vicebskreg.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Витебского региона Политика

30.09.2017 08:25

91 просмотр

0 комментариев

«Чортаў тузін» фактаў пра БНФ, якія ўсе ведалі, але, магчыма, ужо забыліся

30 верасьня ў Палацы мастацтваў адбудзецца ХVIII справаздачна-выбарчы зьезд Партыі БНФ. Свабода вырашыла нагадаць гісторыю руху і партыі і сабрала 13 фактаў пра Беларускі народны фронт.

1. БНФ быў утвораны на сходзе «Мартыралёгу Беларусі» спачатку як рух

Беларускі народны фронт «Адраджэньне» быў заснаваны ўвосень 1988 году. 19 кастрычніка 1988 году ў Чырвоным касьцёле (дзе тады месьціўся Дом кіно) адбыўся ўстаноўчы сход беларускага гістарычна-асьветнага таварыства памяці ахвяраў сталінізму «Мартыралёг Беларусі». Заснавальнікамі «Мартыралёгу» выступілі Саюз пісьменьнікаў, Саюз кінэматаграфістаў, Саюз мастакоў і рэдакцыя газэты «Літаратура і мастацтва».

На загад ЦК КПБ у залю нагналі «перадавікоў вытворчасьці», «вэтэранаў». Трэба было абраць старшыню «Мартыралёгу»: ён меўся весьці сход, і ад яго залежала, ці будзе пастаўлена на галасаваньне пытаньне аб утварэньні аргкамітэту БНФ. Прагучала прапанова абраць Пазьняка. Прадстаўнік ЦК КПБ Расьціслаў Бузук спрабаваў сарваць галасаваньне, але вельмі рашуча павёў сябеВасіль Быкаў — ён проста вырваў мікрафон з рук партыйнага функцыянэра і паставіў на галасаваньне кандыдатуру Зянона Пазьняка.

На пасаду старшыні БНФ «Адраджэньне» быў абраны Зянон Пазьняк.

Архіўнае фота. Старшыня парлямэнцкай апазыцыі БНФ Зянон Пазьняк. Менск, жнівень 1991 году

2. Устаноўчы зьезд БНФ адбыўся ў выгнаньні — у Вільні

24–25 чэрвеня 1989 году ў Вільні, у выгнаньні, адбыўся Ўстаноўчы зьезд Беларускага народнага фронту, на якім прысутнічала каля 400 дэлегатаў. Правесьці зьезд у Менску не дазволіў Прэзыдыюм ВС БССР. Грошай не было, дэлегаты дабіраліся ў Вільню за свой кошт. Жыхары Вільні на заклік «Саюдзіса» (нацыянальна-вызвольнага руху Літвы ў 1980–90-х гадах) разьбіралі беларусаў на начлег па сваіх кватэрах. Лідэр «Саюдзіса» Вітаўтас Ландсбэргіс дапамог і з памяшканьнем для зьезду.

На віленскім зьезьдзе прызначылі кіроўныя органы, прынялі праграму і статут. У першым разьдзеле праграмы гаварылася пра сувэрэнітэт Беларусі, права рэспублікі на выхад з СССР; у другім разьдзеле — пра дэмакратыю і правы чалавека. У праграме таксама было патрабаваньне вярнуць гістарычную сымболіку і беларускую мову.

3. На першы мітынг на стадыёне «Дынама» сабралася 40 тысяч чалавек

Архіўнае фота. Мітынг у падтрымку БНФ на стадыёне «Дынама» ў Менску 19 лютага 1989 году Мікола Сасноўскі здымаў як летапісец

​Аргкамітэт БНФ арганізаваў 19 лютага 1989 году першы ў Беларусі шматлюдны апазыцыйны мітынг, дазволены ўладамі. Ён праходзіў на галоўнай спартовай арэне краіны — стадыёне «Дынама» пад гістарычным нацыянальным бел-чырвона-белым сьцягам і Пагоняй і сабраў каля 40 000 чалавек. Прынятая на мітынгу рэзалюцыя патрабавала скасаваць замацаваную ў Канстытуцыі кіроўную ролю камуністычнай партыі, а таксама вярнуць гістарычную сымболіку, зрабіць яе дзяржаўнай.

