vicebskreg.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Витебского региона Общество

06.10.2019 15:47

82 просмотра

0 комментариев

Пачаўся новы сезон сустрэч «Добрая нагода»

3 кастрычніка «Віцебск для мяне» распачалі новы сезон сустрэч «Добрая нагода». Што гэта такое? «Нагода» — офлайн пляцоўка і месца для сустрэч і абмену думкамі. Вечар праходзіць у фармаце пітчынгу — кожны жадаючы можа прэзентаваць сваю ідэю ці абмеркаваць праблему, папрасіць дапамогі ці проста абмяняцца кантактамі і паслухаць іншых.

Галоўная мэта “Нагоды” – стварыць падмурак для нетворкінгу і дапамагчы людзям адшукаць адно аднога, гэта можа быць экспертная дапамога, пошук пляцоўкі, валанцёраў, фінансавання і г.д. Пра што гутарылі пасля летняга адпачынку? Распавядаем!

Першы спікер – Канстанцін Смолікаў, старшыня рэгіянальнага аддзялення Партыі БНФ, які распавёў прысутным пра магчымасць далучыцца да кампаніі па назіранні за выбарамі “Права выбару”. Больш інфармацыі – на сайце кампаніі.

Наступны блок быў прысвечаны прэзентацыі праграмы прафесійнага абмену CommunityConnections ад USAIDБеларусь, удзельніцай якой стала ў гэтым годзе рэдактарка vitebsk4me Віка Фаміна. CommunityConnections– гэта магчымасць правесці тры тыдні ў ЗША і атрымаць рэлевантны прафесійны досвед “з першых рук”. Больш пра праграму на сайце Амбасады ЗША.

Лада Маханькова, кіраўнічка адукацыйнага цэнтра ІМКА распавяла пра бягучыя наборы на курсы і магчымасці цэнтра. Зараз ІМКА набірае слухачоў на заняткі па нямецкай мове, відэаблогінгу і журналістыцы ў сацсетках, а таксама па мультыплікацыі. Асаблівасць цэнтра – яго сацыяльная скіраванасць. Сродкамі слухачоў пакрываецца адукацыя для людзей з псіхічнымі і фізічнымі асаблівасцямі, для людзей у цяжкой жыццёвай сітуацыі. Запісацца на курсы можна ў суполцы цэнтра.

Таксама перад публікай выступіла Вера Лабейка, псіхолаг, кіраўнічка клубнага дома “Крылы надзеі” і супольнасці “Клопат тут”. Вера распавяла пра бліжэйшыя падзеі ўстаноў. Так, 9 кастрычніка, напярэдадні сусветнага дня псіхічнага здароўя, у бібліятэцы Петруся Броўкі адбудзецца сустрэча “Я абіраю жыццё”. Там, сярод іншага, будзе працаваць выстава мастачкі Анастасіі Красоўскай, дзе будуць размешчаныя партрэты людзей, якія мелі досвед псіхічных захворванняў. Пазней мы распавядзем у суполцы, як можна далучыцца да акцыі. А ўжо 6 кастрычніка ў цэнтры VZAP пройдзе “Восеньскі пікнік”. Там Вера правядзе майстар-клас “Душэўная ўтульнасць”.

Яшчэ адным спікерам “Нагоды” стала Наталля Бароўка, удзельніца грамадскага аб’яднання “Дзіцячай актыўнай рэабілітацыі”. Наташа каротка распавяла пра поспехі арганізацыі за год: рэгістрацыя НКА, азараўленчыя візіты дзетак у Італіі, удзел у SocialWeekend, шэраг курсаў па рэабілітацыі з замежнымі дактарамі. Арганізацыя вельмі шукае дапамогі для патрымання актыўнасці ў сацыяльных сетках, працы са СМІ, напісанні праектных і грантавых заяў, краўдфандынгу.

Жэня Пачэпка, кіраўнічка Рэгіянальнага рэсурснага цэнтра ў Віцебску і ўдзельніца YMCA-Віцебск, распавяла слухачам пра новую магчымасць па рэалізацыі праектаў. Так, у Беларусі стартуе Праграма падтрымкі ФРГ. Гэта адкрыты конкурс, у межах якога можна рэалізаваць уласную ініцыятыву з падтрымкай арганізацый з Нямеччыны.

Далучайцеся да наступнай “Добрай нагоды” у снежні.

З любоўю, каманда v4me.

Последние новости