vicebskreg.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Витебского региона Политика

09.01.2020 14:54

69 просмотров

0 комментариев

Тацяну Севярынец аштрафавалі на 1620 рублёў за ўдзел у менскіх акцыях

Суд Першамайскага раёну Віцебску разгледзеў 9 студзеня дзьве адміністрацыйныя справы, распачатыя супраць актывісткі Тацяны Севярынец за ўдзел у акцыях ў Менску 20 і 21 сьнежня. Нягледзячы на тое, што самой актывісткі на паседжаньні не было, суд прызнаў яе вінаватай у правапарушэньні паводле арт. 23.34 і аштрафаваў на 60 базавых велічынь (па 30 б.в за кожную акцыю).

Справы ў дачыненьні Тацяны Севярынец разглядаў судзьдзя Міхаіл Юрчанка.

Паводле адміністрацыйных пратаколаў, якія былі складзеныя 26 сьнежня, Севярынец сваімі дзеяньнямі парушала парадак арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў (ч.1 арт. 23.34 КаАП). Сама актывістка ў суд не прыйшла, таму на разгляд кожнай справы спатрэбілася ўсяго па 5 хвілінаў.

«Выкрыквала лёзунг «Жыве Беларусь!»

Былі агучаныя пратаколы і рапарты, якія тычыліся акцыі 20 сьнежня. Зь іх вынікала, што Тацяна Севярынец «у пэрыяд часу 18.00-18.40 знаходзілася на Кастрычніцкай плошчы гораду Менску і брала актыўны ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, накіраванай супраць інтэграцыі Расіі і Беларусі, выкрыквала лёзунг «Жыве Беларусь!» Паводле матэрыялаў справы, у актывісткі быў на шыі бел-чырвона-белы шалік.

За ўдзел у акцыі 20 сьнежня судзьдзя пастанавіў аштрафаваць актывістку на 30 базавых велічынь (810 рублёў).

Матэрыялы па другой справе былі складзеныя на падставе паказаньняў сьведкаў — міліцыянтаў Шайко і Івашкі.

Судзьдзя прачытаў таксама заяву актывісткі, дзе яна выказала нязгоду з тым, што супраць яе вядзецца адміністрацыйны працэс і прасіла яго спыніць. На думку Севярынец, яна нічога не парушала, а толькі рэалізоўвала свае правы, якія ёй гарантуюцца Канстытуцыяй і Пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах.

За ўдзел у другой акцыі судзьдзя таксама аштрафаваў актывістку на 30 б.в. Такім чынам, Тацяна Севярынец за ўдзел у двух масавых мерапрыемствах пакараная штрафамі на агульную суму 1620 рублёў.

Рашэньні Першамайскага суду актывістка можа абскардзіць у аблсудзе.

Уладзімер Бяляўскі/

https://vitebskspring.org

Последние новости