4. У Вярхоўным Савеце была ўтворана фракцыя БНФ

У 1990 годзе шэраг дэмакратычных кандыдатаў пры падтрымцы БНФ абіраюцца ў Вярхоўны Савет БССР — Зянон Пазьняк, Сяргей Навумчык, Валянцін Голубеў, Генадзь Грушавы, Алег Трусаў, Ігар Гермянчук, Пётра Садоўскі, Сяргей Антончык, Мікола Маркевіч, Уладзімер Заблоцкі, Аляксандар Шут, Лявонці Зданевіч, Лявон Дзейка ды іншыя. Пасьля выбараў у Вярхоўным Савеце ўтвараецца фракцыя БНФ — 27 чалавек з 345 дэпутатаў, пасьля да фракцыі далучылася яшчэ 10 чалавек.

Архіўнае фота. Парлямэнцкая апазыцыя БНФ. Паездка ў Магілёў. 1990. Зьлева направа — Зянон Пазьняк, Барыс Гюнтэр, Алег Трусаў, Валянцін Голубеў, Юры Беленькі

Дэпутаты БНФ ініцыююць прыняцьцё Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР 27 ліпеня 1990 году.

19 чэрвеня 1991 году Міністэрства юстыцыі зарэгістравала БНФ.

Нягледзячы на колькасную перавагу камуністаў у парлямэнце, пасьля паразы жнівеньскага путчу ў Маскве, 25 жніўня 1991 году дэпутатам ад БНФ удалося дамагчыся часовага прыпыненьня дзейнасьці камуністычнай партыі і абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі.

5. Партыя БНФ была ўтворана ў Купалаўскім тэатры

Тэатар імя Янкі Купалы ў Менску. Ілюстрацыйнае фота

​29–30 траўня 1993 году ў Беларускім нацыянальным драматычным тэатры імя Янкі Купалы адбыўся III зьезд БНФ «Адраджэньне». Дэлегаты зьезду падтрымалі прапанову кіраўніцтва і прагаласавалі за стварэньне Партыі БНФ.

На той час нярэдка гучалі супярэчлівыя думкі наконт таго, ці варта ствараць партыю. Адным з аргумэнтаў стала прынятае Вярхоўным Саветам 12 скліканьня новае заканадаўства аб выбарах, якое прадугледжвала права ўдзелу ў выбарах толькі для палітычных партый. Грамадзкія аб’яднаньні, арганізацыі, рухі згодна з новым заканадаўствам пазбаўляліся такога права.

Немалаважным аргумэнтам на карысьць стварэньня Партыі БНФ было існаваньне ў краіне шэрагу іншых партый — Сацыял-дэмакратычнай, Аб’яднанай дэмакратычнай.

Шмат хто зь сяброў партый, якія ўжо існавалі ці толькі ствараліся, адначасова ўваходзіў і ў грамадзкае аб’яднаньне БНФ «Адраджэньне», у тым ліку і ў кіраўнічыя органы. Ня ўлічваць гэтыя працэсы было немагчыма. Партыя ўзяла на сябе палітычныя функцыі БНФ.

6. Зьбіцьцё дэпутатаў фракцыі БНФ у Авальнай залі парлямэнту

Галадоўка дэпутатаў апазыцыі БНФ. 11 красавіка 1995 году

​У сакавіку 1995 году Аляксандар Лукашэнка выступіў з ініцыятывай правесьці рэфэрэндум. Ён прапанаваў замяніць бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня» на амаль што былыя савецкія, надаць расейскай мове статус дзяржаўнай, падтрымаць курс на эканамічную інтэграцыю з Расеяй і надаць прэзыдэнту права распускаць Вярхоўны Савет.

