vicebskreg.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Витебского региона Политика

09.01.2019 13:31

340 просмотров

0 комментариев

Калі пераможа клоун

Як будзе выглядаць Украіна, калі на сакавіцкіх выбарах прэзідэнта перамогу атрымае комік Уладзімір Зяленскі.

Зяленскі ў фільме «Слуга народа»

У ноч на 1 студзеня папулярны артыст «95 квартала» Уладзімір Зяленскі ў навагоднім віншаванні заявіў, што балатуецца ў прэзідэнты Украіны. «Цяпер у краіне такая сітуацыя, калі ў кожнага ўкраінца ёсць тры шляхі: першы шлях — жыць, як жывеш, плыць па цячэнню. І гэта нармальна, гэта — выбар кожнага. Другі: сабраць свае рэчы і з’ехаць у іншую краіну, зарабляць там грошы і дасылаць сваім сваякам і родным. І гэта таксама нармальна. Але ёсць яшчэ і трэці шлях: паспрабаваць самому нешта змяніць. І я для сябе абраў менавіта яго», — сказаў артыст у выступе, які ўзарваў украінскі палітыкум і грамадства.

Паводле некаторых сацыёлагаў, тая прамова пад ялінкай дадала Зяленскаму адразу пяць працэнтаў у рэйтынгах. Колькасць украінцаў, якія запісаліся ў валанцёры яго выбарчага штабу, за адзін дзень перасягнула лічбу ў сто тысяч чалавек. Зяленскі ўжо пачынае дыхаць у спіну Юліі Цімашэнка, якая доўгі час лічылася фаварытам. Калі артыст пройдзе ў другі тур, ён, маючы практычна нулявы адмоўны рэйтынг, здольны перамагчы кожнага палітыка-канкурэнта.

Цікава, што Зяленскі стаў адным з лідараў гонкі, не маючы нават шаблона выбарчай праграмы, не ўкладаючы грошы ў сваю рэкламу. Праграму і паблісіці яму замяняе зроблены на базе яго шоў серыял «Слуга народа». Выпадковыя фактары склаліся так, што герой серыяла Васіль Галабародзька (яго ролю выконвае сам Зяленскі) перамагае на прэзідэнцкіх выбарах і спрабуе праводзіць свой палітычны курс.

Таму ў выпадку прыходу Зяленскага на Банкавую (адрас офіса ўкраінскага гаранта), ад яго чакаюць прыкладна таго ж, што робіць на экране Галабародзька. А менавіта бязлітаснай барацьбы са старой карумпаванай элітай. У адным з эпізодаў Васіль нават ва ўпор расстрэльвае ўвесь дэпутацкі корпус падчас пасяджэння Вярхоўнай Рады. У бязлітасным змаганні з карупцыянерамі Васілю дапамагае каманда, якую ён сабраў з простых людзей — экспертаў у розных галінах. Акрамя таго, Галабародзька сімпатычны ўкраінцам праз свой сціплы лад жыцця. У серыяле ён адмаўляецца ад рэзідэнцыі на карысць звычайнай кватэры, дзе таксама жывуць родныя гаранта.

Ці тэхнічна магчыма перанесці віртуальную мадэль палітыка ў цяперашнюю украінскую рэальнасць? Наўрад ці ў такую перспектыву вераць нават самыя вялікія аматары артыста. У тым ліку таму, што ў серыяле не агучваецца адна з найбольш актуальных для Украіны тэмаў — тэма вайны і міру. Акрамя таго, калі ўглядзецца ў змест серыялу, Васіль Галабародзька не такі ўжо і архіпазітыўны герой. Па ходзе сюжэту ён выключна рэфлексуе наконт недахопаў, не прапануючы грамадству сістэмную канструктыўную альтэрнатыву.

Скепсіс наконт таго, што з Зяленскага атрымаецца клон Галабародзькі, узмацняе і фактар Каламойскага. Алігарх Ігар Каламойскі, на канале «1+1» якога выходзіць шоў «Квартал 95», патэнцыйна можа маніпуліраваць кандыдатам. Пры такім сцэнары прэзідэнцтва Зяленскага будзе мець сумны фінал. Відавочна, што алігарх нашпігуе фракцыю партыі «Слугі народу» і міністэрствы публікай, якая звычайна ідзе ў палітыку, каб «піліць» бюджэт або лабіраваць свой бізнес. Зяленскаму ў гэтай схеме дастанецца месца назіральніка. Не выключаюць нават таго, што Каламойскі за салідную суму ад Парашэнкі можа запатрабаваць ад Зяленскага зняць сваю кандыдатуру.

Яшчэ больш сумны малюнак Украіны ў выпадку перамогі Зяленскага прапануюць прыхільнікі Парашэнкі. Так, лаяльны прэзідэнту мэр Дняпра Барыс Філатаў выдаў наступны прагноз: «Ператрусы, арышты, эміграцыя, вайна, замахі... Па вялікім рахунку, фактычна будзе разбуранае старое жыццё». Праўда, філатаўскі прагноз падаецца вельмі эмацыйным і ангажаваным. Складаецца ўражанне, што ў Парашэнкі не чакалі ад Зяленскага такога фурору. Інакш бы Парашэнкаўскія медыя не пачалі так моцна «мачыць» артыста. Напрыклад, яму прыгадалі, што яго герой у серыяле амаль не размаўляе на ўкраінскай мове. Зяленскага вінавацяць нават у тым, што сваёй балаціроўкай ён... дыскрэдытуе інстытут прэзідэнцтва

Так ці інакш, галасуючы за Зяленскага, выбаршчык сапраўды абірае ката ў меху. Міжволі даводзіцца пагадзіцца з папулярным у інтэрнэце жартам: «Пасля перамогі Зяленскага ва Украіне будзе не цырк, а шоў „Квартал-95“».

Чаму ў такім выпадку рэйтынгі Зяленскага б’юць рэкорды? Феномен тлумачаць перш за ўсё запытам на новы твар. Коміку таксама ўдалося акумуляваць пратэстны электарат. Сваю ролю адыгрывае і талент артыста. «Вельмі эмацыянальны і выразны заклік „Ідіть у ср**у “ рэзаніруе з народнымі спадзяваннямі. Прычым Уладзімір Зяленскі менавіта той кандыдат, які слова „ср**а“ будзе казаць публічна і не моршчыцца», — піша адзін з блогераў. Дарэчы, пачуццё гумару і артыстызм можа дапамагчы кандыдату-арысту не дапусціць лініі разломаў у сваім лагеры па праграмных момантах. Замест таго, каб агучваць сваю праграму, ён можа троліць праграмы апанентаў, ператвараючы кампанію ў шоў.

Зяленскі запусціў флэшмоб з хэштэгам #ідітьусраку #challenge / Кадр з відэа

Так ці інакш, перамога Зяленскага, і нават добры вынік яго кампаніі забівае апошні цвік ва ўкраінскі палітычны працэс, які быў заснаваны на прынцыпе канкурэнцыі праграм і ідэалогій. Забаўна, але некаторыя праціўнікі Зяленскага менавіта таму гатовыя за яго галасаваць. Адзін з іх піша ў сеціве: «Недзе ў глыбіні душы хочацца, каб комік Уладзімір Зяленскі стаў прэзідэнтам Украіны. Тады б украінцы адчулі, як іх зноў абвялі вакол пальца алігархі, і пачалі шукаць альтэрнатыву».

Аднак ці не будзе тая альтэрнатыва дзяжурным шоў артыста з палітычнымі амбіцыямі? Адказу на гэта пытанне, на жаль, няма.

https://novychas.by

Последние новости