vicebskreg.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Витебского региона Политика

14.05.2020 08:28

100 просмотров

0 комментариев

Роля сродкаў індывідуальнай абароны ў падтрыманні дэмакратыі

Моцная дзяржава — гэта наша ўсё. Як тут ні прыгадаць «ліхія 90-я», калі ўлада літаральна валялася ў брудзе. Але беларусам пашанцавала: сярод лясоў і балот знайшлася ўнікальная асоба, якая здолела аб’яднаць вакол сябе пераважную частку грамадства і паказаць простыя і ясныя шляхі развіцця.

Нашы суседзі на Поўначы і Захадзе гэтай прастаты і яснасці не ацанілі. Яны пайшлі не ад жыцця, а ад абстрактных лагічных пабудоў — і ў выніку сёння маюць тое, што маюць. Але і беларусы ў накладзе не засталіся. Тыя з землякоў, хто здолеў атрымаць шэнгенскую візу, да нядаўняга часу мелі магчымасць на свае вочы назіраць сумныя наступствы няслушнага стратэгічнага выбару сваіх суседзяў, а заадно — купляць разнастайныя тавары.

Каб шопінг канчаткова не спустошыў паліцы еўрапейскіх супер- і гіпермаркетаў, родная моцная дзяржава вымушана перыядычна рабіць больш жорсткім указ «Аб перамяшчэнні праз мытную мяжу Мытнага саюза ў Рэспубліцы Беларусь тавараў для асабістага карыстання». Чарговае ўзмацненне жорсткасці было апублікавана 14 красавіка. Рэкамендую азнаёміцца з ім, каб не наклікаць на сваю галаву непрыемнасцяў пасля заканчэння пандэміі.

Каронавірус, здавалася б, паставіў крыж на магчымасці суайчыннікаў любавацца культурнай і эканамічнай дэградацыяй неразумных еўрапейцаў. Але не варта адчайвацца. Эпідэміі прыходзяць і сыходзяць, а дэградацыя, выкліканая адмовай ад будаўніцтва моцнай дзяржавы, — працэс перманентны (ад лацінскага «permanens» — «заставацца»). На яе яшчэ нашы дзеці і ўнукі могуць атрымаць асалоду ўдосталь наглядзецца.

Высвятляць, на чыім баку праўда ў спрэчцы прыхільнікаў і праціўнікаў моцнай дзяржавы — справа няўдзячная. Усё залежыць ад культурнага кантэксту, што і было наглядна прадэманстравана на прыкладзе поспехаў/няўдач у барацьбе з распаўсюджваннем каронавіруса.

У Беларусі рэгулярна спасылаюцца на досвед Швецыі, якая адмовілася ад жорсткага каранціну. Між тым, адсутнасць патрабаванняў з боку дзяржавы не азначае, што шведы працягваюць жыць дакаронавірусным жыццём. Для таго, каб захоўваць сацыяльную дыстанцыю і выконваць іншыя патрабаванні гігіены, ім цалкам хапае рэкамендацый спецыялістаў у інтэрнэце.

Сёння ўменне знаходзіць у сусветным павуцінні карысную інфармацыю і адрознівае людзей сучасных ад архаікаў, для якіх інтэрнэт — толькі інфармацыйная памыйніца, перапоўненая фэйкамі.

Непераканаўчая статыстыка

Вопыт ліберальнай Швецыі, безумоўна, цікавы беларускім уладам, якія вырашылі і ў бараць­бе з каронавірусам ісці сваім шляхам, але было б дзіўна, калі б дзяржаўная прапаганда не звярнулася да вопыту Кітая. Як жа без яго, як жа без міфа пра перавагі ў крызісных сітуацыях цэнтралізаванай улады над уладай дэмакратычнай?

Аднак я б не рэкамендаваў захапляцца вопытам кітайскіх таварышаў. З’яўленне першага кластара пнеўманіі з невядомай этыялогіяй лекары Уханя зафіксавалі 21 снежня, а ўжо праз 4 дні яны атрымалі пераканаўчыя доказы, што вірус перадаецца ад чалавека да чалавека. Але для таго, каб прызнаць гэты медыцынскі факт, моцнай кітайскай дзяржаве спатрэбілася 45 дзён!

Усвядоміўшы небяспеку, кітайскія таварышы заблакавалі любыя перамяшчэнні з Уханя ва ўнутраныя раёны краіны, але не адмянілі замежныя авіярэйсы. У выніку дзясяткі тысяч чалавек вылецелі толькі ў ЗША ўжо пасля таго, як у горадзе быў уведзены каранцін. Ці не спрычыніўся такі выбарачны падыход кітайцаў да ператварэння Нью-Ёрка ў галоўны ачаг эпідэміі, у той час як Пекін чаша гэтая абмінула?

На сайце ўніверсітэта Джона Хопкінса колькасць інфікаваных у Кітаі практычна не расце, а Расія, якая саступае Паднябеснай у дзесяць разоў па колькасці насельніцтва, штодня дадае па 9 тысяч інфікаваных каронавірусам.

Аднак да любой статыстыкі, якая тычыцца распаўсюджвання каронавіруса, варта ставіцца без фанатызму, а да кітайскай — тым больш. Актуальнасць гэтай высновы ўзрасла шматкроць пасля таго, як кітайскія таварышы афіцыйна прызналі, што не ўлічвалі тых, хто дэманстраваў сімптомы захворвання пры наяўнасці станоўчых тэстаў. Такім чынам, яны заніжалі колькасць інфікаваных у 4–5 разоў!

