vicebskreg.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Витебского региона Политика

13.02.2020 12:50

125 просмотров

0 комментариев

Блогер Алесь Круткін асуджаны на чарговыя 15 сутак — ён абвясьціў галадоўку

У судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску 12 лютага разгледзелі справу полацкага блогера Алеся Круткіна і віцебскай актывісткі Натальлі Сьпірыдонавай. Іх судзілі за расклейку ўлётак «Калгаснай дыктатуры баста!», але іхныя дзеяньні кваліфікавалі як несанкцыянаванае пікетаваньне (арт. 23.34 КаАП). Круткін асуджаны на 15 сутак, Сьпірыдонава — аштрафаваная на 30 базавых велічынь.

Алесь Круткін і Натальля Сьпірыдонава былі затрыманыя 27 студзеня ў цэнтры Віцебску за расклейку налепак «Калгаснай дыктатуры Баста!». За налепку на будынку аблпракуратуры пратакол на актывістаў склалі ў Кастрычніцкім РАУС, за падобную ж налепку на адміністрацыйным будынку віцебскага ДБК — у Першамайскім РАУС. Менавіта таму 12 лютага над актывістамі меліся адбыцца адразу два працэсы — у судах Кастрычніцкага і Першамайскага раёнаў Віцебску.

Пратаколы перапісваліся тройчы

Адміністрацыйныя пратаколы перапісваліся міліцыянтамі тройчы. Напачатку Круткіна і Сьпірыдонаву вінавацілі ў дробным хуліганстве (арт. 17.1 КаАП), потым іх дзеяньні былі перакваліфікаваныя ў «парушэньне правілаў добраўпарадкаваньня і ўтрыманьня населеных пунктаў (ч.2 арт. 21.14 КаАП). У рэшце рэшт іх абвінавацілі ў парушэньні парадку арганізацыі альбо правядзеньня масавых мерапрыемстваў — паводле арт. 23.34 КаАП.

Судзьдзя суду Кастрычніцкага раёну Ільля Белавус палічыў, што, разьмясьціўшы на будынку абласной пракуратуры налепку памерам 14×10 см з надпісам «Калгаснай дыктатуры Баста!», актывісты зладзілі несанкцыянаванае пікетаваньне, і пастанавіў пакараць Алеся Круткіна 15 суткамі адміністрацыйнага арышту, а Натальлю Сьпірыдонаву — штрафам у памеры 30 базавых велічынь.

Для Алеся Круткіна гэта другія запар 15 сутак арышту. У суд Кастрычніцкага раёну яго прывезьлі з віцебскага ІЧУ, дзе ён адбываў 15-суткавы арышт за ўдзел у сьнежанскіх акцыях «супраць інтэграцыі» ў Менску.

Працэс у судзе Першамайскага раёну перанесьлі на 13 лютага

Адразу пасьля працэсу ў Кастрычніцкім судзе міліцыянты адвезьлі Круткіна ў суд Першамайскага раёну, дзе разглядалася адміністрацыйная справа за другую налепку (на будынку домабудаўнічага камбінату).

На пачатку паседжаньня Алесь Круткін у знак пратэсту абвясьціў галадоўку на ўвесь тэрмін арышту. Падчас судовага працэсу блогер прачытаў у зале суду вершы, напісаныя ў ІЧУ. Прысутныя сустрэлі іх воплескамі.

Аднак разгледзець яшчэ адну справу, распачатую ў дачыненьні Круткіна і Сьпірыдонавай, да канца працоўнага дня судзьдзя Алена Протас не пасьпела і абвясьціла перапынак да 09.00 наступнага дня. Працяг — 13 лютага.

У абласным судзе не задаволілі тры скаргі

Адзначым таксама, што ў гэты ж дзень, 12 лютага, у Віцебскім абласным суда разглядаліся тры скаргі актывістаў, якія бралі ўдзел у пікеце за незалежнасьць 29 сьнежня на плошчы Перамогі ў Віцебску. Аляксандар Якушкоў (скаргу разглядала судзьдзя Смалякова), Алена Янушкоўская (судзьдзя Іванова) і Юры Мазкоў (судзьдзя Баруноў) так і не змаглі аспрэчыць рашэньні суду Чыгуначнага раёну Віцебску. Усе скаргі засталіся без задавальненьня.

Уладзімер Бяляўскі

https://vitebskspring.org

Последние новости