vicebskreg.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Витебского региона Политика

09.01.2018 08:22

77 просмотров

0 комментариев

Як заможную гаспадарку «Заронава» давялі да ручкі

Хто давёў квітнеючую вёску Заронава да стану гібення, развалу, а ўнікальнае Заронаўскае возера, знакамітае некалі судаком, ракамі, да стану зліўной канавы, вядома кожнаму.

Імя гэтай пачвары - улада.

У яе шмат імёнаў адначасова: гэта і ўладальнік шматлікіх рэзідэнцый, і тыя, хто раз’язджае па дарогах на службовых аўто і па-за працоўнага часу чэша сабе пуза па саўнах і дамах адпачынку, і тыя, хто надуваюць шчокі ў кабінетах і на ўсе твае запыты крычыць: “А якая вам справа, …, да смеццепераапрацоўчага камбіната, да паліклінікі, да дарог, да маршрутаў, Палаца шлюбаў, да сабору, да….??!?”

У Заронава адна дзейсная дэпутатка нават пакпіла. Маўляў, няма чаго з сябе тут строіць, з вамі тут размаўляць ніхто не будзе…

Памылілася. З намі размаўлялі ўсе, да каго звярталіся.



Алена Янушкоўская падчас збору подпісаў за вылучэнне ў кандыдаты дэпутатаў і Заронаўскага сельсавета, і Віцебскага раённага начулася ад заронаўцаў пра праблемы, і прыехалі мы, каб асвятліць іх ужо ў СМІ і пытанні перад тымі, хто там дуе шчокі, паставіць рубам.

Людзі паказваюць нам дарогі, па якіх у сучаснае надвор’е ледзь магчыма праехаць. Вядуць да возера, бо сэрца больш за ўсё баліць менавіта за яго. Пад самае возера вядзе асфальтаваная дарога, рэшткі яе выступаюць з-пад наваротаў зямлі.



- У вас тут вучэнні “Захад 2017” праходзілі?

- Ды не, -смяюцца. - Трубы вадаправоду мянялі..

- ???

- Ну дык, як паразрывалі, пабурылі, прысыпалі, так і закінулі.

Гразюка непралазная… але неяк прабіраемся ад дамка да дамка.



- Прыехала сюды ў 60-х. Ой, якая ж вёска была! Які ж саўгас багаценны! У кожнай вёсцы - ферма, школы, дзяцей, моладзі багата. А зараз што? Вось дажываю… Так, дом неблагі быццам. Калісьці саўгас будаваў, прыватызавалі потым. А ад возера вільгаць. Каб не ацяпленне, грыбок даўно б з’еў. Сына ў армію выправіла. Высокі быў, прыгожы. А з арміі вярнуўся зусім хворы, сям’і сваёй няма, якая сям’я, як сам такі хворы. А дачка нарадзіла дзяўчынку - інвалід 2 групы. Так і жывем вось разам. А вады гарачай няма, бо не працуе кацельня, ды й, кажуць, хутка і ацяплення не будзе, бо ўжо ў Заронава нічога не будзе: саўгас разарыўся, працы няма, людзі дамы кідаюць, з’язджаюць адсюль. Пенсія ў мяне 250 рублёў. 50 гадоў адпрацавала. Людзі на той ферме, што яшчэ засталася, па 150 рублёў зарабляюць, а вось дырэктар, што прыслалі банкруцтва афармляць, 2700, да…



- Я сюды прыязджаю толькі на адпачынак, працую вахтай на поўдні Расеі. А тут бачыце што? Ну памянялі вы трубы, дык любую працу ж з розумам трэба выконваць! Нармалёвая была дарога, чыстая, асфальт. А зараз што? А сэнс які ў гэтым вадаправодзе? Во, паглядзіце якая вада. Толькі і вартая, каб машыну памыць…- чалавек дэманструе нам бутлю з іржавай вадой. - І гэта ўжо суткі адстойвалася…



Дарэчы, і смецце з Заронава не вывозіцца месяцамі. Куды глядзяць дзяржаўныя службы экалогіі?

- Паглядзіце, што робіцца! Раней ўся каналізацыя была цэнтралізаваная, сыходзіла ў адстойнікі, а зараз там нічога не працуе – усё ў возера цячэ. Тут жа ні ўзімку, ні ўлетку немагчыма. Лёд на возеры з лайна… а водар які, уяўляеце?

Уяўляем. Як у тым пад’ездзе, дзе невядомая пачвара прысела.



Ды ад невядомай пачвары куча лайна ў адным пад’ездзе. А тут загадзілі сваёй “мудрай” працай краіну, зруйнавалі ўсё добрае, што было, па-гаспадарску своечасова не адрамантавалі, не ачысцілі, не…

А трымаюцца за ўладу ўсімі кіпцюрамі, зубамі.

Не пра вас яна, улада, якая прызваная клапаціцца пра людзей, іх дабрабыт, іх пакой. Не пра вас! За перыяд з 1994 па сённяшні дзень – “нездв.” вам выпісваюць людзі.

Нам жа, хрысціянскім дэмакратам, справа ёсць да ўсяго. І пакою вам, любіцелі ўлады, не будзе!

Тацяна Севярынец.

Последние новости

Комментарии посетителей

Имя: не обязательно
E-mail: не обязательно
Комментарий:
  • список комментариев пуст