vicebskreg.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Витебского региона Общество

26.07.2020 18:42

112 просмотров

0 комментариев

Сёння — Дзень работнікаў гандлю

У апошнюю нядзелю ліпеня ў Беларусі адзначаецца Дзень работнікаў гандлю. Але ў сваё прафесійнае свята Ірына Клятчанка і Надзея Семенчукова з вёскі Заронава будуць нязменна прыветліва абслугоў­ваць аднавяскоўцаў, падбіраючы тавары на кожны густ.

Сучасны будынак з вялі­кай гандлёвай залай самаабслугоўвання размешчаны ў гістарычным цэнтры вёскі. Магазін пабудаваны яшчэ ў пачатку 60-ых, сёння ён адносіцца да Лепельскага філіяла Віцебскага абласнога спажывецкага таварыства і з’яўляецца адным з галоўных гандлёвых аб’ектаў для заронаўцаў і прыезджых турыстаў. Шмат чаго змянілася больш чым за паўвека існавання, але якасць абслугоў­вання застаецца нязменнай. За гэта на працягу 12 год адказвае загадчыца крамы Надзея Семенчукова, менавіта яе шматгадовы вопыт дапамагае ўстанове быць лепшай у Заронаўскім сельсавеце.

— Густы мясцовых жыхароў я вывучыла ўжо даўно, тым больш, што і сама жыву ў Заронаве, маю зносіны з людзьмі па-за працай. Да кожнага пакупніка трэба мець індывідуальны падыход, умець адчуваць яго настрой і мэту, з якой чалавек прыйшоў да нас. Толькі ўважлівае стаўленне да наведвальнікаў і якасны асартымент могуць зрабіць магазін тым месцам, куды захочацца вяртацца.

На вітрынах утульнага магазіна размясціліся кандытарскія і свежыя хлебабулачныя вырабы, мяса-малочная прадукцыя, садавіна і агародніна, напоі. Таксама можна набыць тавары першай неабходнасці, тэкстыльныя вырабы і посуд.

Прыветлівай усмешкай прадавец Ірына Клятчанка на працягу 15 год сустракае аднавяскоўцаў, якія прыходзяць да яе не толькі за карыснымі пакупкамі, але і за добрым настроем. Нягледзячы на тое, што цяпер людзі могуць самі браць з вітрыны неабходныя тавары, у летнюю пару Ірына і Надзея не маюць свабоднай хвілінкі.

— Зараз актыўным попытам карыстаюцца прахаладжальныя напоі і марозіва. Дзеткі часцей выбіраюць лёд з садавіны, а дарослыя — халодны дэсерт з вяршкамі. За летні перыяд магазін зарабляе каля 150 тысяч беларускіх рублёў. Мы імкнемся задавальняць запыты насельніцтва, рэгулярна з’яўляюцца новыя таварныя пазіцыі, — расказвае Ірына Клятчанка.

Галоўным сакрэтам паспяховай працы жанчыны лічаць адданасць і любоў да абранай прафесіі. Калі дадаць да гэтага лыжку аптымізму і некалькі кропель стараннасці, атрымаецца ўнікальны рэцэпт шчаслі­вага жыцця, які вынайшлі Ірына Клятчанка і Надзея Семенчукова з вёскі Заронава. У сваё прафесійнае свята яны з радасцю будуць прымаць пажаданні росквіту і дабрабыту ад удзячных пакупнікоў.

А. ГВОЗДЗЕВА, "Жыццё Прыдзвіння"

Последние новости