9 красавіка 1995 году дэпутаты апазыцыі БНФ правялі мітынг каля будынка Вярхоўнага Савету на вуліцы Карла Маркса, які прайшоў у атачэньні падразьдзяленьняў міліцыі.

Праект Пастановы ВС аб ініцыяваным Лукашэнкам рэфэрэндуме, прапанаваны дэпутатамі Апазыцыі БНФ. Сакавік 1995. З архіву С. Навумчыка

У ноч з 11 на 12 красавіка 1995 году дэпутаты апазыцыі БНФ Мікалай Аксаміт, Сяргей Антончык, Лявон Баршчэўскі, Юрась Беленькі, Ігар Гермянчук, Валянцін Голубеў, Уладзімер Заблоцкі, Барыс Гюнтэр, Лявон Дзейка, Лявонці Зданевіч, Мікалай Крыжаноўскі, Мікола Маркевіч, Віталь Малашка, Сяргей Навумчык, Зянон Пазьняк, Сяргей Папкоў, Пётра Садоўскі, Алег Трусаў і Аляксандар Шут на знак пратэсту супраць рэфэрэндуму абвясьцілі галадоўку ў будынку парлямэнту. Уначы іх жорстка зьбілі ў Авальнай залі байцы невядомага падразьдзяленьня ў чорных масках. Празь некалькі гадзін бальшыня дэпутатаў Вярхоўнага Савету прагаласавала за прапанову Лукашэнкі аб правядзеньні рэфэрэндуму.

7. У 1995 годзе ў Вярхоўны Савет 13 скліканьня ня трапіў ніводзін кандыдат ад БНФ

З прычыны нездавальняючых для БНФ вынікаў парлямэнцкіх выбараў 10 чэрвеня 1995 году на сойме БНФ падалі ў адстаўку Вінцук Вячорка — старшыня палітычнай камісіі БНФ, Уладзімер Анцулевіч — старшыня выбарчай камісіі БНФ, і Лявон Баршчэўскі — сябра палітычнай камісіі БНФ. На тым жа сойме Юры Хадыка, намесьнік старшыні БНФ, прапанаваў разьдзяліць партыю і рух. На думку Хадыкі, партыя павінна была мець большую свабоду дзеяньняў, актыўна супрацоўнічаць зь іншымі дэмакратычнымі партыямі. Ён дапускаў, што партыя і рух могуць мець розных лідэраў і што партыя нават можа зьмяніць назву. Вінцук Вячорка яго падтрымаў, выказаўшы меркаваньне, што БНФ павінен заставацца носьбітам нацыянальнай ідэі як грамадзкі рух, а партыя павінна стаць выяўна палітычнай сілай з кансэрватыўнай ідэалёгіяй. Гэтыя прапановы не падтрымаў лідэр фронту Зянон Пазьняк, і ўрэшце іх не прынялі. Рознасьць поглядаў у кіраўніцтве БНФ, якая яскрава выявілася на тым сойме, урэшце прывяла да расколу фронту.

Архіўнае фота. Падчас зьезду БНФ. Дом літаратараў. Зьлева направа: Сяргей Навумчык, Уладзімер Арлоў, Лявон Дзейка, Рыгор Барадулін, Васіль Быкаў, Лявон Баршчэўскі, Мікалай Крыжаноўскі. 1995 год

8. У 1996 годзе лідэр БНФ Зянон Пазьняк эміграваў зь Беларусі

У 1996 годзе старшыня БНФ Зянон Пазьняк быў вымушаны зьехаць з краіны, бо, на ягоную думку, у Беларусі існавала рэальная пагроза жыцьцю. Пры гэтым намінальна Пазьняк заставаўся кіраўніком БНФ, а на пасаду выканаўцы абавязкаў старшыні ў Беларусі быў прызначаны Лявон Баршчэўскі.

