vicebskreg.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Витебского региона Общество

01.11.2019 12:44

91 просмотр

0 комментариев

Барыс Хамайда напярэдадні Дзядоў наведаў магілы паплечнікаў і аднадумцаў

Напярэдадні Дзядоў адзін з найстарэйшых віцебскіх апазыцыянэраў Барыс Хамайда наведаў могілкі ў Віцебскім раёне, дзе пахаваныя людзі, якія стаялі ля вытокаў дэмакратычнага руху ў Віцебску. Хамайда прыяжджае да сваіх сяброў і паплечнікаў, якія сышлі з жыцьця, штогод — гэтай традыцыі ўжо 13 гадоў.

Самы першы раз Барыс Хамайда наведаў могілкі на Дзень памяці ў далёкім 2006 годзе – прыяжджаў на магілу свайго найбліжэйшага паплечніка Ўладзімера Плешчанкі, якога ня стала ў той год. У свой час Плешчанка ўзначальваў Віцебскую арганізацыю КХП БНФ, быў адным з арганізатараў супраціву дзейнасьці так званага “ГКЧП” у Віцебску ў жніўні 1991 году.

Пяць сяброў Хамайды пахаваныя на гарадзкіх могілках “Копці”. Сёлета Барыс Ханонавіч са сваімі аднадумцамі першай наведаў магілу і ўсклаў гвазьдзікі да помніка Алены Залескай. Яна была кіраўніцай гарадзкой, а затым і абласной арганізацыі АГП, арганізатаркай і ўдзельніцай шматлікіх апазыцыйных акцый у Віцебску. Хамайда прыгадаў, як яна сваімі рукамі пашыла той самы бел-чырвона-белы сьцяг, які ў 1991 годзе Алесь Пушкін і Сяргей Цярэнцьеў узьнялі над віцебскай ратушай.

Памерлы ў 2017 годзе журналіст Уладзімер Жыгулоў шмат пісаў пра апазыцыйнае жыцьцё ў абласным цэнтры, супрацоўнічаў з газэтамі “Выбар”, “Віцебскі кур’ер”, “Народнае слова”.

Сябра Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Раман Салаўян ня толькі актыўна ўдзельнічаў у акцыях ля “сіняга дому”, але і ўваходзіў у групу легендарнага Мірона.

Алесь Мудрычэнка адным зь першых далучыўся да апазыцыйнага руху ў Віцебску пры канцы 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Барыс Хамайда прыпомніў, што пры стварэньні клюбу “За дэмакратычныя выбары” рашучая пазыцыя Мудрычэнкі дапамагла многім самавызначыцца. Каб спыніць ваганьні, ён заявіў: “Тыя, хто за стварэньне клюбу, – у адзін бок, астатнія – у другі”.

Сяргей Цярэнцьеў узначальваў віцебскую арганізацыю “Мартыралёгу Беларусі” – таварыства памяці ахвяраў камунізму і сталінскіх рэпрэсій у Беларусі. Вёў актыўную працу па пошуку сьведкаў, а затым і стварэньні мэмарыялу ахвярам таталітарызму ля вёскі Паляі.

Уладзімер Плешчанка пахаваны на могілках ля вёскі Друкава. Прыгадваючы свайго сябра Барыс Хамайда кажа: “Шмат часу мы стаялі ўдвух ля “сіняга дому” ў пікетах. Тады вельмі цяжка было. Цяпер лягчэй. А тады людзі лезьлі і ў бойку, і абражалі, і цягалі ў пастарункі, і ўсё, што заўгодна магло быць”.

Апошняй кропкай своеасаблівага паломніцтва стала месца спачыну грамадзянаў, расстраляных за часамі сталінізму ў лесе ля вёскі Паляі. Да мэталёвага крыжу Барыс Хамайда ўсклаў кветкі, запаліў зьнічку і прачытаў “Малітву за Беларусь”.

“Я лічу, што, пакуль мы жывыя, гэта трэба рабіць. І добра, што гэта стала традыцыяй. Ёй ужо 13 год. Гэта важна для моладзі. Мы сыдзем, а маладыя мусяць ведаць, што было раней, хто змагаўся за дэмакратыю, і хто за яе паклаў жыцьцё”, – сказаў Барыс Хамайда.

https://vitebskspring.org

Последние новости