vicebskreg.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Витебского региона Общество

03.04.2021 15:38

196 просмотров

0 комментариев

Тадэвуш Кандрусевіч: «Сёньня наша Бацькаўшчына перажывае сваю Вялікую пятніцу»

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у хрысьціянскае сьвята Вялікай пятніцы зьвярнуўся да вернікаў, узгадаўшы вольны выбар Езуса, а таксама немінучае сьвітаньне, якое адбудзецца ў Беларусі, як адбылося калісьці на Галгофе.

2 красавіка, у Вялікую пятніцу, якую адзначаюць хрысьціяне, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у магілёўскай катэдры ўзначаліў цэлебрацыю набажэнства Мукі Пана, якому папярэднічаў Крыжовы шлях на пляцы перад касьцёлам, інфармуе Catholic.by.

Другі дзень Пасхальнага Трыдууму — Вялікая пятніца — гэта адзіны дзень у літургічным годзе, калі ў Касьцёле не цэлебруецца сьвятая Імша. Увага парафіяльных супольнасьцяў зьвернута на крыж — знак збаўленьня і надзеі хрысьціянаў.

Як падкрэсьліў герарх, «цярпеньні і крыжовую сьмерць Езус прыняў дабраахвотна і без прымусу», таму яго ахвяра і была «сапраўднай любоўю», таму стала «збаўчай».

«Калі Пілат, які меў палітычную ўладу і мог асудзіць Езуса на сьмерць, дапытваў Яго, то на самай справе не Пілат асуджаў Езуса, а Езус Пілата. Пра гэта сьведчаць словы Езуса, што Пілат ня меў бы ніякай улады, калі б яму не было дадзена з вышыні», — падкрэсьліў арцыбіскуп.

«У Эвангельлі паказаны дзіўны парадокс: Пілат хацеў апраўдаць Езуса, але ня быў свабодны ў сваіх дзеяньнях і таму ня мог судзіць справядліва. Супраць сваёй волі ён аддаў Езуса юдэям, каб яны вырашылі што зь ім зрабіць. Як вядома, яны папрасілі вызваліць злачынца Барабу, а Езуса асудзіць на сьмерць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Арцыбіскуп Кандрусевіч: У кожную эпоху патрэбныя ня столькі рэфарматары і рэвалюцыянэры, колькі людзі мудрыя і сьвятыя

Але насамрэч, па словах Кандрусевіча, Езус сам выбраў сьмерць на крыжы, каб такім чынам праявіць бязьмежную збаўчую любоў Бога да чалавека. Арцыбіскуп падзяліўся думкай сьвятога Антонія Падуанскага, які лічыў, што крыж зь Езусам на ім — гэта люстэрка хрысьціяніна, бо менавіта «ў крыжы мы можам убачыць веліч сваёй годнасьці».

«Сёньня наша Бацькаўшчына нясе крыж грамадзка-палітычнага крызісу і перажывае сваю Вялікую пятніцу. Пасьля трагедыі на Галгофе настала велікоднае сьвітаньне. Таму ня будзем баяцца несьці крыж нашага асабістага і грамадзкага жыцьця. Лацінская прымаўка кажа: Зямля круціцца, а крыж застаецца. А ў ім — збаўленьне і перамога над грахом і злом», — заключыў арцыбіскуп Кандрусевіч.

РС

Последние новости