vicebskreg.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Витебского региона Общество

03.01.2019 10:45

312 просмотров

0 комментариев

Праваабаронца Павал Левінаў схадзіў на прыём да старшыні Віцебскага аблсавету ў строі Дзеда Мароза

Праваабаронца патрапіў на прыём да старшыні Віцебскага абласнога савету дэпутатаў Уладзімера Цярэнцьева 2 студзеня 2019 году. Перад тым як зайсьці ў кабінэт да чыноўніка, Левінаў пераапрануўся ў Дзеда Мароза. Цярэнцьеў быў уражаны...

Што праўда, далейшая размова праходзіла ў фармаце «без барады» і на поўным сур’ёзе, але на самым пачатку не абмінула каляднай тэматыкі.

На ўсё свой час?..

«Вы сустракалі пазаўчора Новы год. Гэта сьвята рэлігійнае, сьвецкае ці савецкае? Уладзімер Уладзімеравіч, ну трэба ж здымаць ужо з навагодніх ялінак камуністычныя зоркі! У некаторых гарадах вунь вісяць бэтлеемскія зоркі — і нічога ж...» — наракаў Павал Левінаў.

«Скажу сумленна і шчыра — на ўсё свой час. Ня трэба нічога фарсіраваць. Калісьці, памятаеце, гаварылі пра Быкава, а ўжо білборды ставяцца, вуліцы называюцца. А сёньня падымі пытаньне аб перайменаваньні бібліятэкі Леніна, дык ведаем, што зноў уздымецца хваля... На ўсё свой час...» — запэўніў старшыня аблсавету.

«Трэба старым даць дажыць. Каб яны разумелі, што тое, што яны рабілі, было не дарэмна. І сёньня таптацца па іх мінулым — гэта не зусім слушна», — лічыць Уладзімер Цярэнцьеў.

Прапанова стварыць камісію абароны правоў грамадзян

Павал Левінаў перадаў Цярэнцьеву зварот з прапановай заснаваць пастаянную камісію Віцебскага абласнога Савету дэпутатаў па пытаньнях абароны правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзян, гарантаваных міжнароднымі абавязкамі Рэспублікі Беларусь.

Зараз у аблсавеце дзейнічае пяць пастаянных камісій, але ўсе яны працуюць у іншых накірунках.

«Менавіта ў аблсавеце я бачу тую структуру, дзе прадстаўнікі праваабарончай і грамадзянскай супольнасьцяў змаглі б знайсьці пляцоўку для сумесных дзеяньняў па кантролі за выкананьнем правоў чалавека і хуткім рэагаваньні», — выказаў сваё бачаньне Павал Левінаў.

Паводле праваабаронцы, Рэспубліка Беларусь зьяўляецца зараз адным зь лідэраў па колькасьці індывідуальных паведамленьняў у КПЧ ААН аб парушэньні правоў і свабод грамадзян, а Віцебская вобласьць «першынствуе» сярод іншых рэгіёнаў краіны.

На думку Паўла Левінава, стварэньне прапанаванай камісіі ў абласным Савеце паспрыяе абароне правоў і свабод грамадзян, а тым самым — паменшыць плынь зваротаў у Камітэт ААН па правах чалавека.

Праваабаронца Беларускага Хэльсынскага камітэту мяркуе, што паседжаньні такой камісіі варта было б праводзіць не радзей аднаго разу на квартал. А на паседжаньні запрашаць прадстаўнікоў праваабарончых арганізацый, грамадзянскай супольнасьці, сродкаў масавай інфармацыі і блогасфэры.

Прапанаваў таксама, каб разам з праваабаронцамі і грамадзкімі актывістамі ў аблсавеце было распрацаванае Палажэньне «Аб грамадзкім камітэце па правах чалавека Віцебскай вобласьці».

«Я магу сказаць толькі адно: я ўважліва вывучу прапанову», — паабяцаў старшыня Віцебскага абласнога Савету Уладзімер Цярэнцьеў.

Падчас размовы праваабаронца агучыў таксама жыльлёвыя праблемы некаторых шматдзетных маці ў Віцебску, праблемы зямельнага падатку ды іншыя пытаньні.

Зьміцер Міраш, фота: facebook.com
https://vitebskspring.org

Последние новости