vicebskreg.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Витебского региона Общество

01.06.2020 09:13

92 просмотра

0 комментариев

За Ціханоўскую ў Віцебску падпісалася 31 траўня больш за тысячу чалавек(відэа)

У нядзелю 31 траўня ў цэнтры Віцебску прайшлі чарговыя пікеты для збору подпісаў прэтэндэнтаў у кандыдаты на прэзыдэнцтва. Да столікаў, дзе зьбіралі подпісы за Сьвятлану Ціханоўскую, віцябляне ўтварылі чаргу на некалькі сотняў мэтраў.

Чарга віцяблян расьцягнулася на сваім піке ад піраміды «Марка-сіці» да сэрвіснага цэнтру «А-1» (вул. Леніна,16А). Паток людзей пайшоў на спад толькі бліжэй да вечара. Апошні чалавек падпісаўся ў 20.00.

Сябры ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай — жонкі блогера Сяргей Ціханоўскага, затрыманага 29 траўня ў Горадні, паведамілі, што колькасьць сабраных за нядзелю подпісаў сягае 1-й тысячы, але лічбы яшчэ будуць удакладняцца і могуць быць большымі.

Затрыманыя тры актывісты

Таксама стала вядома, што яшчэ зранку, да пачатку пікетаваньня, міліцыянты затрымалі ў Віцебску трох прыхільнікаў блогера Ціханоўскага — Алега Баразну, Аляксея Саламаненку і Аляксандра Ільінца.

На якой падставе яны былі затрыманыя — пакуль невядома. Суды, паводле інфармацыі, атрыманай ад жонкі Аляксея Саламаненкі, адбудуцца 1 чэрвеня. Актывісты правядуць ноч у ізалятары часовага ўтрыманьня (ІЧУ).

Севярынец: Сяргей Ціханоўскі — народны герой

Удзел у пікетаваньні ў Віцебску 31 траўня ўзяў сузаснавальнік партыі БХД Павал Севярынец. У сваёй прамове ён назваў Сяргея Ціханоўскага «народным героем» і казаў аб неабходнасьці яднаньня.

«Проста падпісацца зараз — гэтага недастаткова. Мы можам падпісацца, але Лукашэнка можа зарубіць ініцыятыўную групу Ціханоўскай ужо ў панядзелак. Мы можам рыхтавацца прагаласаваць за кагосьці, але лічыць будзе Ярмошына. Таму ў нас павінна хапіць сілы і рашучасьці на пратэст, а калі хтосьці ня можа — на забастоўку. Ня ўдзельнічаць у справах зла, ня ўдзельнічаць у справах рэжыму Лукашэнкі!» — заклікаў Павал Севярынец на пікеце.

Прамаўляе Павал Севярынец

На пікеце гучалі лёзунгі «Свабоду!», «Свабоду Ціханоўскаму!», «Свабоду палітвязьням!», «Сыходзь!», «Стоп, таракан!», «Далучайся!», «Жыве Беларусь!» Цягам некалькіх гадзін над пляцоўкай луналі нацыянальныя бел-чырвона-белыя сьцягі.

У гэты ж дзень подпісы можна было пакінуць і за іншых прэтэндэнтаў у кандыдаты — Віктара Бабарыку, Валерыя Цапкалу, Сяргея Чэрачаня.

Зьміцер Міраш.

https://vitebskspring.org


Последние новости