vicebskreg.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Витебского региона Общество

17.11.2019 22:27

170 просмотров

0 комментариев

Жыхары вёскі Шэвіна Віцебскага раёну на знак пратэсту байкатавалі выбары

Жыхары вёскі Шэвіна Віцебскага раёну скарысталіся сёлетнімі выбарамі, каб хоць неяк паўплываць на ўладу і паспрабаваць вырашыць сваю праблему. Некалькі грамадзянаў напісалі адмову ад удзелу ў галасаваньні...

Цягам пяці гадоў вяскоўцы намагаюцца вярнуць сабе права хадзіць старой наўпроставай дарогай, якую прысабечыла сабе адміністрацыя санаторыя «Лётцы».

Людзі не зьбіраюцца езьдзіць па дарозе на машынах: абы дайсьці да станцыі, крамы ці пошты ў Малых Лётцах. Таму просяць, каб кіраўніцтва санаторыя не зачыняла хаця б невялікую брамку. Акружная дарога ў два разы даўжэйшая, а ў вёсцы шмат пэнсіянэраў. Каб неяк скараціць шлях, вяскоўцы праклалі ўздоўж санаторнай агароджы сьцежку праз лес. Шлях ня толькі павялічыўся, але стаў небясьпечны.

Да каго толькі ні зьвярталіся шэвінцы, каб вярнуць сабе права хадзіць па дарозе, якую будавалі іхнія продкі. Некаторыя жыхары вёскі адпрацавалі ў санаторыі па 40-50 гадоў, а цяпер ня маюць права хадзіць дарогай напрасткі.

Як кажуць вяскоўцы, адміністрацыя зрабіла гэткі выгляд, што дарогі тут ніколі не было. Насамрэч дарога існавала з даваенных часоў.

«Колькі мы тут жывём, заўжды па гэтай дарозе хадзілі. Мы жывыя сьведкі таго, што гэта дарога была. Я на свае вочы бачыла плян санаторыя «Лётцы», на якім тэрыторыя за дарогай не ўваходзіла ў склад санаторыя. У 1996 годзе склалі новы плян, «фількіну грамату», па якім тэрыторыя адышла санаторыю. Нам не патрэбны санаторый, але няхай нам пакінуць дарогу, каб людзі вольна маглі хадзіць», – кажа старэйшына вёскі Антаніна Зайцава.

А Ніна Карнышава жыве ў вёсцы 62 гады. Яна расказвае, што яе дзед будаваў самы першы корпус санаторыя, а калі пачалі разбудоўвацца, дарогу крыху перанесьлі і яна засталася пешаходная.

«Але яны забралі і пешаходную.І цяпер мы ходзім уздоўж плоту па сьцяжынцы, якую вытапталі самі людзі. А калі дождж, а калі зіма? Я пісала і прасіла даць нам ключы, бо 17 чалавек з вёскі працуе ў санаторыі. Дырэктар напісаў мне, што будзе разглядаць пытаньне. Нам далі нават пропускі з фотаздымкамі. Але, як толькі адбылася рэгістрацыя ў БТІ, усё скончылася…» – распавядае Ніна Карнышава.

Старэйшына вёскі Антаніна Зайцава прызнаецца, што пісьмова адмовілася ад удзелу ў выбарах.

«Мы пяць гадоў ваюем за гэтую дарогу, але для нашай вёскі ніхто нічога не зрабіў. А дэпутатаў, якіх мы раней выбіралі, мы ніколі ня бачылі. Мы вырашалі, што ня пойдзем, пакуль ня вырашаць нашыя пытаньні. Мы нікога не агітавалі, кожны вырашаў самастойна», – кажа жанчына.

Яшчэ адна вяскоўка Валянціна Кучмарова зьдзіўленая, чаму аніводнага разу ўлады не прызначылі сходу для вырашэньня праблемы.

«Вёскі нібыта не існуе. Атрымалася, што мы апынуліся ў зоне адчужанасьці. Нас, атрымліваецца, пазбавілі права голасу», – мяркуе Валянціна.

«Крыўдна: нас нібыта зьвяроў піхнулі ў балота. Ну, добра, я крыху рухаюся. Але ў нас ёсьць абсалютна хворыя людзі. Хоць неяк ім праз гэтыя весьнічкі можна было дабрысьці да крамы ці пошты, а вакол хадзіць і страшна, і цёмна», – выказваецца яшчэ адна нашая суразмоўца 70-гадовая Раіса Марчанка.

«Але што заслужылі ўсе нашы жыхары? Што мы сабакі? Зрабілі з нас «падзаборных» людзей», – падсумоўвае жыхарка Шэвіна Валянціна Іванова.

https://vitebskspring.org

Последние новости