30 кастрычніка 1942 года ў раёне вёсак Піхцяі-Сямак фашыстамі быў збіты самалёт. Лётчыку, намесніку камандзіра авіяэскадрыллі 133-га знішчальнага палка 266-й штурмавой авіядывізіі, лейтэнанту Куляшу Юрыю Цімафеевічу удалося пасадзіць падбіты самалёт. Юрый Цімафеевіч знішчыў сакрэтны пакет, але ў ходзе перастрэлкі з фашыстамі быў забіты. Яму тады было 26 гадоў.
Жыхары вёскі Піхцяі пахавалі лётчыка-знішчальніка на сваіх вясковых могілках. Ужо пасля вайны на яго магіле працаўнікі саўгаса імя Героя Савецкага Саюза Анатоля Яфімавіча Вуглоўскага ўсталявалі помнік. Старажылы памятаюць, што пакланіцца праху мужа-героя прыязджала яго жонка – Марыя Георгіеўна Кулеш. Яна і прывезла з сабой фатаздымак мужа, з якога і быў зроблены медальён.
Ініцыятыўная група Вымнянскага сельсавета на працягу некалькіх гадоў звяртае ўвагу ўладаў Віцебскага раёна на неабходнасць пашпартызацыі дадзенага пахавання і наданне яму належнага выгляду, аднак воз і цяпер там ...
Азначанае пахаванне ў цяперашні час ні за кім не замацаванае. Яго ніхто не рамантуе і не добраўпарадкоўвае.
Аднак паводле пункта 5 "Распараджэння Віцебскага раённага выканаўчага камітэта № 106р" ад 3 красавіка 2018 года сельскія выканаўчыя камітэты абавязаныя ажыццяўляць пастаянны кантроль за станам воінскіх пахаванняў на тэрыторыі раёна. Пасаду старшыні Вымнянскага сельвыканкама ў цяперашні час займае Рымароў Іван Валянцінавіч.
Згодна дадатку №1 названага дакумента адказнай службовай асобай, замацаваным за воінскімі пахаваннямі на тэрыторыі Вымнянская сельсавета, прызначаны старшыня Віцебскага раённага Савета дэпутатаў – Дарожкін Віктар Васільевіч.
Ну, што тут скажаш. Ёсць асобы абавязаныя ажыццяўляць кантроль за станам воінскіх пахаванняў, ёсць адказныя службовыя асобы, а вось стан вайсковага пахавання (паводле фота) далёкі ад ідэальнага ...
Якаў Дрозд.