vicebskreg.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Витебского региона Политика

24.03.2020 21:01

86 просмотров

0 комментариев

Шчыгельскі аб Лукашэнку: «Ён не ўспрымае адэкватна сытуацыю ў краіне»

Псыхіятар Дзьмітры Шчыгельскі, які ў 2001 годзе паводле сваіх нефармальных назіраньняў паставіў дыягназ «мазаічная псыхапатыя» Аляксандру Лукашэнку, зьвярнуўся да беларускіх урадоўцаў у сувязі з пандэміяй каранавіруснай інфэкцыі. Паводле Шчыгельскага, кіраўнік Беларусі не ацэньвае адэкватна сытуацыю ў Беларусі і небясьпеку, зьвязаную з пашырэньнем вірусу.


«Я зьвяртаюся да прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусі і ўсіх чальцоў кабінэту міністраў. Хоць вы ўсе — вынік 25-гадовай сэлекцыі, закліканай не дапусьціць зьяўленьня ў краіне іншага палітыка, акрамя Лукашэнкі, але ў вас ёсьць сваякі, у тым ліку ў сталым узросьце. Таму для вас, як і для ўсяго народу нашай краіны, надыходзіць момант ісьціны: альбо вы знойдзеце ў сабе мужнасьць прызнаць, што грамадзянін Лукашэнка А. Р. страціў здольнасьць выконваць абавязкі прэзыдэнта ў сувязі з трывалай няздольнасьцю па стане здароўя, альбо станеце саўдзельнікамі экспэрымэнту над насельніцтвам Рэспублікі Беларусі. У нас з вамі адна краіна і адзін народ, і таму перад абліччам усеагульнай пагрозы нам варта забыцца пра палітычныя рознагалосьсі і старыя крыўды», — піша ў фэйсбуку Шчыгельскі, які жыве ў ЗША.

Дзьмітры Шчыгельскі

У размове са Свабодай Шчыгельскі падкрэсьлівае, што зьвяртаецца не да кіраўніка Беларусі, а да беларускага чынавенства.

— Я атрымаў шмат водгукаў на свой заклік у фэйсбуку. Людзі пішуць: няўжо я думаю, што нашае чынавенства можа нешта зрабіць? Я ня ведаю, якое ў нас чынавенства, але я ведаю, што калі ўзьнікае пагроза для краіны, для дзяржавы, для людзей асабіста, самае дрэннае чынавенства можа нешта рабіць. Узгадайце пра спробу забіць Гітлера, ці як Бэрыю адхіляла савецкае чынавенства, якое таксама не вылучалася неймавернымі маральнымі якасьцямі, але калі яны адчувалі пагрозу, яны гэта рабілі.

Я кантактую з пэўнымі сваімі сябрамі ў Беларусі, зьвязанымі з мэдыцынай, і магу сказаць, што там ёсьць дастаткова эпідэміёлягаў, вірусолягаў, інфэкцыяністаў. Яны маюць неабходныя веды і кампэтэнцыю, каб прымаць рашэньні. Такія пытаньні, як проціэпідэмічныя мерапрыемствы, не вырашаюцца ані рэфэрэндумам, ані галасаваньнем, ані пэтыцыямі. Гэтыя пытаньні павінны вырашаць беларускія спэцыялісты на месцы, магчыма, у кансультацыях з кітайцамі і з Сусьветнай арганізацыяй здароўя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітычны дыягназ доктара Шчыгельскага

Дзьмітры Шчыгельскі згадвае нараду ў кіраўніка Беларусі з ўдзелам вірусолягаў і эпідэміёлягаў, на якой Лукашэнка назваў пандэмію каранавірусу «псыхозам». Псыхіятар найперш зьвяртае ўвагу на этычныя моманты.