У наступныя некалькі гадоў рознасьць поглядаў кіраўнікоў БНФ перарастае ў сапраўдны канфлікт паміж «палітыкамі сумленьня», якія любы кампраміс лічылі за здраду, і «палітыкамі адказнасьці», якія гатовыя да пэўных кампрамісаў зь іншымі апазыцыйнымі сіламі.

9. БНФ і альтэрнатыўныя прэзыдэнцкія выбары 1999 году

Архіўнае фота. Акцыя апазыцыі ў Менску, 1999 год

​Канфлікт у партыі БНФ дасягнуў свайго апагею падчас і пасьля альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбараў 16 траўня 1999 году. Кандыдатамі ў прэзыдэнты на гэтых выбарах былі Зянон Пазьняк і Міхаіл Чыгір, а разгалінаваная рэгіянальная структура БНФ выкарыстоўвалася для стварэньня выбарчых камісіяў на месцах.

Арганізаваць паўнавартасныя дэмакратычныя выбары ва ўмовах дыктатуры было немагчыма. Фактычна гэта была своеасаблівая мабілізацыйная акцыя, акцыя грамадзкага непадпарадкаваньня, якая павінна была паказаць, што вялікая колькасьць грамадзянаў не падтрымлівае і ня лічыць легітымнай уладу Лукашэнкі.

Выбары канчаткова страцілі сэнс пасьля таго, як Пазьняк зьняў сваю кандыдатуру з прычыны «шматлікіх парушэньняў» з боку кіраўніка Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктара Ганчара цягам падрыхтоўкі выбараў і ў самім іх працэсе. Частка лідэраў БНФ рэзка крытыкавала гэтае рашэньне, другая частка падтрымала яго і заклікала сяброў выбарчых камісій — БНФаўцаў выходзіць зь іх складу і сабатаваць працу. БНФ апынуўся на мяжы расколу. Дарэчы, пераможцам тых выбараў тады абвясьцілі Зянона Пазьняка.

10. Раскол на БНФ і КХП-БНФ

31 ліпеня 1999 году адбыўся VI зьезд БНФ «Адраджэньне», пасьля якога Сойм БНФ і Сойм партыі БНФ прынялі рэзалюцыю аб недапушчальнасьці расколу і прызначылі на 30–31 кастрычніка другую сэсію зьезду (зьезд партыі БНФ тады так і не пачаўся).

Вінцук Вячорка, архіўнае фота

​У сьнежні 1999 году зьезд Партыі БНФ абірае старшынём Вінцука Вячорку.Частка дэлегатаў на чале зь Зянонам Пазьняком утвараюць сваю Кансэрватыўна-хрысьціянскую партыю — КХП-БНФ. Паколькі Зянон Пазьняк жыў у эміграцыі — у Польшчы і ЗША, то ў Беларусі кіраваў партыяй КХП-БНФ Юрась Беленькі.

Вінцук Вячорка быў старшынём партыі БНФ «Адраджэньне» з 1999 да 2007 году.

11. У змаганьні за пасаду старшыні паміж Вінцуком Вячоркам і Алесем Міхалевічам перамог Лявон Баршчэўскі

Лявон Баршчэўскі. Архіўнае фота 2008 году

​7–8 сьнежня 2007 году адбыўся Х зьезд партыі БНФ. На пасаду кіраўніка партыі былі вылучаныя Вінцук Вячорка, Віктар Івашкевіч і Алесь Міхалевіч. Вынікі першага туру галасаваньня: Вінцук Вячорка — 107 галасоў, Алесь Міхалевіч — 104, Віктар Івашкевіч — 26. У другім туры Вінцук Вячорка набраў 118, Алесь Міхалевіч — 110 галасоў. Вячорку для перамогі не хапіла ўсяго чатырох галасоў — паводле статуту партыі пераможцам лічыцца кандыдат, які набраў 50% плюс адзін голас. На гэтым зьезьдзе перамогу прынёс бы вынік у 122 галасы.

