vicebskreg.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Витебского региона Политика

18.05.2020 18:07

100 просмотров

0 комментариев

«Ідэальны» кандыдат па-беларуску

Віктар Марціновіч на budzma.by разважае пра чаканні беларусаў на сёлетніх прэзідэнцкіх выбарах.

Дзіву даешся, як не хапае дзесяцімільённай краіне хаця б якой аналітыкі бягучага моманту. Куды падзеліся ўсе тыя, чыёй работай ёсць рабіць высновы, шырэйшыя за прадказанне «зарэгіструюць/не зарэгіструюць»? Хіба мы будзем і надалей існаваць у рэжыме дзівацкіх версіяў у ТГ і абсмоктвання дураты, якую паказалі па тэлебачанні?

Зазначу: мяне цікавіць не палітыка.

Мяне цікавяць беларусы.

Мы з вамі.

І з гэтага пункту гледжання пра гэтыя выбары, яшчэ да таго як яны пачаліся, можна зрабіць шмат цікавых высноваў.

Першае, што мяне вельмі ўражвае, — той факт, што галоўным героем беларускай публічнай сферы за апошні тыдзень зрабілася асоба чалавека, што кіраваў рускім банкам, прычым не проста рускім банкам, а «Белгазпрамбанкам». Бабарыка ўжо зрабіўся самым папулярным сапернікам улады за ўсю гісторыю з 1994 года па колькасці запісаных да яго паплечнікаў (10 101), яго група падыходзіць блізка да заяўленай колькасці ініцыятыўнай групы Лукашэнкі. Людзі — у тым ліку людзі з Фэйсбука — тысячамі запісваюцца да яго.

І гэта тыя самыя людзі, якія 10 гадоў таму папракалі Някляева, што за «Гавары праўду» стаяла Масква.

Дык вось, глядзіце які парадокс: нацыянальны паэт, аўтар беларускамоўных вершаў, якія вызначалі беларускую самасць, быў «дрэнны», «прарасійскі» кандыдат, а просты кіраўнік «Белгазпрамбанка» — файны, ідэальны.

Чым гэта можа тлумачыцца?

Тым, што «Белгазпрамбанк» вяртаў страчаныя культурніцкія каштоўнасці?

Тым, што Бабарыка «легалізаваў» у Беларусі Шагала (за гэта ад мяне яму асабісты рэспект)?

Ці тым, што маштабы крызісу ў краіне цяпер такія, што пратэстныя настроі пераважаюць над меркаваннямі геапалітыкі і небяспекай страты суверэнітэту?

Далей: відавочна, што пры ўсім гэтым і Бабарыка, і Цапкала — не самыя зацятыя крытыкі рэжыму. Іхныя словы абцякальныя, часам у сваіх інтэрв’ю яны нагадваюць кіраўнікоў выканкамаў, якія дазволілі сабе крышачку перагнуць палку ў адказе на даведзеныя цэнтрам паказчыкі надояў. І вось гэты падыход канае. А радыкальны падыход Статкевіча — не.

Што тут спрацоўвае? Выхаваная беларуская баязлівасць звязвацца з людзьмі, якія — відавочна — пасля выбараў зробяцца ахвярамі зваротнай хвалі (быццам той хваляй не накрые абсалютна ўсіх кандыдатаў, як было ў 2010-м)?

Ці, можа, ва ўяўленні большасці кандыдат кшталту Зяленскага ці Навальнага — малады, борзды, які «тыкае» саперніку, — недастаткова сур’ёзны? Недастаткова рэспектабельны? Недастаткова ўлада?

І, такім чынам, хто б і на якіх выбарах у Беларусі ні кідаў выклік наяўнаму парадку — ён мусіць карыстацца куртуазнай мовай палаца, а не мегафоннай мовай плошчы?

Далей: выглядае, што «былы функцыянер» кшталту Чыгіра, Домаша, Саннікава, Казуліна ці тым больш «актыўны апазіцыянер» кшталту Лябедзькі, Статкевіча ці таго ж Саннікава ў 2010-м — у вачах патэнцыйных выбаршчыкаў менш цікавы варыянт, чым банкір ці (як у выпадку з Цапкалам і ПВТ) чалавек, здольны зарабляць грошы.

У гэтым сэнсе беларусы, дарэчы, блізкія літоўцам, чый дзейны прэзідэнт Гітанас Наўседа быў галоўным эканамістам SEB-банка, а папярэдні прэзідэнт, Даля Грыбаўскайтэ, да прыходу на пасаду працавала камісарам ЕС па бюджэце і фінансавым планаванні.

Цікавы дадатак — мова: чалавек, што «парваў» выбарцаў яшчэ да старту кампаніі, не толькі прадстаўляе «Белгазпрамбанк», але і размаўляе рускай. Што б тут сказаў Зянон?

Нарэшце: ступень медыятызаванасці цяпер такая, што пра ўваход у кампанію можна абвяшчаць проста праз Фэйсбук. На дадзеным этапе гэтага хапіла, каб трапіць на топавыя пазіцыі ва ўсе галоўныя медыя, каб набраць велізарную колькасць прыхільнікаў, каб скалануць сацыяльную прастору. Відавочна, тыя, хто ладзіў апазіцыйныя «праймерыз», каб прыцягнуць хаця б якую ўвагу да палітычнай альтэрнатывы, трохі перамудрылі.

Такім чынам, вось ён, партрэт чаканняў беларусаў у 2020 годзе: рускамоўны кіраўнік рускага банка, звязанага з «Газпрамам», што мякка ўпікае цяперашні рэжым. Выглядае, меў рацыю Юры Дракахруст: «Расія ў галаве», і без выразных сімпатый да Масквы і сімвалічнай належнасці да «рускага свету» тут немагчыма адбыцца ні ў музыцы, ні ў палітыцы. Альтэрнатывы — паўпадпольная кар’ера Вольскага ці траекторыя Пазняка.

Усё вышэй напісанае, дарэчы, ёсць і адказам на пытанне «зарэгіструюць ці не зарэгіструюць».

Я вельмі здзіўлюся, калі кандыдат з такой электаральнай дынамікай будзе дапушчаны ў бюлетэні.

То, магчыма, вышэй акрэсленыя высновы пра беларусаў — самае каштоўнае, што можна зрабіць з падзеяў апошняга тыдня.

Віктар Марціновіч, budzma.by

Последние новости