— Глядзіце, што адбываецца ўва ўсім сьвеце. Мэдыкам, якія рызыкуюць сваім жыцьцём, людзі апладуюць, выказваюць ім павагу і ўдзячнасьць. А калі Лукашэнка, які дакладна нічога не разумее ў гэтым, пачынае чытаць ім у сутнасьці лекцыю, гэта неймаверна абразьліва для тых жа спэцыялістаў, якія сядзяць і слухаюць. З другога боку, яны залежаць і ад дзяржавы, і ад Лукашэнкі, і ад палітычнай сыстэмы. Пасьля такіх выступаў пра псыхоз, трактар, гарэлку, лазьню чакаць, што яны змогуць свабодна выказвацца, вельмі наіўна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Псыхіятар Шчыгельскі: «Ня ўсё толькі дрэннае зьвязана з Лукашэнкам»

Шчыгельскі спасылаецца на свае непасрэдныя кантакты зь людзьмі ў Беларусі, якія «маюць дачыненьне да прыняцьця рашэньняў».

— Ня буду называць прозьвішчы, але там гучыць як мантра: паніка, паніка, паніка, усё гэта робіцца, каб не было панікі. Я не разумею, якая можа быць паніка з прычыны каранавірусу. На фронце я разумею паніку. Батальён уцёк, пэўная частка фронту засталася без магчымасьці абараняцца. У Нью-Ёрку, дзе поўна інфармацыі пра пандэмію, таксама людзі беглі ў крамы купляць туалетную паперу і прадукты. Купілі, супакоіліся, селі па дамах. Перасталі хадзіць на канцэрты, у рэстараны, не наведваюць вялікіх крамаў, трэнажэрных заляў. Гэта ж цудоўна... Яшчэ да забароны нейкая частка насельніцтва стала прымаць прафіляктычныя захады. Я ня бачу, што тут дрэннага. Мне кажуць: ты разумееш, што ў Беларусі вельмі слабая эканоміка, і калі мы ўвядзем карантын зараз, то эканоміка рухне, народ выйдзе на вуліцы, будзе Майдан, прыйдуць расейцы і канец незалежнасьці. Мне здаецца, гэтую ідэю мэтанакіравана распаўсюджваюць з адміністрацыі прэзыдэнта.

Пры прыняцьці рашэньняў па супрацьэпідэмічных мерапрыемствах карыстаюцца эканамічнай лёгікай, а мэдычная прымаецца да увагі. «На нармальны карантын у дзяржавы нема рэсурсаў», кажуць. Па маіх дадзеных спрабуюць рабіць матэматычны аналіз, але вірус новы, наколькі прагноз і мадэль будуць працаваць і дадуць магчымасьць кантраляваць хуткасьць распаўсюджваньня захворваньня, ніхто дакладна ня ведае.

Добра, вы ня ўводзіце карантын, пасьля у вас выбухне, як у Італіі, тады ўзьнікне паніка, народ ламанецца празь мяжу ў тую ж Расею. Расея скажа, што абараняе свае інтарэсы, і будзе мець рацыю. І ўвядзе сюды войска, толькі не БТРы і танкі, а прыедуць машыны з чырвонымі крыжамі, мэдычная служба ўзброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі. І ў такім выпадку будзе задаволены ўвесь сьвет, і ніхто не ўзгадае пра беларускую незалежнасьць і ўсё астатняе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Псыхіятар, які ставіў дыягназ Лукашэнку, расказвае пра свой досьвед на вайне ва Ўкраіне

У сваім звароце псыхіятар Дзьмітры Шчыельскі згадвае дыягназ, які завочна паставіў кіраўніку Беларусі амаль 20 гадоў таму.

— Мне здаецца, што вельмі даўно ён не ўспрымае адэкватна сытуацыю ў краіне. Гэта відаць з усяго, ня толькі з сытуацыі з каранавірусам. Гэта відаць апошнія 20 гадоў. Ніводны псыхіятар Беларусі са мной не спрачаўся і не сказаў мне, што я памыліўся. Ён не ўспрымае сытуацыю адэкватна, ён вышэйшы за Бога, ён лепей за эпідэміёлягаў ведае, што бясьпечна, што небясьпечна. Ён — паўсюль.

Доктар Шчыгельскі кажа, што ня мае адказу на пытаньне, ці здольныя беларускія спэцыялісты, урадоўцы самастойна прыняць патрэбныя рашэньні ў сувязі з пандэміяй, кшталту карантыну ці ўвядзеньня надзвычайнага становічша, як было зроблена ў іншых краінах.