Тым не менш поспехі ў барацьбе з распаўсюджваннем каронавіруса ўнутры Кітая, безумоўна, маюцца. Але і ў суседніх краінах яны значныя. Напрыклад, у В’етнаме і ў Рэспубліцы Карэя. Дык, можа, справа не ў сіле ўлады, а ў культуры народаў Паўднёва-Усходняй Азіі?

Шчыра і прыгожа

Для тых, хто сумняваецца ў здольнасці дэмакратый мабілізаваць насельніцтва ва ўмовах крызісаў, я прывяду цытату з мемуараў асабістага архітэктара Гітлера, рэйхсміністра ўзбраенняў і боепрыпасаў Альберта Шпеера: «Татальная мабілізацыя рабочай сілы ў дэмакратычнай Англіі і досыць нядбайнае стаўленне да вырашэння гэтай праблемы ў Германіі сведчылі пра тое, што, як ні дзіўна, менавіта аўтарытарны рэжым імкнуўся прыцягнуць на свой бок сімпатыі народа. Боязь выклікаць незадаволенасць народных масаў прымушала марнаваць на вытворчасць тавараў народнага спажывання, выплаты дапамогаў удзельнікам вайны і кампенсацыі жанчынам, якія страцілі ў заробку праз сыход мужоў на фронт, значна больш сродкаў, чым выдаткоўвалі ўрады дэмакратычных дзяржаў».

Гітлер, у адрозненне ад Англіі, так і не адважыўся ўвесці ў Германіі працоўную павіннасць для жанчын. Яго нясмелая спроба ў 1942 годзе сустрэла жорсткі супраціў з боку гаўлейтараў, і фюрэр быў вымушаны адступіць.

Знаёмая сітуацыя, пагадзіцеся. Адштурхнуся ад прымаўкі «вайна вайной, а абед згодна з раскладам» — і адважуся прапанаваць яе злёгку абноўлены варыянт: «эпідэмія эпідэміяй, а так званыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць у абумоўленыя заканадаўствам тэрміны». Тым больш, што наш галоўны спецыяліст па правядзенні выбарчых кампаній, старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына пра бяспеку чальцоў выбарчых камісій ужо паклапацілася. Дам ёй слова: «Усё будзе залежаць ад абстаноўкі (з каронавірусам), калі сітуацыя будзе складаная, то чальцам выбарчых камісій выдадуць сродкі індывідуальнай абароны — маскі і пальчаткі. А можа, адзенем празрыстыя ахоўныя шчыткі».

І яшчэ адно такое ж выдатнае выказванне: «З пункту гледжання тэхнічных момантаў выбарчая кампанія ў складаных эпідэмічных умовах не будзе асаблівай — бо заканадаўства не змянялася».

Ды ніхто і не сумняваецца ў тым, што каронавірус не зможа паўплываць на ход і вынікі выбараў. Яны пройдуць як заўсёды — гэта значыць сумленна і прыгожа. Не адаб’ецца псіхоз, раздзьмуты недзяржаўнымі СМІ, і на яўцы. Яна ў нас з 1996 года жыве сваім жыццём і практычна ні ад якіх знешніх і ўнутраных псіхозаў не залежыць.

На сустрэчных курсах

Але які б узровень прафесіяналізму ні дэманстраваў беларускі ЦВК, заўвага былога рэйхсміністра ўзбраенняў і боепрыпасаў наконт імкнення аўтарытарных рэжымаў прыцягваць «на свой бок сімпатыі народа» актуальнасці не страціла.

У год галоўнай электаральнай кампаніі ў Беларусі традыцыйна працягвае расці сярэдні заробак. Ні нафтагазавыя разборкі з Расіяй, старт якім быў дадзены ў снежні 2018 года, ні падзенне знешняга попыту на традыцыйныя беларускія тавары з-за каронавіруса не ў стане спыніць атракцыён нечуванай сацыяльнай шчодрасці.

Згодна з апошняй інфармацыяй ад Белстата, намінальная налічаная сярэдняя заработная плата работнікаў у сакавіку склала 1213,6 рубля, што на 93,8 рубля або 8% больш, чым у лютым.

ВУП зніжаецца, а заробак расце. Як доўга будзе працягвацца гэты рух на сустрэчных курсах і чым усё скончыцца? Тым, хто яшчэ памятае, чым абярнулася аналагічная шчодрасць у 2010 годзе, спадзяюся, не трэба падказваць адказы.

Ці ёсць шанец збочыць з пратаптанай за чвэрць стагоддзя дарожкі? Выключна тэарэтычны, не больш. Калі гадамі прапаганда пераконвала, што адзіны палітык (АП) лепш за ўсіх разумнікаў, разам узятых, ведае, як забяспечыць развіццё краіны, — прызнанне памылак можа падвесці рысу пад яго палітычнай кар’ерай. Пры гэтым неабходна памятаць кіраўнічую аксіёму: «Той, хто імкнецца ўсім кіраваць, вымушаны за ўсё адказваць».

Пра яе існаванне АП ведае, і нагадаў гэта свайму атачэнню 21 красавіка падчас рабочай паездкі ў Бабруйск: «Я, напэўна, залішне бяру на сябе адказнасць. Я на сябе ўвесь гэты груз усклаў. <...> Укладзі я адказнасць, не ўкладзі, вы ж усё роўна з мяне спытаеце. Такая практыка ў нас ужо ў краіне…» На жаль, «такая практыка» так ні разу і не была рэалізаваная на практыцы. Таму безадказнасць — адна з базавых характарыстык беларускай мадэлі, што стала асабліва прыкметна ва ўмовах крызісу.

Последние новости