Юры Зісер — герой Беларусі; галава царквы — замежны грамадзянін і г. д. і г. д. Прэзыдэнцкія мэрсэдэсы ды майбахі — «народныя» саманды, джылі, электрамабілі; праваахоўнікі — ілжэсьведчаньні ў судзе; кампанія «Говори правду» — і праўда; выраз «Лукашэнка — лідэр Беларусі» — апазыцыйныя мас-мэдыя.
Хіба лягічна будзе пачынаць казаць праўду ад гісторыкаў, што называецца, ад каранёў, ад вытокаў. Напрыклад, беларуская назва нашай сталіцы — Менск, а не Мінск. Нацыянальная мова беларусаў — беларуская, а расейская прынесеная на штыках імпэрыі.
Беларуская гістарычная навука пакуль яшчэ ня цалкам скінула баляст савецкай гістарыяграфічнай спадчыны, але гэта бачыцца толькі справай часу. Лягічны вынік далейшай эвалюцыі суб’ектнай беларускай гістарыяграфіі — прыняцьце агульнай храналягічнай схемы гісторыі дзяржаўнасьці на ўзор польскай і летувіскай:
- сярэднявечная і новачасная дзяржаўнасьць
- ліквідацыя дзяржаўнасьці ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай (у польскай гістарыяграфіі агульнаўжываны тэрмін «пад заборамі» ад слова «забіраць»)
- аднаўленьне дзяржаўнасьці
У беларускай навуковай гістарыяграфіі першым да такой схемы прыйшоў прафэсар Захар Шыбека, які ў сваёй сынтэзе гісторыі Беларусі (Шыбека, З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795–2002), Мінск: «Энцыклапедыкс», 2003. — 490 с.) зьмясьціў падразьдзел з адпаведнай назвай: «Барацьба за ўзнаўленьне(выдзелена мною — А. К.) беларускай дзяржаўнасьці (сакавік 1917 — люты 1918)».