vicebskreg.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Витебского региона Общество

08.01.2021 18:35

188 просмотров

0 комментариев

Беларуская моладзь вельмі разумная, яна вартая лепшага прэзідэнта

Паводле даных праваабаронцаў, у Беларусі за кратамі знаходзяцца тысячы з ліку ўдзельнікаў акцый пратэсту супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Усе яны асуджаныя па розных артыкулах КаАП РБ, аднак толькі некалькі соцень з іх прызнаныя палітзняволенымі.

Сярод непрызнаных палітзняволеным — адзін з берасцейцаў, які 9 жніўня ў вечар пасля выбараў выйшаў на пратэст.

Жанна Загжэцкая, маці пратэстоўца Аляксандра Бабіча, які засуджаны да 3 з паловай гадоў па артыкуле 364 КК (Гвалт альбо пагроза гвалту ў дачыненні да супрацоўніка ОУС) распавяла Беларускаму Радыё Рацыя.

— Гэта быў панядзелак, мы з мужам чакалі яго тут у нас на МОПРа. Мы павінны былі ехаць дапамагаць на лецішча. Мы глядзім па часе, што 11 гадзін, а ён не тэлефануе. Я адразу насцярожылася, давай тэлефанаваць, ён быў проста недаступны, адключаны. Я кажу: «Саша, усё, я еду на Усход, там штосьці здарылася!». Я хутка апранаюся, у мяне рукі трасуцца проста. Тут тэлефанаванне на тэлефон мне: «Гэта адвакат са Следчага камітэта». Я так адразу: «А чаго вы мне тэлефануеце?» «Вы хочаце мяне выслухаць?» Я ўжо так спынілася, бо ў мяне было вельмі многа эмоцый: чаму, што як гэта? Яны мне кажуць: «Мы вашага сына затрымалі, вядзём следчыя справы… Мы будзем разбірацца, запісвайце дадзеныя». Я проста заікацца стала. Я цяпер прыгадваю гэта ўсё — у мяне і тое нейкія дрыжыкі ідуць. Для мяне гэта як прорва была, здавалася, што я штосьці губляю. Мы з Сашам заўсёды былі злучаныя невідочнай нітачкай. Я магла доўга яго не чуць, хаця мы ўжо як два гады ў розных раёнах — ён на ўсходзе, мы ў цэнтры з мужам жывём. Мне заўсёды трэба было чуць ягоны голас, ведаць, дзе ён знаходзіцца, на працы — добра, увечары на прабежцы — добра. А тут яго няма. Мы пасля адразу пачалі тэлефанаваць сябрам, шукаць, як, што, дзе.

— Ці адчувалася нейкая салідарнасць пасля затрымання вашага сына?

— Так, вельмі канешне адчувалася падтрымка. На пачатку адгукнулася больш чужых людзей. Свае родныя крыху пазней далучыліся да падтрымкі. Цяпер падтрымліваюць, перажываюць, была падтрымка. Мы нават з мамамі аб’ядналіся з такімі ж, у якіх такое ж гора. Сустрэчы ад «Вясны» былі, псіхолагі з намі працавалі. Яны з намі размаўлялі, каб мы не адчувалі, што нашы дзеці злачынцы, а наадварот, нашы дзеці — гэта залатая ячэйка нашай адроджанай нацыі.

Наша моладзь вельмі разумная, яна вартая лепшага прэзідэнта. Бязмежжа творыцца ў нашым правасуддзі. Правасуддзе на дадзены момант падтрымлівае тую сістэму, якая яшчэ трымаецца «пасінеўшымі пальцамі за свой фатэль». Яны не думаюць, што гэта ў адну гадзіну можа сысці. Як яны будуць адказваць за свае ўчынкі?

Калі б ён сябе не абараніў, то, магчыма, ён быў бы ў чарговай спартовай залі, дзе збівалі гэтых хлопцаў. Ён проста сябе абараніў, каб не стаць інвалідам. У той вечар 9-га жніўны неабыякавыя людзі выйшлі, бо ў іх быў крык душы, што несправядліва.

У кожнай сям’і спытай: «За каго ты галасаваў?», «А ты за каго?». І ўжо адразу вызначыш, што асноўная маса ішла супраць нелегітымнага прэзідэнта. Яны проста выйшлі абараніць свой голас і паказаць, што мы нязгодныя. Калі там недзе нейкая штурханіна была з міліцыянтамі, то гэта была абарона, каб яго не збілі. Я лічу толькі так.

— Як ён сябе адчувае, пра што піша, можа штосьці просіць, каб перадалі?

— Канешне перажывае, бо гэта выкраслены час з яго жыцця. Ён марыў пра многае, пра свае дасягненні, пра далейшыя свае справы. На дадзены момант у іх там не хапае палітычнай інфармацыі. Гэты недахоп іх больш ставіць у тупік, яны не ведаюць, што адбываецца тут. Калі перапісваеш у лістах НEXTA ці іншы канал, які піша праўду, перапісваеш такую палітычную зводку, то ён вельмі ўдзячны. У наступным лісце піша: «Мамуля, дзякуй табе за такі добры ліст! Гэта як глыток свабоды з таго, боку. Мы нічога не ведаем, але трымаемся».

"Новы Час"

Последние новости