vicebskreg.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Витебского региона Общество

09.01.2016 12:53

1192 просмотра

0 комментариев

Раскопкі ў Віцебскім раёне завершаныя — пытаньні засталіся

Віцебскі раённы выканаўчы камітэт, разгледзеўшы калектыўны зварот мясцовых актывістаў КХП-БНФ, паведаміў, што раскопкі, якія праводзіліся ў кастрычніку — лістападзе 2015 году ў лясным масіве каля вёскі Хайсы сіламі 52-га асобнага спэцыялізаванага пошукавага батальёну, не далі адназначнага адказу на пытаньне пра тое, хто, калі і пры якіх акалічнасьцях быў расстраляны і таемна пахаваны ў лесе.

Улады Віцебскага раёну праінфармавалі апазыцыянэраў пра тое, што ў выніку праведзеных палявых пошукавых работ з раскопкамі ўдалося знайсьці касьцявыя парэшткі 172 чалавек. Аднак прычыны сьмерці людзей і тып зброі, якая ўжывалася для іх забойства, у матэрыялах дасьледаваньня пошукавага аб’екту ня вызначаныя.

Па выніках правядзеньня пошукавых работ у пахаваньні знойдзеныя прадметы, якія належаць салдатам і афіцэрам Савецкай арміі і Нямеччыны часоў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама цывільнаму насельніцтву. Прыблізны час пахаваньня — 1936-1942 гады. Дакладна вызначыць пэрыяд пахаваньня не ўяўляецца магчымым, аднак прасочваецца сувязь гэтага пахаваньня з пэрыядам Вялікай Айчыннай вайны.

Для атрыманьня дадатковых зьвестак Віцебскім райвыканкамам былі накіраваныя запыты ва ўпраўленьне Камітэту дзяржаўнай бясьпекі па Віцебскай вобласьці і дзяржаўную ўстанову «Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь» для высьвятленьня пэрыяду пахаваньня паводле архіўных дакумэнтаў.

Чыноўнікі запэўніваюць грамадзянскіх актывістаў, што пасьля атрыманьня архіўнай інфармацыі адбудзецца паседжаньне аргкамітэту райвыканкаму па ўшанаваньні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў, на якім будзе вырашанае пытаньне пра перапахаваньне парэшткаў, знойдзеных у лясным масіве ў раёне вёскі Хайсы.

Пасьля гэтага паведамленьня стала зразумела, што падазрэньні апазыцыянэраў пра тое, што ў лясох у раёне вёсак Хайсы і Дрыкольле зьдзяйсьняліся сьмяротныя пакараньні грамадзян у даваенны пэрыяд, пацьверджаныя дакумэнтальна і рэчавымі доказамі, атрыманымі падчас раскопак у гэтай мясцовасьці.

Відавочна, што ў адзінаццаці ямінах знаходзяцца парэшткі людзей, якія ніякага дачыненьня да вайсковых падразьдзяленьняў ня маюць. Калі б расстрэлы чыніліся нацыстамі, то гэта было б адназначна выяўлена спэцыялістам-археолягам, які ўвесь час суправаджаў вайскоўцаў пошукавага батальёну падчас раскопак.
Зброю, з дапамогай якой зьдзяйсьняліся забойствы людзей, лёгка вызначыць па гільзах і кулях, якія ў вялікай колькасьці былі выяўленыя пошукавікамі ў глебе вакол ямін і ў пахавальных ямінах. Сумнеўна, што ваенныя адмыслоўцы не змаглі гэтага зрабіць і не адлюстравалі гэта ў справаздачы.

Мяркую, што пэрыяд, на які прыпадалі забойствы, элемэнтарна вызначаецца па манэтах, якія былі знойдзеныя ў месцах пахаваньня. Таксама, хоць і менш дакладна, час расстрэлаў можна вызначыць па абутку і іншых асабістых рэчах забітых грамадзян.

Таму гады 1936-1941 можна прыняць як дакладныя даты пахаваньня, а вось 1942-ы знаходзіцца пад вялікім сумневам. Бо, пачынаючы зь ліпеня 1941 году, Віцебск знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй, і на гэтай тэрыторыі не хадзілі савецкія манэты 42-га году выпуску. Таксама ў магілах пад Хайсами і Дрыкольлем немагчыма было сустрэць савецкі абутак і іншыя асабістыя рэчы, датаваныя гэтым годам выпуску.

Улады не паведамляюць пра колькасныя суадносіны вайсковай і цывільнай маёмасьці, знойдзенай падчас раскопак. Але факт іх звароту ў КДБ і ў архіў можа сьведчыць пра тое, што ў ямінах гэтыя суадносіны — не на карысьць вайсковага. Бо пасьля ліпеня 1941 году чэкісты ня гаспадарылі ў Віцебску і яго навакольлях, і яны наўрад ці маюць дадзеныя пра тое, што рэальна адбывалася ў віцебскіх лясох за часам вайны.

І апошняе. Пагадзіцеся, што будзе вялікі скандал, калі ўлады паважацца пахаваць парэшткі воінаў, якія загінулі ў баёх і бітвах Другой сусьветнай вайны, разам з парэшткамі цывільных асобаў, якіх пакаралі сьмерцю органы НКВД падчас палітычных рэпрэсіяў 30-40-х гадоў XX стагодзьдзя. Кожнаму сваё месца — і ў магілах, і ў памяці народнай.

Лявон Яфрэменка, Віцебская вясна

Последние новости