vicebskreg.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Витебского региона Политика

10.09.2019 07:55

72 просмотра

0 комментариев

У Віцебску прайшла сустрэча з Паўлам Севярынцам

У нядзелю 8 верасьня ў Віцебску адбылася сустрэча з палітыкам Паўлам Севярынцам. Лідэр Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі акрэсьліў палітычную сытуацыю ў краіне, расказаў пра стасункі ўнутры дэмакратычнага руху ды прэзэнтаваў свае творчыя набыткі.

Пра незалежнасьць. “Ідзе гандаль”

Прыгадаўшы, што якраз на гэты дзень прыпадае 505-я гадавіна бітвы пад Воршай, Павал Севярынец падкрэсьліў, што тэма незалежнасьці Беларусі стаіць цяпер гэтак жа востра, як і тады, калі нашыя продкі здолелі разьбіць большае па колькасьці войска агрэсара з усходу.

Як сказаў Севырынец, сытуацыя вымагае сур’ёзных дзеяньняў. Разьлічваць на Лукашэнку не даводзіцца. Масква цісьне. Ідзе гандаль.

“Прыпыніць і спыніць згубу беларускай незалежнасьці могуць толькі дзьве сілы: Гасподзь Бог і беларускі народ, – упэўнены лідэр БХД.

Падчас сустрэчы ў "Эўрапейскім клюбе"

“Калі стане вядома пра нейкія сур’ёзныя зрухі ў пляне незалежнасьці альбо пра здачу Беларусі Расеі, трэба будзе выходзіць на плошчу і стаяць, пакуль не павернуць назад. Гэта самы горшы сцэнар. І хацелася б яго пазьбегнуць, – дадаў Севярынец.

Палітык зазначыў, што, хутчэй за ўсё, будзе цяжка: беларуская нацыянальная сьвядомасьць мусіць сасьпець да адпору агрэсару, але пэўныя групы супраціву ўжо ёсьць.

Пра перапіс і мову

Зьвярнуў увагу Павал Севярынец і на кампанію перапісу, вынікі якой шчыльна зьвязаныя з незалежнасьцю.

“Галоўнае пытаньне – гэта пытаньне мовы! Пачынаючы з 1989 году кожныя дзесяць гадоў зьмяншалася колькасьць людзей, якія называлі беларускую мову сваёй роднай. Калі трыццаць адсоткаў назавуць мову роднаю – гэта будзе важны аргумэнт”, – мяркуе палітык.

Пра пахаваньне парэшткаў Каліноўскага

Севярынец паведаміў, што пахаваньне знойдзеных парэшткаў Кастуся Каліноўскага мае адбыцца ў лістападзе на віленскіх могілках Росы ў адмысловай капліцы. Літоўцы зьбіраюцца запрасіць на ўрачыстасьць беларусаў, палякаў ды ўкраінцаў. Хто паедзе ад Беларусі з афіцыйных асобаў, пакуль не вядома. Затое вядома, што некалькі тысяч беларусаў зьбіраюцца далучыцца да гэтай знакавай падзеі.

У Літве разумеюць, што Каліноўскі – беларускі нацыянальны герой. Некалькі ўплывовых літоўцаў былі гатовыя нават аддаць частку ягоных парэшткаў беларусам. На жаль, ані дзяржава, ані рэлігійныя арганізацыі не падтрымалі гэтую ідэю…

Пра Курапаты. “Беларусы цярпець зьдзек зь сябе ня будуць”

“У Курапатах людзі стаяць ужо год і тры месяцы. Гэта пэўны датчык, які паказвае грамадзтву, беларусам, Расеі, што беларусы проста так цярпець зьдзек зь сябе ня будуць. Гэта самая доўгая бестэрміновая акцыя ў найноўшай гісторыі Беларусі, – падкрэсьліў Павал Севярынец.

Ён мяркуе, што, калі беларусы гатовыя стаяць столькі часу супраць нейкай рэстарацыі, то за сваю незалежнасьць змагацца яны будуць абавязкова. Важна і тое, што 60 адсоткаў тых, хто стаіць у Курапатах, прыяжджаюць туды з правінцыі.

Пра выбары. “Фальсыфікуецца большасьць бюлетэняў”

“Выбараў у Беларусі няма. Фальсыфікуецца абсалютная большасьць бюлетэняў. Рэдкія сельсаветы і ўчастковыя камісіі лічаць рэальныя галасы”, – заявіў Севярынец.

Разам з тым, як патлумачыў палітык, Беларуская хрысьціянская дэмакратыя прыняла агульную правацэнтрысцкую плятформу і не зьбіраецца дзяліць людзей на тых, хто ўдзельнічае ў кампаніі і хто “ігнорыць” яе. БХД імкнецца скарыстацца магчымасьцю, каб распавесьці людзям, што выбары – фальсыфікацыя, але ёсьць і дэмакратычная альтэрнатыва.

Да таго ж, электаральная кампанія, як лічыць Севярынец, мусіць палітызаваць насельніцтва перад прэзыдэнцкай кампаніяй 2020 году, падчас якой магчымыя пэўныя варыянты. Але для гэтага патрэбны грамадзкі ўздым.

На пачатку наступнага году ў дэмакратычным асяродку мусяць пачацца чатырохмесячныя праймэрыз. І ўжо ёсьць тры прэтэндэнты на ролю адзінага кандыдата ад дэмсілаў: Мікалай Казлоў (АГП), Юрась Губарэвіч (Рух “За Свабоду”) і Павал Севярынец (БХД).

Як заўжды, пісьменьнік Павал Севярынец прывёз у Віцебск багата кніжак. Сярод іх – “Люблю Беларусь”, “Каменнае сэрца”, “Беларусалім” ды іншыя. Пасьля прэзэнтацыі многія скарысталіся магчымасьцю набыць кнігу і атрымаць аўтограф аўтара.

https://vitebskspring.org

Последние новости