vicebskreg.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Витебского региона Общество

03.11.2019 08:29

74 просмотра

0 комментариев

На Дзяды біскуп Алег Буткевіч памаліўся ў Хайсах за душы ахвяраў сталінізму — відэа

У суботу 2 лістапада біскуп Віцебскі Алег Буткевіч разам зь вернікамі наведаў месцы расстрэлаў ахвяраў сталінскіх рэпрэсій у Хайсах пад Віцебскам. Стваральнікі народнага мэмарыялу, вернікі розных канфэсій усклалі кветкі да памятных крыжоў і памаліліся разам зь біскупам.

Кіраўнік Віцебскай дыяцэзіі не ўпершыню наведвае гэтае месца журбы, выслухоўвае расповеды актывістаў і сваякоў рэпрэсаваных.

Ля помніку Вользе Данцыт біскуп Алег Буткевіч казаў пра сымбаль крыжа, які ёсьць ня толькі знакам пакутніцкай сьмерці Хрыста, але і знакам надзеі для кожнага верніка.

«Прайшоўшы праз крыж нашых зямных выпрабаваньняў, мы маем магчымасьць і надзею на вечнае жыцьцё. Таму просім, каб тыя, хто такім трагічным чынам скончыў сваё зямное жыцьцё, атрымалі ласку, прабачэньне, міласэрнасьць і ўдзел у жыцьці вечным», – казаў Алег Буткевіч.

Як расказаў кіраўнік грамадзкай ініцыятывы «Хайсы» Ян Дзяржаўцаў, імя віцебскай настаўніцы латышкі Вольгі Данцыт удалося вярнуць зь нябыту па надпісе на грабеньчыку, знойдзеным вайскоўцамі пошукавага батальёну ў адной з магілаў. Разам зь яе прозьвішчам на помніку, усталяваным сёлета, увекавечаныя прозьвішчы яшчэ 41 латыша, якіх сталінская карная сыстэма зьнішчыла выключна па нацыянальнай прыкмеце.

Прозьвішчы былі выбраныя з «Картатэкі Сталіна». Імаверна, што іх забілі ў гэтым жа лесе.

Грамадзкі актывіст зь Віцебску Аляксандар Квіліс прыгадаў расповед бабулі пра тое, як быў рэпрэсаваны ягоны дзед.

«Дзеда, які быў старшынём калгасу, выклікалі ў раён. Назад вярнуўся толькі ягоны конь. Пасьля канфіскацыі маёмасьці «ворага народу» бабуля засталася на вуліцы з чатырма дзецьмі, адзін зь якіх быў яшчэ немаўлём», – расказаў Квіліс.

Перад пачаткам малітвы ля помніку ахвярам рэпрэсій Ян Дзяржаўцаў нагадаў, што помнік быў усталяваны ў гэтым годзе дзякуючы дапамозе прадпрымальніка Аляксандра Швейбы.

Побач з помнікам ля трох жалезных крыжоў на ўскрайку лесу біскуп Алег Буткевіч казаў пра тое, што мы ўсе павінны задаць сабе пытаньне: «Што трэба зрабіць, каб гэтага больш не паўтарылася?»

Прычынай сталінскіх рэпрэсій Алег Буткевіч назваў «бязьвер’е людзей і рэжымаў, якія адкідалі Эвангельле, а ўжо сьледам за няверай ішла непавага да чалавека і да людзкога жыцьця».

«Калі чалавек адкідае веру, адкідае Бога, узьнікае небясьпека нешанаваньня людзкога жыцьця», – сказаў Алег Буткевіч.

Пасьля супольнай малітвы і асьвячэньня крыжоў біскуп Буткевіч выказаў падзяку ўсім прысутным, за іх працу і ўдзел у малітве.

Нагадаем, 30 кастрычніка з удзелам біскупа Віцебскага ў катэдральным касьцёле абласнога цэнтру была адкрытая фотавыстава «Хайсы – вiцебскiя Курапаты».

https://vitebskspring.org

Последние новости