vicebskreg.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Витебского региона Общество

29.01.2020 19:10

411 просмотров

0 комментариев

Вуліца Савецкая ў Старым Сяле, ані савецкая, ані сучасная. Некалькі думак пасьля шпацыру(фота)

На днях наведаў вёску Старое Сяло, давялося прайсьціся па недагледжанай вуліцы з найменьнем Савецкая. Выбоіны, калюжыны, бруд, шэры, зусім ня зімні пейзаж і ў паветры разьлітае адчуваньне безвыходнасьці...

Вёска Старое Сяло хоць і знаходзіцца на ўскрайку Віцебскага раёну, але адлегласьць да абласнога цэнтру складае ўсяго нейкія 23 кіламетры. Праўда, гэткая блізкасьць да Віцебску нічым вяскоўцам не дапамагае.

У мінулым мястэчка ведала лепшыя часы, але пасьля пабудовы новай шашы Віцебск — Полацак, якая больш не праходзіць паўз паселішча, пачаўся паступовы заняпад. Ад былога калгаса і мясцовай бальніцы мала што засталося. Адзінаццацігадовая школа, кажуць, у хуткім часе мусіць стаць дзевяцігадовай. Вёска ў прамым і пераносным сэнсе нібыта збочыла з цэнтральнай трасы свайго разьвіцьця. Хаця па лёгіцы рэчаў, усё мусіла быць наадварот, бо і да трасы рукой падаць, і чыгуначная станцыя ёсьць дый нейкая інфраструктура захавалася ад часоў перабудовы.

Аўтатраса, пабудаваная адносна нядаўна, але хібы дрэннай работы бачныя няўзброеным вокам. Ямачны рамонт не спыняецца ні зімой, ні летам. Мяркуючы па ўсім будаваць дарогі ў нас ці то ня хочуць, ці то няўмеюць, ці то крадуць болей чым застаецца для пабудовы сучасных транспартных артэрый? Але рамонт патрэбны ня толькі цэнтральным дарогам, патрэбны ён і вясковым вуліцам.

Вуліца Савецкая прыгожая сваім пагорыстым ляндшафтам дый навакольны пейзаж крыху цешыць вока, а вось з праезнай часткай не пашанцавала. Вуліца доўгая, цягнецца ад Полацкай і аж да задніх варот вясковай школы. Па факту яна тупіковая! І гэта сымбалічна, як для неўпарадкаванай дарогі, так і для тупіковага савецкага перыяду, своеасаблівага апендыксу ў гісторыі беларускага народу.

Па-сутнасьці вуліцу ніколі не рамантавалі, хіба што, як маглі, самі жыхары. Раз у пяцігодтку можа праехаць грэйдэр — і ўвесь догляд. Пакуль у краіне няма разьвітага мясцовага самакіраваньня і ўсім займаецца раённае ды абласное чынавенства, разьлічваць на справядлівае разьмеркаваньне грашовых сродкаў не выпадае.

Ня ведаю, што думаюць сучасныя школьнікі, іхнія бацькі і настаўнікі, якім даводзіцца хадзіць па вуліцы, але ў 21 стагодзьдзі гэткія дарогі і сама назва вуліцы — саўковы анахранізм і з гэтым трэба нешта рабіць.

Ня думаю, што, прачытаўшы мае заўвагі, заўтра жыхары вуліцы напішуць зварот да ўладаў с просьбай адрамантаваць вуліцу, але хацелася, каб нашае грамадзтва было больш ініцыятыўным і менш абыякавым, як да стану вуліц на якіх яно жыве, так і да назваў, якія тыя вуліцы носяць.

Ян Ластаўка.

Последние новости