vicebskreg.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Витебского региона Политика

09.10.2019 17:09

67 просмотров

0 комментариев

У белнэце набірае моц рух супраць паглыбленьня інтэграцыі з Расеяй

Грамадзкая кампанія «Канстытуцыя.бел» хоча не дапусьціць падпісаньня дакумэнтаў аб «паглыбленай інтэграцыі» з Расеяй. Яе ініцыятары кажуць, што для Беларусі гэта будзе частковая страта сувэрэнітэту. Хто стаіць за кампаніяй і як яны зьбіраюцца дзейнічаць?

«Засталося роўна два месяцы», — пішуць у акаўнтах сацсетак актывісты кампаніі «Канстытуцыя.бел», маючы на ўвазе падпісаньне «дарожных мапаў» па інтэграцыі з Расеяй 8 сьнежня. Што ў гэтых «дарожных мапах», чыноўнікі ня кажуць. З інфармацыі пра падпісаньне такіх інтэграцыйных дакумэнтаў пачалася грамадзкая кампанія, якая ўжо аб’яднала, па словах ініцыятараў, да 5 тысяч чалавек. Іх мэта — не дапусьціць паглыбленай інтэграцыі з Расеяй.

«Падставаў назіраць за гэтым спакойна няма»

З афіцыйных заяваў вынікае, што пагроза сувэрэнітэту рэальная. Пра гэта Свабодзе кажа адзін з актывістаў кампаніі «Канстытуцыя.бел», палітоляг Андрэй Ягораў.

Андрэй Ягораў

«Калі мы гаворым, што ў пэрспэктыве году будуць агульныя падатковы і грамадзянскі кодэксы, то гэта пазбаўляе Беларусь значнай часткі сувэрэнітэту. А гэта мінімум, які мы ведаем з гэтых дамоваў. На працягу гэтага часу ўрад Беларусі адмаўляецца паказваць тэкст падпісаных зь Мядзьведзевым парафіраваных дакумэнтаў, на ўсе звароты адказваюць адмовай. Пра тры дзясяткі дарожных мапаў, якія распрацоўваюцца, ня кажацца нічога. Падставаў назіраць за гэтым спакойна няма».

Пакуль кампанія займаецца інфармаваньнем у гарадзкіх чатах, пабліках «УКантакце». Пра гэта расказвае Андрэй Ягораў.

«Звычайна ўсе кампаніі абмяжоўваюцца вузкім колам, якое сочыць за палітычным жыцьцём краіны. А пытаньне незалежнасьці тычыцца ўсіх. Таму мы хочам данесьці да шырокага грамадзтва тое, што адбываецца. Мы ідзем да жыхароў умоўнага Мазыра ці Бабруйску і ўздымаем пытаньне сувэрэнітэту ў гарадзкіх чатах і пабліках. І трэба сказаць, што людзі нэгатыўна рэагуюць на магчымасьць страты незалежнасьці. Людзей гэта нэрвуе. Бо няма адэкватнай інфармацыйнай палітыкі з боку дзяржавы», — кажа Андрэй Ягораў.

Кампанія мае сайт, празь які людзі могуць запісацца і атрымліваць на пошту сьвежыя навіны ад актывістаў ці самі ўзяць удзел у кампаніі.

Калі сытуацыя «таемнай змовы» не перастане існаваць, ініцыятары кампаніі гатовыя да больш рашучых дзеяньняў. Што гэта можа быць, па словах Андрэя Ягорава, канкрэтных плянаў пакуль няма. Але гэта могуць быць і вулічныя акцыі, і пэрформансы.

Хто запусьціў кампанію

Ініцыятар кампаніі — Сяргей Чыслаў (Бульба), стваральнік арганізацыі «Белы легіён», якая ўжо не існуе. Таксама сярод актывістаў філёзаф Уладзімер Мацкевіч, настаўніца Ганна Севярынец, праваабаронца Міхась Мацкевіч. Да кампаніі далучаюцца музыкі, літаратары, сацыёлягі, гісторыкі.

«Шмат людзей далучыліся валянтэрскім чынам, яны ствараюць візуальны кантэнт, відэа, тэкставы кантэнт. Калі палічыць актыўных удзельнікаў, якія далучыліся да старонак, да вэб-плятформы, то гэта каля 4–5 тысячаў. А інфармацыйны ахоп значна большы», — кажа Андрэй Ягораў.

Актывісты кампаніі падрыхтавалі скаргу ў Савет Міністраў, бо Мінэканомікі не публікуе тэкст падпісаных «дарожных мапаў» па інтэграцыі. У плянах — падаць пазоў у суд на Мінэканомікі.

Як рэагуе ўлада

Пакуль адрасных заяваў ад чыноўнікаў наконт гэтай грамадзкай кампаніі не было. Але, паводле Ягорава, чыноўнікі зьвярталіся да іх асабіста.

«Нефармальныя сустрэчы зь людзьмі з афіцыйнага боку былі. Людзі, якія мелі дачыненьне да „дарожных мапаў“, распавядалі, што адбываецца. Былі намёкі, што кампанія заўважаная і што ўлады назіраюць. Але гэта ня сталая камунікацыя, вядома. Гэта проста людзі, якія маюць сымпатыі да кампаніі. Пакуль што пагрозьлівых нейкіх сыгналаў мы не атрымлівалі».

«Адкрытай нэгатыўнай рэакцыі ад людзей няма»

За час працы кампаніі ў сацыяльных сетках, у пабліках розных гарадоў актывісты кажуць толькі пра асобныя выпадкі адкрыта прарасейскай агрэсіі. Гэта «некалькі чалавек» на адзін гарадзкі паблік «УКантакце».

Што да фінансаваньня кампаніі, то пакуль яна існуе выключна за кошт валянтэрскай працы. Арганізатары кажуць што «не патрацілі ні капейкі», але ў будучым ня выключана, што абвесьцяць краўдфандынг.

https://www.svaboda.org/a/30205926.html?fbclid=IwAR1q9StjxL8NlRilEKC0JwVYx4HDJ7BUxcxanz4lNI_rBQzXk9aU73syzfM

Последние новости