vicebskreg.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Витебского региона Общество

29.01.2020 08:44

65 просмотров

0 комментариев

Сьпірыдонаву аштрафавалі за пікет і судзілі за налепкі «Калгаснай дыктатуры — баста!»

28 студзеня ў судзе Чыгуначнага раёну Віцебску актывістку «Эўрапейскай Беларусі» Натальлю Сьпірыдонаву аштрафавалі на 25 базавых велічынь за ўдзел у сьнежаньскім антыінтэграцыйным пікеце на плошчы Перамогі. У гэты ж дзень у судзе Кастрычніцкага раёну яна разам з полацкім актывістам Аляксандрам Круткіным стала фігуранткай іншай адміністрацыйнай справы.

У Чыгуначным судзе Віцебску адміністрацыйную справу Натальлі Сьпірыдонавай, удзельніцы несанкцыянаванага пікету на плошчы Перамогі 29 сьнежня, разгледзела судзьдзя Ала Бардзюкова. Актывістку абвінавацілі ў правапарушэньні паводле ч.1, арт. 23.34 КаАП РБ.

Сьпірыдонава на судовае паседжаньне не зьявілася, разгляд справы адбыўся безь яе ўдзелу. Як сьцьвярджаецца ў пратаколе, сваімі дзеяньнямі актывістка парушыла парадак арганізацыі і правядзеньня масавага мерапрыемства. Падчас пікету трымала ў руках плякат з надпісам: «Лукашэнку — ворага краіны — у адстаўку! Не — інтэграцыі!»

Натальля Сьпірыдонава

За актыўны ўдзел у несанкцыянаваным пікетаваньні судзьдзя Бардзюкова аштрафавала Натальлю Сьпірыдонаву на 25 базавых велічыняў (675 рублёў). Нагадаем, 23 студзеня суд Першамайскага раёну пакараў Сьпірыдонаву штрафам за публічны заклік узяць удзел у сьнежаньскім пікеце (таксама — 25 б.в.).

Суд за налепкі «Калгаснай дыктатуры — баста!»

У той жа дзень, 28 студзеня, у судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску адміністрацыйнае правапарушэньне актывістаў «Эўрапейскай Беларусі» Сьпірыдонавай і Круткіна пачаў разглядаць судзьдзя Ільля Белавус.

Актывістаў затрымалі днём 27 студзеня за расклейваньне налепак «Калгаснай дыктатуры — баста!» Адна з налепак зьявілася і на будынку Віцебскай абласной пракуратуры. Міліцыянты склалі адміністрацыйны пратакол паводле арт. 17.1 КаАП (Дробнае хуліганства).

Полацкі актывіст Алесь Круткін правёў ноч у віцебскім ізалятары часовага ўтрыманьня (ІЧУ).

На судзе Натальля Сьпірыдонава хадайнічала аб перакваліфікацыі адміністрацыйнага правапарушэньня з арт. 17.1 КаАП на ч. 2 арт. 21.14 КаАП РБ (Парушэньне правілаў добраўпарадкаваньня і ўтрыманьня населеных пунктаў). Аляксандар Круткін, у сваю чаргу, прасіў судзьдзю прыпыніць працэс, каб мець магчымасьць заключыць дамову з адвакатам.

Пасьля невялікага перапынку судзьдзя Ільля Белавус задаволіў абодва хадайніцтвы. Разгляд справы быў прыпынены, а пратаколы вернутыя ў Кастрычніцкі РАУС на выпраўленьне недахопаў.

Круткіна зноў затрымалі

Але ўжо пасьля гэтага Алеся Круткіна і Натальлю Сьпірыдонаву «папрасілі праехаць» у аддзяленьне міліцыі. Як пазьней высьветлілася, у Кастрычніцкім РАУС Сьпірыдонавай уручылі позву, а Круткіна зноў затрымалі — каб перадаць полацкай міліцыі. Меркавана, у Полацку актывіста чакае суд за ўдзел у менскіх акцыях.

У камэнтары нашаму карэспандэнту Алесь Круткін выказаў нязгоду з пратаколам, дзе напісана, што сваімі дзеяньнямі актывісты парушылі грамадзкі парадак і выказалі непавагу да грамадзтва.

«Чамусьці лічыцца, што пратэст супраць калгаснай дыктатуры — гэта непавага да беларускага грамадзтва. Але бальшыня беларускага грамадзтва наадварот салідарызуецца з такім лёзунгам. Наадварот, гэтым мы выказалі павагу да беларускага грамадзтва, а непавагу — да гэтай мафіі, якая 26-ы год п’е кроў з народу», — сказаў Круткін.

https://vitebskspring.org

Последние новости