vicebskreg.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Витебского региона Общество

24.06.2020 12:46

83 просмотра

0 комментариев

Зорка Купалаўскага: Што гэта за бандфарміраванні арудуюць у цэнтры Мінска?

Вядучы акцёр Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Павал Харланчук расказаў Свабодзе пра сваё стаўленне да выбарчай кампаніі, чыноўнікаў і тэлевізійнікаў.

«Што гэта за бандфарміраванні арудуюць у цэнтры Менску?»

Павал Харланчук 19 чэрвеня пад вечар знаходзіўся на плошчы Якуба Коласа, сядзелі разам з жонкай Ганнай каля Філармоніі на лаўцы. Да іх падышоў маладзён у масцы, цывільным адзенні, без апазнавальных знакаў і кажа: сыходзьце адсюль.

«Я пытаюся — чаму? Ён адказвае: «Вы парушаеце грамадскі парадак». Як я магу парушаць правапарадак, седзячы на лаўцы? Я наагул не разумею, што адбываецца: чалавек не назваўся, ён у звычайным цывільным адзенні, падыходзіць і просіць мяне сысці. Сітуацыя: проста нейкі чалавек падыходзіць да мяне і абвінавачвае ў парушэнні правапарадку! Што гэта за людзі? Гэта не міліцыя, не АМАП, проста чалавек у цывільным.

Што гэта за бандфарміраванні, якія арудуюць у цэнтры Мінска? Я не бачыў ніводнага п’янага на вуліцы, людзі гулялі ў добрае надвор’е, стаялі ў чарзе паставіць у апошні дзень подпіс за кандыдата ў кандыдаты. Беззаконня з боку простых грамадзян, людзей, якія ў чэргах стаяць, я не бачыў. А з боку гэтых невядомых людзей бачыў. Дзіўныя людзі ў цывільным жорстка хапаюць мінакоў, калі хтосьці выпадкова раптам апынуўся не ў тым месцы.


Я такога наагул не памятаю, у маіх досведзе такога не было. Гэта нейкая агонія. І мне вельмі шкада людзей, якіх пасадзілі і аштрафавалі», — кажа Павал Харланчук.

«Калі ты ўпэўнены, што пераможаш любую каманду, перамажы сумленна!»

Што ён думае пра пачатак сёлетняй выбарчай кампаніі? Акцёр — заўзяты футбаліст, таму параўнаў цяперашнюю сітуацыю з несумленнай гульнёй у футбол.

«Ведаеце, уся гэтая выбарчая гонка нагадвае мне сітуацыю, калі ты прыйшоў на футбольны матч, заплаціў за гэта грошы, але ў адной камандзе, як было ў дзяцінстве, ёсць «варатар-вадзіла»: брамнік стаіць на браме, але мае права «вадзіцца». І ён бярэ ўсю гульню на сябе: і ў абароне, і ў паўабароне, і ў нападзенні. Зь мячом толькі ён адзін. І пры гэтым яшчэ людзей з каманды суперніка проста прыбіраюць, каб пакінуць пустую браму, і ён туды забіў гол. Такая гульня абсалютна нецікавая. У гэтым няма духу спаборніцтва, няма справядлівасці, не выконваюцца правілы і законы. А я за гэта яшчэ павінен плаціць грошы!

Калі ты ўпэўнены, што пераможаш любую каманду, дык перамажы сумленна! Хай гэта будзе барацьба — справядлівая і сумленная. Я хацеў бы, каб усё адбывалася паводле закона. А тое, што цяпер адбываецца ў цэнтры Мінска, дый ня толькі ў Мінску, але ў іншых гарадах, нават маленькіх — Лунінцы, Калінкавічах, Ганцавічах, Берасці — гэта проста беззаконне. Гэта нейкая іншая рэальнасць. Жудасная рэальнасць».

«Гэта параза ўлады на ўсіх франтах»

Абураецца Павал і дзяржаўнымі тэлеканаламі, і іх вядоўцамі. Расказаў пра палеміку ў фэйсбуку з адным тэлежурналістам — «тварам тэлеканала».

«Я прачытаў, як гэты журналіст меў неасцярожнасць выказацца наконт ланцугоў салідарнасці — маўляў, правільна разганяюць. Ды яшчэ так абразліва, гнюсна! Я ў прываце рэзка адказаў яму. Ну як так можна хлусіць, круціцца, прыстасоўвацца, балансаваць?

Паслухайце толькі, што кажуць з тэлеэкранаў нашы высокапастаўленыя чыноўнікі. Тых, хто зараз прыйшоў ва ўрад, я называю «ўладай пакрыўджаных школьнікаў». Гэта зацюканыя школьнікі, якіх ніколі не прымалі ўсур’ёз. Калі я гляджу на новага кіраўніка Камітэта дзяржаўнага кантролю, які агучвае падрыхтаваны тэкст, а калі яму задаюць пытанні, — ён такі шчаслівы, што да яго такая ўвага!

Гэта параза ўлады на ўсіх франтах. Ва ўсіх нармальных людзей адназначная ацэнка таго, што адбываецца, — гэта агонія ўлады. Толькі ў самой улады, чыноўнікаў, сілавікоў, праваахоўнікаў, тэлевізійнікаў — нібыта іншы свет. І іх мне таксама шкада», — кажа вядучы акцёр Купалаўскага тэатра і Тэатра-студыі кінаактора Павал Харланчук.

Іна Студзінская, Радыё Свабода
https://nn.by/?c=ar&i=254038

Последние новости