vicebskreg.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Витебского региона Общество

23.06.2020 07:25

89 просмотров

0 комментариев

На 2700 рублёў аштрафавалі ўдзельнікаў «ланцугу салідарнасьці» і пікетаў у Віцебску

У панядзелак 22 чэрвеня ў розных судах Віцебску судзілі ўдзельнікаў цалкам законных масавых мерапрыемстваў, якія ладзіліся для збору подпісаў за патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнцтва і якія трактаваліся міліцыянтамі як несанкцыянаваныя пікетаваньні.

Сёньня паводле артыкулу 23.34 КаАП аштрафавалі трох віцяблян на агульную суму 2 тыс. 700 рублёў (100 базавых велічынь).

На 45 базавых велічынь (1215 рублёў) суд Віцебскага раёну праз скайп аштрафаваў вядомую блогерку і актывістку Алену Янушкоўскую, якая да суду правяла трое сутак у ізалятары часовага ўтрыманьня (ІЧУ). Судзьдзя Міхаіл Зубеня прызнаў яе вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаваньні (ч.3 арт. 23.34). Алена Янушкоўская разам з дачкой Юліяй Уласенка былі затрыманыя амапаўцамі 19 чэрвеня падчас «ланцугу салідарнасьці» ў Віцебску, зь якога блогерка рабіла стрым. Жанчыну пасьля складаньня пратаколу кінулі ў ІЧУ, а дачку Юлію адпусьцілі.

Суд над Юліяй Уласенка адбудзецца 24 чэрвеня ў судзе Віцебскага раёну (пачатак — 15.00).

Алена Янушкоўская правяла трое сутак да суду ў ізалятары часовага ўтрыманьня. Пасьля суду яе сустрэлі каля ІЧУ дачка і паплечнікі

Суд Чыгуначнага раёну Віцебску аштрафаваў актывіста «Краіны для жыцьця» Аляксандра Мацеюка за ўдзел у «ланцугу салідарнасьці» на 35 базавых велічынь (945 рублёў). Аляксандар быў затрыманы ў суботу 20 чэрвеня ў сябе дома. Пры затрыманьні мужчына быў зьбіты і зьмешчаны ў ізалятар часовага ўтрыманьня, дзе таксама правёў да суду некалькі сутак. Ягоную справу разглядала судзьдзя Ала Бардзюкова. Адзначым, што на Аляксандра былі складзеныя два пратаколы. Другі — за нібыта непадпарадкаваньне міліцыянтам (арт. 23.4 КаАП).

Судзіць за непадпарадкаваньне Мацеюка будуць 24 чэрвеня ў судзе Чыгуначнага раёну (пачатак — 14.30).

Таксама ў судзе Чыгуначнага раёну разглядалі сёньня адміністрацыйную справу, заведзеную на віцябляніна Паўла Пруднікава. Яго вінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу, які нібыта прайшоў у Віцебску 7 чэрвеня. Што праўда, падчас працэсу, які вяла судзьдзя Алена Цыганкова, прадстаўнік АУС Першамайскага раёну Вадзім Склімёнак прызнаўся ў памылцы: вінаваціць чалавека трэба было ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаваньні, а ня ў мітынгу.

Павал Пруднікаў заклікаў судзьдзю да сумленьня, цытаваў Канстыуцыю, але так і ня змог давесьці, што плякатаў «Свабоду Ціханоўскаму!», «Свабоду Статкевічу!» і «9 жніўня майдану ня будзе — будзе дэзынсэкцыя» не дэманстраваў і ніякай інфармацыі пра іх у інтэрнэце не публікаваў. Судзьдзя Цыганкова прызнала Пруднікава вінаватым у парушэньні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах і аштрафавала маладога чалавека на 20 базавых велічынь (540 рублёў).

Павал Пруднікаў

Яшчэ два працэсы ў судзе Чыгуначнага раёну сёньня былі не даведзеныя да абвяшчэньня прысудаў — у тым ліку праз так званыя «тэхнічныя памылкі» ў міліцэйскіх пратаколах. Разгляд справы віцяблянкі Тацяны Філімонавай, якую вінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу 7 чэрвеня, перанесьлі на 23 чэрвеня (пачатак — 16.00). Справу разьбірае судзьдзя Алена Грабянчук.

Зноў перанесьлі разгляд адміністрацыйнай справы, распачатай супраць актывісткі БХД Тацяны Севярынец — гэта ўжо трэці запар перанос. Калі адбудзецца наступнае паседжаньне — пакуль невядома.

Зьміцер Міраш

https://vitebskspring.org

Последние новости