На наступны дзень зьезду сваю кандыдатуру на пасаду старшыні вылучыў Лявон Баршчэўскі. Яго падтрымалі аднагалосна. Адбылася зьмена кіраўніцтва, але не на карысьць малодшага пакаленьня. Партыю ўзначаліў, які пісалі тады СМІ, «палітычны цяжкавагавік, які мае вялікі грамадзкі аўтарытэт і ў той жа час дасьведчаны ў апаратных гульнях».

12. «Маладыя ваўкі ўсё ж такі зьелі зуброў»

5 верасьня 2009 году на ХІІ справаздачна-выбарчым зьезьдзе старшынём партыі БНФ быў абраны 33-гадовы Аляксей Янукевіч.

Каманда Лявона Баршчэўскага прапаноўвала ў абавязковым парадку ўключыць пытаньне аб вызначэньні адзінага кандыдата на прэзыдэнты на выбары 2010 году ад Партыі БНФ. Моладзь, паплечнікі Аляксея Янукевіча настойвалі на тым, што кандыдата ад партыі пакуль вызначаць заўчасна. У выніку галасаваньня быў зацьверджаны парадак дня, які прапанаваў Аляксей Янукевіч.

На выбарах кіраўніка партыі за Лявона Баршчэўскага прагаласавалі 144 дэлегаты, Аляксей Янукевіч атрымаў 174 галасы.

Лявон Баршчэўскі (зьлева) і Аляксей Янукевіч на зьезьдзе БНФ 5 верасьня 2009 году

«Маладыя ваўкі ўсё ж такі зьелі зуброў», — шапталіся пазьней у кулюарах тыя, хто прайграў...

Лявон Баршчэўскі тут жа выйшаў са складу Сойма Партыі БНФ, абгрунтаваўшы сваё рашэньне тым, што яго не падтрымаў зьезд. Былы намесьнік Лявона Баршчэўскага, экс-старшыня партыі Вінцук Вячорка выказаўся яшчэ больш рэзка: «Адбыўся рэйдэрскі захоп кіраўніцтва Партыі БНФ».

11 кастрычніка 2014 году Янукевіч быў пераабраны старшынём партыі БНФ на другі тэрмін.

13. Сёлета на пасаду старшыні партыі БНФ прэтэндуюць 5 кандыдатаў

Паводле зьменаў у статуце партыі Аляксей Янукевіч ужо ня можа абірацца кіраўніком партыі трэці раз запар. На крэсла і партфэль старшыні прэтэндуюць цяпер 5 кандыдатаў:

Ільля Дабратвор, 36 гадоў. Па адукацыі псыхоляг. Працаваў сацыяльным пэдагогам, прадпрымальнікам. Шматдзетны бацька — мае пяцёра дзяцей.

Ільля Дабратвор

Вольга Дамаскіна, 43 гады. Была супрацоўніцай Полацкага гісторыка-культурнага музэю-запаведніка, там зь ёй не працягнулі кантракт. Працуе адміністратарам у салёне прыгажосьці ў Наваполацку.

Вольга Дамаскіна

Рыгор Кастусёў, 60 гадоў. Быў кандыдатам ад партыі БНФ на прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году. Працаваў дырэктарам саўгаса, будаўнічых кампаній, галоўным мэханікам ПМК, а таксама на кіроўных пасадах сфэры ЖКГ.

Рыгор Кастусёў

Ігар Лялькоў, 46 гадоў. Скончыў гістфак БДУ, вучыўся ў Сарбонскім унівэрсытэце (Францыя) і Цэнтры ўсходнеэўрапейскіх дасьледаваньняў Варшаўскага ўнівэрсытэту (Польшча). Працаваў у Дзяржаўным камітэце па архівах і справаводзтве. Намесьнік старшыні БНФ.

Ігар Лялькоў

Алесь Таўстыка, 44 гады. Скончыў Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію. Быў адным зь лідэраў прадпрымальніцкага руху, летась спрабаваў ачоліць рух «За Свабоду», за яго прагаласавалі толькі два чалавекі.

Алесь Таўстыка

Последние новости

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий:
  • список комментариев пуст