— Ніхто ня ведае. Гэта паталягічная сытуацыя. Зьвяртацца да народу і казаць пра тое, што ў нас адбываецца, павінны вядучыя беларускія эпідэміёлягі, вірусолягі, інфэкцыяністы. Лукашэнка апошнія 25 гадоў хлусіць, і нават калі ён скажа праўду, хто яму паверыць? Усе рашэньні прымае Лукашэнка. Яму цяжка прызнацца, што ён памыліўся, недаацаніў небясьпеку, бо ён лепш за ўсіх ведае ўсё — і як бульбу перабіраць, і як з каранавірусам змагацца. Наколькі гэтыя людзі могуць прымаць рашэньні, я ня ведаю. Уражаньне такое, што частка чынавенства, зьвязаная з сыстэмай адукацыі і сыстэмай аховы здароўя, спрабуе паўлегальна зрабіць тое, што яны могуць. У Беларусі ёсьць спэцыялісты, у якіх ёсьць кампэтэнцыя і інструмэнты. Цяпер і ў Нью-Ёрку няма ўсяго і так, як хацелася б. Гэта немагчыма пры эпідэмічнай сытуацыі. Але трэба камунікаваць з народам і даваць адказы. Тады будзе нармальнае разуменьне таго, што гэта адказная палітыка, а не палітыка, заснаваная на нейкіх дзіцячых і псыхапаталягічных комплексах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

КІРАЎНІК ПСЫХІЯТРЫЧНАЙ АСАЦЫЯЦЫІ БЕЛАРУСІ ЗАЯВІЎ, ШТО ПСЫХАПАТЫЯ НЕ ПЕРАШКАДЖАЕ ЗАЙМАЦЬ ВЫСОКУЮ ПАСАДУ

Дзьмітрый Шчыгельскі згадвае, як ў 2015 годзе пяць месяцаў ваяваў на Данбасе на баку Ўкраіны, і праводзіць пэўныя паралелі.

— На Данбасе было не такое насельніцтва, як у іншых частках Украіны, яны страцілі сваю палітычную суб’ектнасьць. Мы не цікавімся палітыкай, мы ў гэта ня лезем, мы жывем сваім прыватным жыцьцём, мы не жадаем разьбірацца ў гатунках дзярма (так яны кажуць пра палітыку), і пасьля, калі пачынаецца крызіс, іх лёгка і спакойна выкарыстоўваюць. Бо яны не суб’ект, а аб’ект. І гэта мне нагадвае сытуацыю ў Беларусі. Насельніцтва больш за 20 гадоў кажа, што ня будзе лезьці ў палітыку, ня будзе нічога рабіць, бо нецікава, бо небясьпечна. І зараз праз гэтую пандэмію за кошт адмовы ад суб’ектнасьці значнай часткі насельніцтва зьнешняя ці ўнутраная сіла можа зрабіць вас аб’ектам. А аб’ект ня можа вырашаць, што, як і навошта, ён ня можа ўплываць ні на што, ён можа толькі быць полем для небясьпечнага экспэрымэнту.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

«Памяркоўна выяўленая мазаічная псыхапатыя зь перавагаю рысаў паранаідальнага і дысацыяльнага разладаў асобы» — такі вэрдыкт вынес у 2001 годзе доктар Шчыгельскі ў артыкуле «Гісторыя хваробы Аляксандра Лукашэнкі» ў газэце «Наша свабода», пасьля чаго быў вымушаны сьпешна зьeхаць з краіны і прасіць прытулку ў ЗША. Цяпер Шчыгельскі жыве ў Нью-Ёрку і, сярод іншага, займаецца грамадзка-палітычнай дзейнасьцю — узначальвае грамадзкую арганізацыю «Беларусы ў выгнаньні». У 2015 годзе езьдзіў на Данбас добраахвотнікам. У 2017 годзе Шчыгельскі прыяжджаў у Беларусь, быў у камандзе амэрыканскага беларуса Юрася Зянковіча, які зьбіраўся вылучацца на прэзыдэнта.

Ганна Соўсь, Радыё Свабода

Последние новости