vicebskreg.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Витебского региона Политика

21.09.2017 19:24

80 просмотров

0 комментариев

Расійскія СМІ пра вучэнні «Захад-2017»: Лукашэнка пакрыўдзіўся?

Вайсковыя вучэнні «Захад-2017» скончыліся. Расійская тэхніка пакідае межы Беларусі. Што пісалі пра вынікі вучэнняў у Расіі? «Наша Ніва» зрабіла падборку меркаванняў.

Росбалт: Лукашэнку ўказалі яго месца?

«Расійска-беларускія вучэнні «Захад-2017» скончыліся зруйнавальнай паразай — як ўмоўнага праціўніка, так і добрых адносін Мінска з усімі суседзямі», — адзначае выданне Росбалт.

Аўтар матэрыяла Дзяніс Лаўнікевіч адзначае, што Расіі цяпер ужо зусім неабавязкова праводзіць гібрыдную акупацыю Беларусі, бо «несамастойнасць афіцыйнага Мінска і яго бездапаможнасць у вайскова-палітычным плане была прадэманстравана ўсяму свету, а адносіны з суседзямі — начыста сапсаваныя».

«Цяпер можна смела выказаць здагадку, што пасля завяршэння вучэнняў адносіны паміж Мінскам і Масквой нейкі час будуць дастаткова прахалоднымі. Расія занадта ярка прадэманстравала несамастойнасць Беларусі ў вайскова-палітычных пытаннях і яе нікчэмную значнасць у рэгіёне ў выпадку сілавога супрацьстаяння.

Зразумела, што беларускае кіраўніцтва пакрыўдзілася: выходзіць, што падчас вучэнняў Крэмль папросту выкарыстаў саюзніка як сатэліта, каб падкрэсліць уласную вайсковую сілу. Пасля гэтага, атрымліваецца, еўрапейцам проста няма пра што весці перамовы з афіцыйным Мінскам — цяпер усё выглядае так, што ад Лукашэнкі ў рэгіёне ў пытаннях бяспекі рэальна нічога не залежыць», — адзначае Росбалт.

«Баявыя сябры» рассварыліся?

Вайсковы аглядальнік Аляксандр Гольц піша: «Выснова, якая вынікае з вучэнняў «Захад-2017», заключаецца ў тым, што ніякай аб'яднанай расейска-беларускай рэгіянальнай групоўкі войскаў не існуе ў прыродзе. Бакі нават не лічаць патрэбным аператыўна дамаўляцца пра сцэнар баявых дзеянняў, які яны адпрацоўваюць».

«На працягу многіх гадоў Лукашэнка спрытна гуляў на комплексах расійскага кіраўніцтва, ніяк не жадаючага змірыцца з адсутнасцю рэальных вайсковых саюзнікаў. Ён умудрыўся атрымліваць шматмільярдныя эканамічныя бонусы ў абмен на славесныя запэўніванні у гатоўнасць ваяваць плячом да пляча з расейцамі. Але вось пасля анексіі Крыма і сакрэтнай вайны на Данбасе натаўскія батальёны разгарнуліся ў краінах Балтыі і Польшчы. Вайсковае супрацьстаянне Расіі і Паўночнаатлантычнага альянсу стала рэальнасцю. І беларускі лідар імгненна зразумеў: у гэтым выпадку вайсковыя аб'екты на тэрыторыі яго краіны ператвараюцца ў мэты першага ўдару. І неадкладна адмовіўся ад сваіх абяцанняў. Ён да бясконцасці удакладняе палажэнне аб Адзінай сістэме СПА, адхіляе любую магчымасць размяшчэння расійскай авіябазы ў Беларусі. Так што нельга выключаць, што «Захад-2017» стане пачаткам размежавання дзвюх краін у вайсковай сферы», — прагназуе Аляксандр Гольц.

Лукашэнка пакрыўдзіўся?

«Адносіны Расеі і Беларусі зноў коцяцца пад гару — перш за ўсё праз загад Пуціна, які запатрабаваў, каб беларускія вытворцы нафтапрадуктаў гандлявалі імі праз расейскія, а не прыбалтыйскія парты. Бацька, як кажуць, не на жарт пакрыўдзіўся. А убачыўшы, што тэма вучэнняў выклікае неадназначную рэакцыю на Захадзе, з якім Мінск цяпер яўна не мае намеру сварыцца, вырашыў лішні раз не «свяціцца» у кампаніі расейскага прэзыдэнта», — робіць высновы «Московскій комсомолец».

Лукашэнка манеўрамі задаволены

«Незавісімая газета» не верыць у бясхмарнасць адносін паміж Мінскам і Масквой, няглядзячы на ўсе запэўніванні Лукашэнкі.

«Разнагалоссі паміж саюзнікамі нікуды не дзеліся, нягледзячы на красавіцкае нафтагазавае перамір'е. Той факт, што назіраць за вучэннямі разам з Лукашэнкам не прыехаў нават міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу, толькі ўмацавала ў гэтым меркаванні.

Адносна рэальных прычын паасобнага ўдзелу «ў вайне» мясцовыя аналітыкі будуюць розныя версіі. Ад бяскрыўднай, што «не хацелі яшчэ больш дражніць Захад» да «асноўныя падзеі вучэнняў праходзяць зусім не ў Беларусі, а ў Расеі». Апошняя версія набывае ўсё большую папулярнасць. «Расейцы нечакана для Лукашэнкі разгарнулі значна большыя вучэнні, чым меркавалася па першапачатковым плане. Прычым расійскі бок падвярстаў да «Захаду-2017» цэлы шэраг манеўраў, вучэнняў, якія не планаваліся», — лічыць вайсковы эксперт Аляксандр Алесін. Праігнараваўшы візіт на беларускі палігон, «расейцы паказалі, хто галоўны партнёр», мяркуе эксперт».

А калі не стане абодвух?

Па звестках «Коммерсанта», яшчэ ў сераду раніцай беларускія ўлады разлічвалі, што вучэнні наведае міністр абароны Сяргей Шайгу. «Аднак праз падзеі ў сірыйскім горадзе Ідліб яму давялося свае планы перагледзець», — адзнчае выданне.

«Падабалася ўсё, што адбываецца на палігоне і Аляксандру Лукашэнку. Спадабалася б, напэўна, і Уладзіміру Пуціну, калі б ён прыехаў у Беларусь. Спадар Лукашэнка пракаментаваў яго адсутнасць на вучэннях коратка: «Калі снарад у адно месца — абодвух адразу не стане». Гэта быў, вядома, жарт: відавочна, так ён намякнуў на інцыдэнт з самаадвольным сходам ракеты з верталёта Ка-52 падчас расійскай часткі вучэнняў у Ленінградскай вобласці», — зазначае «Камерсант».

Зміцер Панкавец, https://nn.by/?c=ar&i=197812

Последние новости

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий:
  • список комментариев пуст